Дасьледчыкі ўнівэрсытэту Франш-Кантэ (Францыя) склалі сьпіс унівэрсытэтаў сьвету, найбольш уплывовых у Вікіпэдыі. Пра мэтодыку распавядае MIT Technology Review, з поўным тэкстам работы можна азнаёміцца на arxiv.org.
Першае месца ў рэйтынгу атрымаў Кэмбрыдж зь Вялікабрытаніі, другое — таксама брытанскі Оксфард. За імі ў топ-10 ідуць амэрыканскія ўнівэрсытэты: Гарвард, Калюмбія, Прынстан, Масачусэтс, Чыкага, Стэнфард, Ель і Бэрклі. У наступнай дзясятцы таксама дамінуе ЗША: пяць амэрыканскіх унівэрсытэтаў, два нямецкія, два брытанскія і адзін швэдзкі. Агулам амэрыканскія ВНУ займаюць 38% пазыцыяў у рэйтынгу.
З Расеі самую высокую, 25 пазыцыю мае Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Найвышэй ад Польшчы Ягелонскі ўнівэрсытэт (66 месца), ад Украіны — Львоўскі (128 месца), ад Латвіі — Латвійскі ўнівэрсытэт (181), ад Літвы — Віленскі (262 месца). Агулам у 1025 уплывовых на Вікіпэдыю ўнівэрсытэтаў трапілі 28 расейскіх, 27 польскіх, 6 украінскіх і два латвійскія ўнівэрсытэты, ад Літвы і Беларусі — па адным.
Найбольш уплывовы на Вікіпэдыю і адзіны беларускі ў рэйтынгу Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт знаходзіцца на заўважна ніжэйшай пазыцыі: 411-й. У дасьледаваньні знойдзены толькі адзін выпадак, калі БДУ згадваўся ў артыкулах Вікіпэдыі на 24 найбольш папулярных мовах.
Сьпіс быў складзены з дапамогай альгарытму Google Pagerank, які адказвае за пазыцыі сайтаў у пошукавай выдачы Google. Дасьледчыкі прааналізавалі мільёны артыкулаў Вікіпэдыі, напісаных на 24 мовах, найбольш папулярных у Вікіпэдыі, у лік якіх увайшлі расейская і польская, але не беларуская ці ўкраінская. На гэтых мовах, сьцьвярджаюць аўтары дасьледаваньня, размаўляе 59% зямлянаў, на іх напісана 68% артыкулаў Вікіпэдыі. Дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што рабілі папраўку на тое, што англамоўная Вікіпэдыя больш згадвае англамоўныя ўнівэрсытэты, а расейскамоўная — расейскамоўныя, таму асобна складалі сьпісы ўплывовасьці ўнівэрсытэтаў на розныя моўныя вэрсіі, затым ядналі гэтыя сьпісы ў выніковы.
Тым часам Эўрапейскі Студэнцкі Саюз ставіць пад пытаньне ўдзел Беларусі ў Балёнскім працэсе і патрабуе расьсьледаваньня ў сувязі зь ціскам на студэнтаў БДУ праз «Марш каханьня і салідарнасьці» і іх прымусовае ўцягненьне ў палітычныя мерапрыемствы.