Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністрацыі БДУ Глебу Вайкулю зрабілі заўвагу


Глеб Вайкуль і міліцыянт, які складае на яго пратакол, 2 сьнежня
Глеб Вайкуль і міліцыянт, які складае на яго пратакол, 2 сьнежня

Удзельніку студэнцкага пратэсту, студэнту другога курсу філфаку БДУ Глебу Вайкулю абвешчана заўвага дэкана. Сёньня яго выклікалі на камісію па пропусках.

Ён распавёў карэспандэнту Свабоды, што гэта не вымова, а першае папярэджаньне з боку адміністрацыі.

«Гэтая заўвага ня мае сур’ёзных наступстваў. Гэта дзякуючы салідарнасьці людзей, студэнтаў і СМІ. Я прыйшоў на камісію зь юрыстам, але яго не пусьцілі. Аднак мы паказалі, што ўсё ня так проста і не атрымаецца ўсё зрабіць ціхенька. Дзякуючы ўсім мы перамаглі. Бо калі б была вымова, то другую можна было б атрымаць, элемэнтарна спазьніўшыся на пару».

Аднак пакуль невядома, як вырашыцца сытуацыя з адміністрацыйным пратаколам, які склалі міліцыянты на Глеба Вайкуля падчас маршу студэнтаў.

«Я пратакол не падпісаў, але калі прыйдзе мне позва ў суд, то пра гэта паведамяць у дэканат. Безумоўна, яны будуць склікаць нейкую паўторную камісію, якая будзе займацца ўжо менавіта гэтым», — сказаў Глеб.

2 сьнежня студэнты ў Менску правялі марш «За каханьне і салідарнасьць» супраць увядзеньня платы за пераздачы залікаў і іспытаў.

У сацсетках пачалася кампанія салідарнасьці ў абарону ўдзельнікаў акцыі — «Рукі прэч ад актывістаў!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG