Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эканомім на ўсім: нікуды ня ходзім, нічога не купляем, акрамя самага неабходнага» — апытаньне ў Горадні


Ці закрануў вашу сям’ю эканамічны крызіс? Калі так, якім чынам вы спрабуеце супрацьстаяць яму? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Наўпроставы лінк

Жанчына пэнсійнага веку: «Ну а як жа, канечне, панізіўся жыцьцёвы ўзровень. Калі пазалетась у мяне пэнсія была амаль 300 даляраў, то цяпер толькі 150. Менш купляем, бо як па-іншаму? Унукаў стараемся не пакрыўдзіць, бо нашы бацькі так жылі — і мы так жывём».

Жанчына пэнсійнага веку: «Канечне, грошай стала меней. Я, да прыкладу, на пэнсіі атрымліваю 2 мільёны 200, і як з гэтага пражыць, яшчэ маючы сына-інваліда? І мужу не далі на пэнсіі працаваць, і мне. Вось так і выкручваемся — валасы часам дыбарам устаюць, бо як быць і як жыць? Думаю, што не адна я ў такім становішчы. Вельмі цяжка жыць...»

Маладая жанчына: «Канечне, закрануў. Вось мы з мужам робім рамонт, я ў дэкрэтным адпачынку, то раней мы маглі некалькі добрых рэчаў купіць з заробку, а цяпер хаця б адну, і то ледзь-ледзь. Эканомім, на ўсім эканомім, нікуды ня ходзім, нічога не купляем сабе, акрамя самага неабходнага».

Малады хлопец, студэнт: «Грошы даюць бацькі і даюць, а я там ня ведаю, як яны жывуць. Мы студэнты, нам даюць грошы, і мы на іх жывём...»

Маладая жанчына: «У мужа на заробках, канечне, гэта адбілася. І ў мяне, як у дызайнэра інтэр’ераў, таксама заказаў паменела. Ведаеце, усе грошы на харчаваньне ідуць...»

Мужчына пэнсійнага веку: «Канечне, адбіўся гэты крызіс на мне. Я пэнсіянэр і хаджу па крамах, купляю ўсякую ўсячыну, бо нешта добрае купіць за гэтую пэнсію немагчыма. І як тут быць па-другому? На плошчу ж ня пойдзеш, а яны ўсе добра ведаюць, што ў нас ёсьць начальнікі, якія атрымліваюць па 50–60 мільёнаў і мяняюць кожны дзень гарнітуры і кашулі. А ёсьць бедната, якая кожны дзень па сьметніках лазіць. У мяне ёсьць тры суседы, яны пастаянна харчуюцца са сьметніцаў — адзін сьляпы, другі бомж і трэці таксама бомж. І паспрабуй недзе ўладкуйся на працу. Я ня ведаю, што яны будуць рабіць з тымі, хто не працуе, і як яны будуць зь іх мільёны браць».

Мужчына сярэдняга веку: «Не, дык відаць, калі зарабляў адзін заробак, а цяпер робіш тое самае і атрымліваеш меншы заробак. Ад нечага даводзіцца адмаўляцца, эканомім...»

Мужчына сярэдняга веку: «Даходы зьменшыліся, даводзіцца эканоміць, у нечым сабе адмаўляю, купляю толькі самае неабходнае — неяк так і жывём...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG