Вялізныя фотаздымкі з праекту «Камін-аўт», у якім удзельнічалі людзі зь інваліднасьцю, праектаваліся на будынкі начной сталіцы ў ноч з суботы на нядзелю.
«Для мяне самае важнае сказаць, што чалавек зь інваліднасьцю — гэта проста чалавек, а інваліднасьць — гэта ня толькі пра пандусы», — распавядае каардынатарка праекту, мадэль і студэнтка тэатральнай лябараторыі Fortinbras Дар’я Андрэянава. — Усё нарадзілася, калі я размаўляла з Вадзімам Каложкіным, кіраўніком арганізацыі «Розныя — роўныя». Ён сам чалавек зь інваліднасьцю і гаварыў пра тое, што ёсьць праблема сэксу і сэксуальнасьці для людзей зь інваліднасьцю. І сам ён хацеў бы заявіць, што людзі зь інваліднасьцю гэта ў пэўным сэнсе «сэксуальная мяншыня».
Дар’я кажа, што тэма сэксу і сэксуальнасьці агульная для ўсіх, таму празь яе людзі могуць пачаць глядзець і на іншыя праблемы людзей зь інваліднасьцю.
«Звычайна думаюць, што ўсё, што трэба людзям зь інваліднасьцю — гэта пандусы. А гэта ня так. Яны хочуць схадзіць у кіно, яны хочуць схадзіць на дыскатэку, яны займаюцца сэксам, — кажа фатограф праекту Мікалай Купрыч. — Усе ўдзельнікі былі задаволеныя. Мы нікога не ўгаворвалі. Ну проста кажаш: „Здымеш майку — здыму майку“. Так усё і было. Цяпер усе просяць фотаздымкі», — Мікалай распавядае, што праект будзе працягнуты і ўжо ёсьць наступныя ўдзельнікі.
«Камін-аўт» — завяршыў сэрыю пэрформансаў Свабоднага тэатру і тэатральнай лябараторыі Fortinbras.
24 сьнежня пры ўдзеле студэнтаў Fortinbras інваліды-вазочнікі перакрылі рух у цэнтры Менску, а потым памяняліся месцамі з манэкенамі ў краме.
25 сьнежня студэнты Тэатральнай ў літаральным сэнсе прымералі на сябе маскі сьляпых.
Каля менскага кінатэатру «Кастрычнік» яны выклалі плястыкавымі бар’ерамі слова «Пабач» на шрыфце Брайля (шрыфт з выпуклых пунктаў, якім пішуцца кнігі для сьляпых).
Пасьля яны надзелі маскі і ў дадатак завязалі сабе вочы. Калёну «асьлепленых» правёў па горадзе «правадыр».
У той жа дзень студэнт Fortinbras на плошчы Свабоды ў Менску апрануў адмысловыя пальчаткі з гаручым рэчывам і падпаліў іх. На хлопцы быў плякат «Таварыства глухіх: Мы будзем гарэць — ім будзе пляваць».
Пэрформанс меў прыцягнуць увагу да праблемы, зь якой сутыкаюцца глухія людзі ў надзвычайных сытуацыях. Напрыклад, яны ня могуць самі выклікаць хуткую дапамогу ці МЧС у выпадку пажару. Арганізацыя «Беларускае аб’яднаньне глухіх» прапанавала адміністрацыі гораду стварыць адмысловы Call-цэнтар з сурдаперакладнікамі.