Пра гэта начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму Натальля Шыёнак напісала праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, які зьвярнуўся да мясцовых уладаў з прапановай ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Як вынікае з адказу Натальлі Шыёнак, гарвыканкам гатовы «разгледзець пытаньне ў межах дзейнага заканадаўства», калі на помнік або памятны знак жыхарам Віцебску, рэпрэсаваным у пэрыяд 1930–50-х гадоў, знойдуцца дабрачынныя сродкі. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».
З аднаго боку, на думку праваабаронцы, гатоўнасьць гарвыканкаму супрацоўнічаць з грамадзкай ініцыятывай выклікае аптымізм. Але, з другога боку, для падтрымкі ўласных ініцыятываў віцебскія ўлады знаходзяць грошы. Так, зь віцебскіх прадпрымальнікаў нядаўна патрабавалі «дабрачынных ахвяраваньняў» на ўзьвядзеньне помніка Аляксандру Неўскаму.
Пад Віцебскам ёсьць прынамсі тры месцы, пра якія мясцовыя жыхары сьведчаць як пра месцы расстрэлаў мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсіяў. Гэта ўзьлесак каля вёскі Паляі, урочышча «Цёплы лес» і ўзьлесак каля вёскі Хайсы ў Віцебскім раёне. Там сіламі мясцовых актывістаў створаны самаробныя мэмарыялы — пастаўлены крыжы на ўзор таго, як гэта зроблена ў Курапатах пад Менскам. Колькі гадоў таму віцебскія сябры БНФ зьвярталіся да ўладаў па дапамогу, каб паставіць каля вёскі Паляі афіцыйны мэмарыяльны знак, але зь імі не паразумеліся.
Як паведамляюць праваабаронцы, не назіраецца дзяржаўнага клопату і пра тыя мэмарыяльныя аб’екты, прысьвечаныя памяці ахвяраў сталінскага тэрору, якія ўжо існуюць. У 1990-я гады пад Оршай ва ўрочышчы «Кабыляцкая гара» з дапамогаю мясцовых уладаў паставілі мэмарыяльны знак — камень з шыльдай — на месцы масавых расстрэлаў мірных грамадзян. Праз пэўны час невядомыя вандалы скралі шыльду, і аднаўленьнем помніка гарвыканкам займацца ня стаў, хоць «Кабылянская гара» — другое пасьля менскіх Курапатаў афіцыйна прызнанае месца, дзе пры Сталіну забівалі людзей. Добраўпарадкаваньне мэмарыялу стала справай гонару мясцовых актывістаў.