Даклад навукоўцаў быў апублікаваны ў панядзелак у часопісе Nature Microbiology.
Паводле ацэнкі навукоўцаў, у 2015 годзе на мэліаідоз захварэлі 165 000 жыхароў плянэты, 89 000 зь іх памерлі.
Хвароба гэтак сама сьмяротная, як адзёр, ад якога за год памірае 95 тысяч чалавек. Для параўнаньня — ад ліхаманкі Дэнге за год памірае каля 12,5 тысяч чалавек.
Хвароба, таксама вядомая як хвароба Ўітмара, выклікае цяжкі сэпсіс, які суправаджаецца запаленьнем розных органаў.
Раней лічылася, што хвароба распаўсюджана толькі ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі і на поўначы Аўстраліі. Аднак новыя дадзеныя паказваюць, што хвароба сустракаецца ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амэрыцы, Афрыцы і на Блізкім Усходзе.
Паводле меркаваньня экспэртаў, 45 краін, для якіх гэтая хвароба тыповая, заніжаюць колькасьць выпадкаў захворваньня. Яшчэ ў 32 краінах, якія ніколі не паведамлялі пра выпадкі захворваньняў, таксама рэгулярна адбываюцца яе ўспышкі.
Хваробу выклікае бактэрыя burkholderia pseudomallei, прысутная ў глебе, а ў арганізм чалавека можа патрапіць празь невялікія парэзы або пры дыханьні. Часта хваробай заражаюцца работнікі сельскай гаспадаркі.
Дыягнаставаць захворваньне досыць складана, бо яно падобнае на некаторыя іншыя бактэрыяльныя інфэкцыі. Аднак у адрозьненьне ад іншых хваробаў мэліаідоз паддаецца лячэньню толькі абмежаваным наборам антыбіётыкаў. Узровень сьмяротнасьці ад хваробы складае каля 70%.