Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта патрэбен такі «старэйшы брат»?


 Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Апошнія падзеі ў сьвеце, асабліва землятрус на нафтавым рынку, ствараюць новую сытуацыю для ўсіх краін. Прычым, хутчэй за ўсё, падзеньне коштаў нафты — гэта доўгатэрміновы трэнд. Вось міністар эканамічнага разьвіцьця РФ Аляксей Улюкаеў заявіў, што нізкія цэны на нафту могуць трымацца дзесяцігодзьдзямі. Пры гэтым, паводле ягоных слоў, кошт барэля нафты бліжэйшым часам можа ўпасьці да 15–20 даляраў. Усё гэта ў значнай ступені разбурае ранейшую геапалітычную ролю Расеі як «энэргетычнай імпэрыі», мяняе яе ролю і вагу на постсавецкай прасторы. Больш за тое, бяру на сябе сьмеласьць сьцьвярджаць, што падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту разбурае ўсю парадыгму беларуска-расейскай інтэграцыі.

Падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту разбурае ўсю парадыгму беларуска-расейскай інтэграцыі.

Вынесем за дужкі сацыякультурныя чыньнікі саюзу Беларусі і Расеі («блізкія народы», «агульная гісторыя», «у адных акопах гнілі») і паглядзім на ўзаемаадносіны хаўрусьнікаў з рацыянальнага гледзішча. Ідэя беларуска-расейскай інтэграцыі яшчэ з 1990-х гадоў грунтавалася найперш на тым, што бяздонны расейскі рынак — галоўны спажывец прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. Доўгі час менавіта так і было, што дазволіла выжыць прамысловасьці Беларусі.

Але цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася. Пасьля падзеньня ўсясьветных цэнаў на энэргарэсурсы расейскі рынак скурчыўся. Гэтаму спадарожнічала вялізная дэвальвацыя расейскага рубля, уступленьне РФ ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, што прывяло да зьяўленьня там больш таннай і якаснай прадукцыі замежных вытворцаў. У выніку за студзень-лістапад 2015 году агульны экспарт Беларусі скараціўся на 27%, а экспарт у Расею — на 33%. Не выпадкова ўвесь год беларускія ўлады ліхаманкава шукалі новыя рынкі збыту (праўда, без асаблівага посьпеху).

Цяпер для Беларусі нават сяброўства ў Эўразійскім эканамічным саюзе страціла былую прывабнасьць.

Другі важны чыньнік інтэграцыі Беларусі і Расеі — танныя расейскія энэргарэсурсы. Бязь іх было б немагчымым доўгае існаваньне беларускай сацыяльнай мадэлі. Яшчэ 2–3 гады таму экспэрты ацэньвалі расейскі энэргетычны грант у 15% валавога ўнутранага прадукту Беларусі. Усе спрэчкі і канфлікты паміж Менскам і Масквою круціліся вакол аб’ёму гэтага гранту. Падчас стварэньня Мытнага саюзу, Эўразійскага эканамічнага саюзу дыскусіі паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расеі ішлі адносна пытаньня, калі РФ будзе прадаваць партнэрам нафту і газ па ўнутрырасейскіх цэнах. А яшчэ былі доўгія спрэчкі на тэму, у чыім бюджэце застанецца нафтавае мыта. Узгадаем, што Беларусь прадала «Газпрому» свой «Белтрансгаз» менавіта дзеля таго, каб мець танны газ.

Але цяпер, калі ўсясьветныя нафтавыя цэны ўпалі, усе гэтыя спрэчкі ў значнай ступені страцілі сэнс. Энэргетычны грант Расеі мінімізаваўся. Цяпер для Беларусі нават сяброўства ў Эўразійскім эканамічным саюзе страціла былую прывабнасьць.

Трэці эканамічны чыньнік інтэграцыі Беларусі і Расеі — расейскія крэдыты. Дык вось, намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Старчак заявіў у панядзелак: «На сёньняшні дзень я лічу, што шанцаў ва ўраду прыняць рашэньне па прадстаўленьні новых крэдытаў вельмі мала. Бюджэт напружаны, больш чым напружаны. Я думаю, што мы аб’ектыўна знаходзімся ў сытуацыі, калі вымушаныя будзем узяць паўзу з пункту гледжаньня прыняцьця абавязаньняў па новых крэдытах». Зразумела, нельга выключаць, што з палітычных матываў Уладзімір Пуцін можа даць крэдыт апошняму саюзьніку, нягледзячы на ўсе эканамічныя цяжкасьці Расеі. Аднак відавочна, што магчымасьці Масквы ў гэтым пляне хутка скарачаюцца.

Расея, якая доўгі час была галоўнай крыніцай эканамічнага дабрабыту Беларусі, гарантам існаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі, стала цяпер галоўнай крыніцай праблемаў для беларусаў, чыньнікам крызісу для краіны.

Такім чынам, Расея, якая доўгі час, амаль чвэрць стагодзьдзя пасьля распаду СССР, была галоўнай крыніцай эканамічнага дабрабыту Беларусі, гарантам існаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі, стала цяпер галоўнай крыніцай праблемаў для беларусаў, чыньнікам крызісу для краіны. Прычым расейскі крызіс стаў прычынай пагрозы ня толькі Беларусі, але і ўсім краінам СНД. Не выпадкова постсавецкая прастора сёньня — самы дэпрэсіўны рэгіён у сьвеце.

Што яшчэ застаецца? Расейскі ваенны парасон. Але, па-першае, ён патрэбен пры ўмове, калі ёсьць нейкая вонкавая ваенная пагроза. Здаецца, імавернасьць такой пагрозы невялікая. А па-другое, расейска-ўкраінскі канфлікт, далучэньне Крыму — усё гэта паказала, што цесныя абдымкі «старэйшага брата» небясьпечныя для суседзяў. Бо Расея выкарыстоўвае свае вайсковыя аб’екты на тэрыторыі іншых краін у асноўным на ўласную карысьць.

У выніку, калі «старэйшы брат» ня можа больш актыўна падтрымліваць Беларусь, то навошта ён патрэбен? Цынічна, але ў міжнароднай палітыцы па-іншаму не бывае. У гэтым жорсткім сьвеце краіны дзейнічаюць на падставе прагматычных інтарэсаў, а не кіруюцца ўдзячнасьцю за колішнія падарункі. Беларусі трэба шукаць новыя кропкі апоры. А дзеля гэтага варта перагледзець усю канцэпцыю замежнай палітыкі. Трэба ўсё пачынаць з чыстага аркуша.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG