Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговыя ахвяры дзяржаўнага патэрналізму


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Ад 1 студзеня 2016 году, паводле прэзыдэнцкага ўказу № 222, пачынаюць дзейнічаць новыя правілы адносна працы індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). Цяпер ІП абавязаныя прадаваць тавары прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці краінаў Мытнага саюзу толькі з дакумэнтамі, якія б пацьвярджалі іх легальнае паходжаньне і бясьпеку для спажыўца. Паколькі такіх дакумэнтаў ІП прадставіць ня могуць, то з Новага году многія рынкі фактычна не працуюць. Бяз працы могуць застацца да 120 тысяч чалавек.

Канфлікт дзяржавы з ІП мае даўнюю гісторыю, яму спадарожнічалі страйкі, вулічныя акцыі, рэзалюцыі з патрабаваньнямі, перамовы і іншыя жарсьці.

Асноўнае адрозьненьне паміж Беларусьсю і іншымі удзельнікамі Мытнага саюзу — гэта роля дзяржавы ў сацыяльна-эканамічных працэсах.

Гэтым разам падставай канфлікту стала ўвядзеньне новага тэхрэглямэнту Мытнага саюзу, які прадугледжвае абавязковую наяўнасьць у ІП сэртыфікату якасьці на тавары лёгкай прамысловасьці. Тут цікава тое, што хоць гэты дакумэнт распаўсюджваецца ня толькі на Беларусь, але і на Расею і Казахстан, аднак расейскіх і казахстанскіх прадпрымальнікаў яго зьяўленьне ніяк не ўсхвалявала. Бо асноўнае адрозьненьне паміж Беларусьсю і іншымі удзельнікамі Мытнага саюзу — гэта роля дзяржавы ў сацыяльна-эканамічных працэсах. У Расеі і Казахстане адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі, прадаўцамі і пакупнікамі будуюцца шмат у чым ужо на рынкавых прынцыпах. І дзяржава значна далей дыстанцыюецца ад іх. У гэтых краінах, у адрозьненьне ад Беларусі, дзяржава не кантралюе грамадзян літаральна на кожным кроку. Там нікому ў галаву не прыходзіць пастаянна накіроўваць на рынак кантралёраў, правяраць гандляроў, караць іх вялізнымі штрафамі, ганяць бабуль, якія прадаюць кветкі, семкі або пучок цыбулі з градкі.

Рашэньне аб увядзеньні новага тэхрэглямэнту шмат разоў адкладалася. І толькі з 1 студзеня 2016 году яно нарэшце ўступіла ў сілу. Што стаіць за такой настойлівасьцю беларускіх уладаў? У момант прыняцьця ўказу № 222 (16 траўня 2014 г.) вельмі востра стаяла праблема дэфіцыту валюты. Таму ўлады вялі бясконцую і няроўную барацьбу зь імпартам. А ІП, як вядома, гандлююць імпартным таварам. Але сёньня гэтае пытаньне ўжо не такое актуальнае. З увядзеньнем свабоднага абменнага курсу рубля сальда паміж экспартам і імпартам у значнай ступені балянсуецца. Дэфіцыт бягучага рахунку скараціўся. І можна было ўжо і не чапаць ІП.

Але тут паўстала другая праблема. Яе агучыў Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на «Экспабел» у сакавіку 2015 году. Ён растлумачыў, што ІП «забілі беларускую лёгкую прамысловасьць». Вось з-за чаго ўвесь сыр-бор. Як вядома, беларуская лёгкая прамысловасьць ляжыць у руінах, нягледзячы на бясконцыя бюджэтныя датацыі. Колькі разоў Лукашэнка наведваў прадпрыемствы «Камволь» і «Сукно», патрабаваў навесьці парадак, пагражаў турмой, абяцаў дапамогу, але выніку ніякага. Вось месяц таму было прынятае рашэньне вылучыць зь дзяржбюджэту чарговыя 5 млн эўра безнадзейнаму банкруту ААТ «Камволь».

На першы погляд, здавалася б, якая розьніца, хто застанецца бяз працы — работнікі гэтых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці або 120 тысяч ІП? Усе ж грамадзяне Беларусі. Але гэта толькі на першы погляд. Насамрэч розьніца вялізная.

Дзеля захаваньня дзяржаўнага сэктару ў прамысловасьці ўлады гатовыя разарыць прыватных прадпрымальнікаў, бо апошнія самой сваёй прысутнасьцю разбураюць патэрналісцкую сацыяльную мадэль.

Прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці — альбо цалкам дзяржаўныя, альбо вялікая доля іх акцыяў належыць дзяржаве. А ІП — незалежныя ад дзяржавы. І дзеля захаваньня дзяржаўнага сэктару ў прамысловасьці ўлады гатовыя разарыць прыватных прадпрымальнікаў. Бо апошнія самой сваёй прысутнасьцю разбураюць патэрналісцкую сацыяльную мадэль, паводле якой усё насельніцтва павінна залежаць ад дзяржавы, увесь час нешта прасіць, а вярхоўны ўладар вялікай лыжкай дзеліць «па справядлівасьці». Залежны народ — паслухмяны. Калі ўжо і дапускаць прыватнікаў, то буйных, напрыклад, уласьнікаў гандлёвых сетак, бо зь імі лягчэй мець справу, лёгка заангажаваць, прымусіць, запужаць, трымаць на кручку. Даўняя ідэя пра стварэньне ўрадам дзяржаўных аптовых базаў, празь якія ІП атрымлівалі б тавар — гэта спроба абдзяржаўленьня індывідуальных прадпрымальнікаў, каб можна было раздаваць ім баланду з уладных рук.

Сёньняшняя сытуацыя з ІП — гэта і адказ тым, хто яшчэ спадзяецца на рынкавыя рэформы, якія па сваёй прыродзе павінны скарачаць долю дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы і павялічваць ролю прыватнага бізнэсу. Дык вось не. У гэтай краіне час спыніўся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG