Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты працягваюць дамагацца сустрэчы з рэктарам БДУ


У сацсетках студэнты БДУ арганізавалі запіс на сустрэчу з рэктарам Сяргеем Абламейкам і зьвярнуліся ў студэнцкія арганізацыі ўнівэрсытэта з просьбай паспрыяць яе правядзеньню. Аб гэтым піша БелаПАН.

Як паведаміў адзін з актывістаў руху «Студэнты супраць», прадстаўнік студэнцкага саюзу БДУ запэўніў студэнтаў, што такая сустрэча адбудзецца 30 сьнежня ў дзень прыёму грамадзян рэктарам.

Па словах актывіста, на сустрэчу запісалася каля 30 чалавек. У ходзе сустрэчы студэнты плянуюць падняць хвалюючыя іх пытаньні: адмену платных пераздачаў, ціск на актывістаў студэнцкага руху, стварэньне рэальнага органа студэнцкага самакіраваньня.

Цяпер, паводле слоў суразмоўцы, націск на актывістаў руху «Студэнты супраць» працягваецца. «Але немагчыма даказаць, — дадаў ён, — што гэта зьвязана з сацыяльнай актыўнасьцю. Напрыклад, зьяўляюцца дадатковыя тэсты, прад’яўляюцца завышаныя патрабаваньні па вучобе. Ніколі не было такога, каб частку курсавой работы неабходна было здаваць да новага году — цяпер такое патрабаваньне зьявілася».

Што да самакіраваньня, то, паводле слоў студэнта, у БДУ яно рэалізуецца ня ў поўнай меры. Актывіст таксама паведаміў, што 23 сьнежня старшынёй студэнцкай асамблеі зноў быў абраны сакратар БРСМ Яўген Харук.

Начальнік мэдыяцэнтру БДУ Павел Салаўёў на пытаньне БелаПАН, ці сапраўды 30 сьнежня рэктар сустрэнецца са студэнтамі, адказаў, што ня мае інфармацыі аб сустрэчы. Паводле яго слоў, рэктар пэрыядычна сустракаецца са студэнтамі і «кожны зь іх можа запісацца на прыём». У якасьці прыкладу Салаўёў прывёў нядаўнюю сустрэчу рэктара з прафсаюзнымі актывістамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG