Сёньня споўнілася 75 гадоў з дня нараджэньня стваральніка славутых «Песьняроў» Уладзімера Мулявіна, народнага артыста СССР і Беларусі. У Менску, у Белдзяржфілярмоніі з нагоды юбілею артыста, які памёр у 2003 годзе пасьля аўтамабільнай аварыі, адбудзецца канцэрт.
У мэмарыяльным канцэрце пад назвай «Ня рвуся я да славы» выступяць гурты «Песьняры», «Сьвята», фальклёрная група «Купалінка», ансамбль «Камерата», вакальная група «Чысты голас», артысты Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч, Анатоль Кашапараў, Пётар Ялфімаў.
Гурт «Беларускія песьняры», створаны былымі паплечнікамі Ўладзімера Мулявіна Ўладзіславам Місевічам і Валерыем Дайнэкам, на канцэрт не запрошаны.
Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, былы саліст ансамбля «Песьняры», а цяпер удзельнік гурту «Беларускія песьняры» Валеры Дайнэка расказаў Свабодзе, што раздробленасьць былых удзельнікаў гурту толькі пашырае музычную спадчыну Ўладзімера Мулявіна і што ў Беларусі няма гуртоў, якія б дасягнулі ўзроўню колішніх «Песьняроў».
— Спадар Валеры, сёньня, у дзень, калі Ўладзімеру Мулявіну споўнілася б 75 гадоў, ці ладзіце вы і гурт «Беларускія песьняры» нейкія імпрэзы, каб адзначыць гэтую дату?
— Апроч журналістаў нас ніхто ні пра што не прасіў. Шмат званкоў ад карэспандэнтаў, задаюць пытаньні, просяць узгадаць цікавыя гісторыі з жыцьця Ўладзімера Мулявіна. Сёньня ў Белдзяржфілярмоніі будзе канцэрт, але нас ніхто не запрашаў. Але 5 лютага будзе вялікі канцэрт у Крамлёўскім палацы, будуць госьці, будуць вядомыя расейскія выканаўцы, будуць нашы калектывы — і Барткевіч, і Кашапараў будзе. Гэты канцэрт будзе прысьвечаны памяці Ўладзімера Мулявіна, будуць гучаць песьні зь ягонага рэпэртуару, песьні «Песьняроў», нехта выканае свае песьні, прысьвечаныя Ўладзімеру Георгіевічу. А далей мы, «Беларускія песьняры», усе свае канцэрты ў гэтым годзе будзем прысьвячаць Мулявіну.
— Ці дастаткова ўшанаваная памяць галоўнага «песьняра»? У Менску ёсьць бульвар, названы ў яго гонар, працуе Нацыянальны цэнтар музычнай творчасьці імя Ўладзімера Мулявіна. Але, магчыма, трэба было б зрабіць яшчэ нешта?
Я лічу, што для Беларусі Мулявін зрабіў вельмі шмат, таму і ў адказ яму робіцца таксама шмат.
— Найперш, я магу адзначыць, што пра яго шмат гавораць і пішуць. У дзень 75-годзьдзя будзе ў Менску канцэрт, былі канцэрты ў яго гонар і раней. Бульвар, памятная дошка на доме, дзе ён жыў, цудоўны помнік на магіле — гэта ўсё ёсьць. У Белдзяржфілярмоніі працуе музэй Уладзімера Мулявіна. Таму можна казаць, што зроблена дастаткова шмат. Але ж вы разумееце, што ў нас не прывыклі неяк увекавечваць...
Але я лічу, што для Беларусі Мулявін зрабіў вельмі шмат, таму і ў адказ яму робіцца таксама шмат. Стаіць помнік у Расеі, у Екацерынбургу, на радзіме Мулявіна, знак зь яго іменем закладзены на пляцоўцы зорак у Крамлі. Таму ўсё нармальна ў гэтым пляне. Я ўжо не кажу пра вялікую колькасьць артыкулаў і ўзгадваньняў у прэсе.
— Цяпер існуе некалькі музычных калектываў, якія называюцца «Песьняры». Усё ж якім чынам паміж імі падзеленая спадчына Ўладзімера Мулявіна — яго песьні?
Тое, што гурты хочуць выкарыстоўваць брэнд «Песьняры», — гэта ўжо помнік Уладзімеру Мулявіну, гэта добрая памяць пра яго.
— Я думаю, што гэта якраз і ёсьць самая сапраўдная спадчына «Песьняроў». Нягледзячы на тое, што некаторыя з тых, хто выкарыстоўвае гэты брэнд, перасьледуюць трохі іншыя мэты. Увогуле, я згодны са словамі аднаго з тэлевядучых, які аднойчы на пытаньне пра драбленьне «Песьняроў» і тое, якім чынам адбываецца падзел славы, сказаў, што «чым больш „Песьняроў“, тым лепш для музыкі». Гэта, вядома, быў жарт, але нешта ў ім ёсьць. Тое, што гурты хочуць выкарыстоўваць брэнд «Песьняры», — гэта ўжо помнік Уладзімеру Мулявіну, гэта добрая памяць пра яго. Былі адваротныя прыклады ў гісторыі музыкі. Возьмем ансамбль «Ласковый май». Ён дзяліўся таксама, але найперш перасьледуючы адну мэту — зарабіць грошы. У выніку што? Гурт разваліўся, і пра яго ніхто ня ўзгадвае дзясяткі гадоў. Чаму? Таму што там не было вялікага чалавека, які быў бы сэрцам ансамбля і які б ім кіраваў. Там быў дзялок. З тымі, хто працаваў у ансамблі «Песьняры», я лічу, іншая сытуацыя. Маюць яны права ці ня маюць, але яны працуюць, нясуць імя «Песьняроў». Гэта гаворыць пра веліч чалавека, які стварыў такі гурт, і пра тое, што музыка яго сапраўдная.
— Ці можна казаць, што многія песьні, якія выконвалі «Песьняры» (такія, як «Касіў Ясь канюшыну», «Александрына», «Алеся», «Белавеская пушча») сталі візытоўкай Беларусі, яе брэндам?
— Натуральна. Мне б хацелася, каб гэтыя песьні, якія зрабілі «Песьняроў», цяпер гучалі ў сучасных аранжыроўках. Мы гэтым і займаемся — робім новыя апрацоўкі. Атрымліваецца гэта і ў іншых выканаўцаў. Але не ўва ўсіх.
— Наколькі такая музыка запатрабаваная цяпер? Напрыклад, хто слухач «Беларускіх песьняроў»?
— Па-першае, нашы гледачы яшчэ жывыя і здаровыя, пакуль жывыя мы. Па-другое, натуральна, што ў сем’ях прышчаплялася любоў да нашых песень. Таму нас слухае і другое пакаленьне, і трэцяе ўжо падрастае.
Ёсьць шмат калектываў, якія прысьвячаюць сябе ў тым ліку і народным песьням. Але ў гэтым кірунку няма нікога, хто быў бы «нумар 1», хто дасягнуў бы таго, што было ў «Песьняроў».
— Як вы лічыце, калі ў Беларусі зьявіцца іншы калектыў, які стане роўны «Песьнярам», імя якіх гучала ня толькі ў нашай краіне, але і на абшарах усяго Савецкага Саюзу?
— Мне здаецца, што такі час скончыўся. Нешта павінна адбыцца ў культуры, нейкая новая падзея. Мы ўсе гэтага чакаем. Ёсьць вельмі шмат калектываў, якія прысьвячаюць сябе ў тым ліку і народным песьням. Але ў гэтым кірунку няма нікога, хто быў бы «нумар 1», хто дасягнуў бы таго, што было ў «Песьняроў».