270-я ўгодкі нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі будуць адзначацца 4 лютага. З гэтай нагоды ТБМ зьвярнулася да міністра культуры Барыса Сьвятлова з просьбай «аб’явіць конкурс на выраб коннай скульптуры Касьцюшкі». Кіраўнік ТБМ Алег Трусаў прапануе ўсталяваць помнікі ў Менску і на радзіме Касьцюшкі ў Косаве.
Ідэю ТБМ падхапілі і берасьцейскія сацыял-дэмакраты. Кіраўнік БСДП(Г) на Берасьцейшчыне Ігар Маслоўскі накіраваў адпаведныя прапановы ў аблвыканкам і абласны савет дэпутатаў.
Косава: помніка Леніну няма, але ёсьць помнік камуністычнай дэманстрацыі
Сёньня мястэчка Косава — адзін з найменшых гарадоў Беларусі з насельніцтвам каля 2 тысяч чалавек. На Берасьцейшчыне нямала вёсак, большых за гэты горад. Аднак Косава — важны пункт як для беларускіх, так і замежных турыстаў, таму што побач з горадам, ва ўрочышчы Марачоўшчына, — адноўленая сядзіба Тадэвуша Касьцюшкі.
Штогод 4 лютага, на дзень народзінаў генэрала Касьцюшкі, сюды прыяжджаюць дэлегацыі дыпляматаў, прадстаўнікі ўладаў і грамадзкасьці.
У самім Косаве імя Касьцюшкі носіць адна з вуліц. Аднак, помніка яму няма, толькі каля сядзібы стаіць валун з шыльдай-рэльефам. Шыльда ў гонар Касьцюшкі вісіць і ў касьцёле Сьвятой Тройцы ў Косаве, дзе быў ахрышчаны славуты генэрал.
Жыхары Косава ўхваляюць прапанову ўсталяваць у іхнім горадзе конны помнік Тадэвушу Касьцюшку. Праўда, некаторыя сумняюцца, што на гэта знойдуцца сродкі, а іншыя кажуць, што лепей бы лякарню «не забіралі».
Косава — горад, які можа зьдзівіць адсутнасьцю помніка Леніну. Аднак у цэнтры Косава ёсьць помнік-стэла ў гонар камуністычнай дэманстрацыі «беларускіх сялян за ўзьяднаньне з БССР» — гэтая падзея адбылася ў 1927 годзе. Таксама ёсьць помнік жыхарам Косава, якія загінулі ў Другую ўсясьветную вайну, ды помнік у гонар захопу гораду партызанамі ў 1942 годзе.
Ігар Бараноўскі: Месца помніку Касьцюшку — на цэнтральнай плошчы Берасьця
Вядомы берасьцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі выказаў у сваім фэйсбуку меркаваньне, што помнік Касьцюшку павінен стаяць увогуле ня ў Косаве, а «на цэнтральнай плошчы ў Берасьці»:
«Род Касьцюшкаў належаў да берасьцейскай (а не наваградзкай) шляхты і стагодзьдзямі жыў за 30 км ад Берасьця ў Сяхновічах (3 км ад Жабінкі). Фальварак Марачоўшчына пад Косавам (гістарычная Наваградчына), які бацька Тадэвуша Касьцюшкі адсудзіў у Сапегі, — усяго толькі месца прыходу на сьвет будучага нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, ЗША і ганаровага грамадзяніна Францыі. Тым больш што ў Марачоўшчыне ўжо ёсьць музэй у яго гонар.
Менавіта берасьцейская шляхта на сойміку Берасьцейскага павету вылучыла кандыдатуру Т. Касьцюшкі на пасаду генэрал-маёра, неўзабаве 12 кастрычніка 1789 гэтую прапанову падтрымаў Сойм Рэчы Паспалітай, а таксама кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З гэтага пачалася вайскова-палітычная кар’ера Т. Касьцюшкі ў Рэчы Паспалітай».
Менавіта таму, мяркуе Ігар Бараноўскі, «месца коннаму помніку Тадэвушу Касьцюшку павінна быць у Берасьці, а ня там, дзе прайшло яго дзяцінства».
Алесь Мех: «Калі ўлада зрынецца, помнікі Касьцюшку будуць пастаўленыя па ўсёй краіне»
Алесь Мех з Кобрына штогод ачольвае грамадзкі аргкамітэт па ўшанаваньні памяці Касьцюшкі. Летась, пасьля афіцыйных мерапрыемстваў у сядзібе Касьцюшкі 4 лютага, на запрашэньне гэтага аргкамітэту ў Косаве выступаў бард Зьміцер Бартосік.
Спадар Мех кажа, што скептычна глядзіць на магчымасьць усталяваньня ўладамі помніка Тадэвушу Касьцюшку:
«Каб выходзіць з такой ідэяй, трэба правесьці шырокую прапагандысцкую, інфармацыйную кампанію. Другі крок — абвясьціць конкурс на эскіз гэтага помніка, і дзе гэты помнік усталяваць у першую чаргу. Што тычыцца рашэньня ўладаў, безумоўна, яны зараз такой згоды не дадуць. Але ж будзе ў нас матэрыял, будуць напрацоўкі, і калі гэтая ўлада зрынецца, помнікі Касьцюшку будуць пастаўленыя па ўсёй краіне».
Алесь Мех заклікаў грамадзтва далучацца 4 лютага да ўшанаваньня 270-х угодкаў нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі, якое адбудзецца каля сядзібы-музэя ў Косаве. Спадар Мех кажа, што звычайна людзі пачынаюць зьбірацца а 11-й гадзіне.
Як Касьцюшку шануюць у сьвеце
У Польшчы ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі названа шмат вуліц, плошчаў, пад Кракавам насыпаны курган, шмат у якіх гарадах ёсьць помнікі. У ЗША каля дзясятка помнікаў Касьцюшку, адзін зь іх — у сталіцы Вашынгтоне. У Злучаных Штатах нават ёсьць горад Касьцюшка. У Францыі ёсьць помнік Касьцюшку, а ў Швайцарыі, акрамя помніка, і музэй. У Аўстраліі ў гонар Касьцюшкі названая самая высокая гара гэтага кантынэнта. Нават у Расеі, супраць якой Касьцюшка ваяваў, у Санкт-Пецярбургу ягоным імем названая вуліца і вісіць мэмарыяльная шыльда.