Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйных актывістаў хочуць адхіліць ад «віцебскіх Курапатаў»


Ян Дзяржаўцаў ў лесе пад Хайсамі, архіўнае фота
Ян Дзяржаўцаў ў лесе пад Хайсамі, архіўнае фота

У Віцебскім райвыканкаме створаны аргкамітэт, які мае займацца лёсам невядомага пахаваньня каля вёскі Хайсы.

Пра аргкамітэт, які будзе вызначаць статус пахаваньня і вырашаць ягоны лёс, выпадкова даведаўся стваральнік ініцыятывы «Хайсы», сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў:

«Я пайшоў у музэй Міная Шмырова, каб удакладніць зьвесткі пра партызанскае змаганьне ў раёне вёсак Хайсы і Дрыкольле. Я патлумачыў дырэктарцы музэю Ірыне Шышковай сваю пазыцыю: на маю думку, мясцовыя ўлады імкнуцца давесьці грамадзкасьці, што ў Хайсах расстрэльвалі ахвяраў вайны, а ня Сталіна. Бо пасьля таго, як актывісты знайшлі ў лесе чалавечыя парэшткі — косткі і чарапы ў вялікіх ямінах — у Хайсы быў выкліканы пошукавы батальён. І знаходкі батальёна ўжо інтэрпрэтаваныя як „датычныя да часу Вялікай Айчыннай вайны“. Прынамсі, так ужо напісала дзяржаўная прэса, хоць канчатковыя высновы яшчэ ня зробленыя.

Тут спадарыня дырэктарка і сказала, што яна ўваходзіць у аргкамітэт, які займаецца лёсам пахаваньня пад Хайсамі. Я вырашыў, што мой грамадзянскі абавязак — зрабіць усё, каб запанавала гістарычная праўда, а не адвольныя трактоўкі знаходак. І сказаў спадарыні Шышковай, што запісаў на відэа сьведчаньні 15 старажылаў бліжэйшых вёсак, якія пацьвярджаюць факты расстрэлаў мірных грамадзянаў у гэтым лесе ў канцы 1930-х гадоў».

Паводле Яна Дзяржаўцава, дырэктарка музэю пагадзілася паехаць да сьведак і апытаць іх асабіста, каб потым пазнаёміць з гэтымі ўспамінамі іншых чальцоў аргкамітэту.

Актывіст, у сваю чаргу, рыхтуе зварот у райвыканкам, бо ён абураны дзеяньнямі мясцовай улады, якая сьвядома адхіляе прадстаўнікоў грамадзкасьці ад удзелу ў справе, якая распачалася менавіта дзякуючы ім. Спадар Дзяржаўцаў патрабуе, каб прадстаўнікі ініцыятывы «Хайсы» таксама былі ўключаныя ў аргкамітэт, бо менавіта яны абнародавалі ў лістападзе 2014 году зьвесткі пра знойдзеныя ў лесе чалавечыя парэшткі. І дадае, што з той пары ня раз зьвярталіся ў Мазалаўскі сельсавет з патрабаваньнем правесьці ўсебаковыя дасьледаваньні парэшткаў, з прапановамі добраўпарадкаваць гэтыя мясьціны, але раз за разам атрымлівалі адмовы.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Ян Дзяржаўцаў выклаў фрагмэнт справаздачы археоляга 52-га асобнага спэцыялізаванага пошукавага батальёна Вадзіма Таміліна пра эксгумацыю парэшткаў, якая праводзілася ў кастрычніку 2015 году. Яна заканчваецца фразай: «Патрабуецца архіўна-досьледная праца і дадатковае экспэртнае вывучэньне знаходак, але сувязь дадзенага пахаваньня з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны відавочная».

Паводле Яна Дзяржаўцава, гэткая выснова відавочна тэндэнцыйная, і ёй ужо карыстаюцца мясцовыя ўлады, калі безапэляцыйна кажуць, што ў лесе пад Хайсамі знайшлі парэшткі ахвяраў мінулай вайны:

«Знойдзены манэты 1931–1936 гадоў выпуску, знойдзены ўжытковыя рэчы, мужчынскае і жаночае адзеньне — ужо гэта сьведчыць пра характар пахаваньня, што тут загінулі мірныя людзі, а не вайскоўцы. Вядома, што ў час вайны тут былі партызанскія баі, так што цалкам зразумела, чаму сярод знаходак ёсьць і вайсковыя гузікі, і кавалак тканіны, вызначаны як „нямецкае абмундзіраваньне“. Але ж нідзе не ўказана, на якой глыбіні былі знойдзены гэтыя рэчы — што было глыбей, а значыць даўней, а што бліжэй да паверхні. Больш за тое, гэты кавалак „нямецкага абмундзіраваньня“ ўвогуле ляжаў на паверхні разам зь іншымі фрагмэнтамі абутку і адзеньня. Відавочна, гэта ўсё выкапалі раней невядомыя вандалы — „чорныя капальнікі“, якія займаюцца рабаўніцтвам. Таму насамрэч патрэбныя глыбокія досьледы — каб вызначыць і час вытворчасьці рэчаў, і даўнасьць сьмерці людзей. Пры сучасных тэхналёгіях гэта зрабіць магчыма, асабліва калі гэта тычыцца спрэчных пытаньняў».

Крыж на месцы расстрэлаў
Крыж на месцы расстрэлаў

Спадар Дзяржаўцаў зьдзіўлены, што ў справаздачы гаворыцца пра поўную адсутнасьць анатамічнай цалкавітасьці парэшткаў. Ён згадвае, што археоляг Тамілін распавядаў пра эксгумацыю двух ці трох чалавечых целаў, у якіх захаваліся ня толькі косткі, але і мяккія тканкі. З гэтай нагоды нават выклікалі міліцыю і сьледчы камітэт. І адмыслоўцы забралі гэтыя парэшткі на дадатковую экспэртызу, папярэдне паведаміўшы, што гэта — не «крымінальныя трупы» нядаўняга часу.

Актывісты кажуць, што гатовыя ўдзельнічаць у працы аргкамітэту, каб дапамагчы высьветліць праўду. Аднак пакуль ад іх хаваюць нават тую інфармацыю, якая ўжо ёсьць: Яну Дзяржаўцаву так і не ўдалося ні атрымаць поўную справаздачу пра працу пошукавага батальёна, ні нават даведацца, куды падзеліся дзясяткі мяхоў з чалавечымі косткамі, якія варта нарэшце пахаваць пасьля дзесяцігодзьдзяў забыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG