ЗША абвясьцілі аб увядзеньні новых санкцый супраць іранскіх кампаній і канкрэтных грамадзян, зьвязаных з праграмай Тэгерану па стварэньні балістычных ракет. Напярэдадні былі адмененыя санкцыі супраць Ірана, мэтай якіх было прымусіць Тэгеран адмовіцца ад яго ядзерных распрацовак.
Як заявіла Міністэрства фінансаў ЗША, новыя санкцыі ўведзеныя супраць грамадзянаў Ірану і кампаній, якія базуюцца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Кітаі.
У сьнежаньскім дакладзе ААН паведамлялася, што рэалізаваны Іранам у кастрычніку 2015 запуск балістычнай ракеты сярэдняга радыюсу дзеяньня быў парушэньнем забароны на запускі ракет, здольных несьці ядзерныя зарады. Агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на «інфармаваныя крыніцы», што прэзыдэнт ЗША Барак Абама больш за два тыдні адкладваў ўвядзеньне санкцый, у сувязі з праведзенымі «напружанымі перамовамі» аб вызваленьні пяцёх амэрыканскіх зьняволеных.