Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя Каляды за пяць гадоў: Статкевіч, Васьковіч і Дзядок рыхтуюцца да сьвятаў


Мікалай Статкевіч на волі, першыя фота пасьля вызваленьня з турмы. З жонкай Марынай Адамовіч
Мікалай Статкевіч на волі, першыя фота пасьля вызваленьня з турмы. З жонкай Марынай Адамовіч

Свабода пацікавілася, якім чынам сем’і Яўгена Васьковіча, Міколы Дзядка і Міколы Статкевіча адзначаць гэтыя Каляды і Новы год.

Шэсьць палітвязьняў былі адпушчаныя на волю ў жніўні 2015 году. Большасьць зь іх адзначала Каляды і навагоднія сьвяты ў турме цягам пяці апошніх гадоў. Свабода пацікавілася, якім чынам сем’і Яўгена Васьковіча, Міколы Дзядка і Міколы Статкевіча адзначаць гэтыя Каляды і Новы год.

Статкевіч: На Новы год на стале будзе садавіна і гародніна

Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, архіўнае фота
Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, архіўнае фота

Цягам свайго знаходжаньня ў няволі экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Мікола Статкевіч атрымліваў на Каляды і на Новы год да 700 паштовак. Так было пяць разоў.

Два гады таму Мікола Статкевіч на Новы год у турме радаваўся часнаку і лімонам, таму цяпер абавязковая страва на яго сьвяточным стале — садавіна і гародніна.

«Буду сьвяткаваць, як усе, з роднымі і блізкімі людзьмі. Каляды я сьвяткую, па-сутнасьці, двойчы. Але асноўнае сьвяткаваньне — 6 студзеня, таму што я праваслаўны. На Новы год ніякіх асаблівых страваў не гатую. Увогуле, дастаткова спакойна стаўлюся да ежы. Адзінае, што цягам пяці турэмных гадоў вельмі мала спажываў садавіны і гародніны. Хоць у турме і ёсьць нормы, бывала так, што па паўгода ня еў ні садавіны, ні гародніны. Таму я яшчэ не наеўся імі — і яны абавязкова будуць на сьвяточным стале. Я не разумею, чаму радавацца і сустракацца з блізкімі трэба толькі па сьвятах, некалькі разоў на год. Радавацца жыцьцю трэба кожны дзень».

Палітык распавёў, што калі сустракаў свой першы Новы год за кратамі, то адміністрацыя турмы дала яму яловую галінку, пазьней і такога не было:

«Сьвята ўнутры нас. Я ні пра што не шкадую. І, знаходзячыся ў турме, ведаў, што выйду на волю і будзе магчымасьць адсьвяткаваць з тымі, хто мне дарагі».

Мікола Статкевіч зазначыў, што ён катэгарычна супраць прыкметы не віншаваць вязьняў з Новым годам і заклікаў усіх чытачоў Свабоды даслаць калядныя паштоўкі Андрэю Бандарэнку і Міхаілу Жачужнаму:

«Калі ў вас ёсьць магчымасьць, то павіншуйце тых, хто за кратамі, нашых палітвязьняў Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага. Гэта для іх вельмі важна. Гэтым самым вы падзеліцеся зь імі сваім сьвятам, сваёй цеплынёй. Забудзьце ўсе забабоны пра тое, што з Новым годам ня трэба віншаваць. Для чалавека ў няволі вельмі важная любая вестка са свабоды. Нават калі ня ўсе лісты і паштоўкі даходзяць да адрасата, яны не застануцца незаўважанымі адміністрацыяй турмы. Гэта вельмі ўплывае на стаўленьне з боку адміністрацыі, калі да зьняволенага прыходзяць сотні лістоў і віншаваньняў, прычым з розных краін сьвету».

Васьковіч: Каляды разам з каханай

Яўген Васьковіч і Александрына Глаголева
Яўген Васьковіч і Александрына Глаголева

Па выхадзе з турмы ў жніўні 2015 Яўген Васьковіч казаў, што асвойвае новы смартфон, — за час яго зьняволеньня мабільныя тэлефоны вельмі зьмяніліся. Цяпер кажа, што асвоіў і мабільнік, і сацыяльныя сеткі, і не хавае, што сустракаць навагоднія сьвяты будзе са сваёй дзяўчынай Александрынай:

«Каляды мы сьвяткуем 25 сьнежня. На Новы год паедзем да сяброў. Не магу сказаць, што нешта незвычайнае заплянаванае. Але для мяне вялікая радасьць, што ў гэтым годзе буду сьвяткаваць разам з каханай дзяўчынай Александрынай».

Яўген кажа, што сьвяты, якія правёў за кратамі, узгадвае спакойна, у калёніі людзі таксама стараюцца нейкім чынам падрыхтавацца да Новага году, нават накрываюць сьвяточны стол:

«Два разы я не адзначаў Новы год, бо быў у ШЫЗА. Але ўвогуле нармалёва, людзі зьбіраюцца, неяк адзначаюць. Усе стараюцца, каб да Новага году была перадача ад родных, каб можна было нешта пакласьці на сьвяточны стол».

Былы палітвязень распавёў, што ў мінулыя гады ў турме атрымліваў на сьвяты шмат лістоў і паштовак. Цяпер сам дасылае віншаваньні тым, з кім пасябраваў за кратамі:

«Кажуць, у турме не прынята віншаваць з Новым годам. Маўляў, няма чаго сьвяткаваць яшчэ адзін год у турме. Але я магу сказаць, што ня ўсё так адназначна. Некаторыя не адзначаюць, таму што ім гэта нецікава. Але большасьць сьвяткуе. Тыя, хто сябруюць, то спакойна віншуюць адно аднаго з Новым годам».

Мікалай Дзядок сьвяткуе з жонкай Валерыяй, зь якой пабраўся шлюбам у турме

Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок

Былы палітвязень Мікалай Дзядок і яго жонка Валерыя Хоціна сёлета ўпершыню Новы год разам:

«Гэта будзе наш першы Новы год разам і ў якасьці мужа і жонкі. Да таго, як Міколу пасадзілі, мы жылі паасобку і кожны адзначаў са сваімі роднымі. Для нас вялікае сьвята, што мы разам — увогуле і на Новы год. Адзначаць будзем дома, да нас прыйдуць сябры. Я дазволіла Міколу выбраць, каго мы запросім. Хоць у мяне былі і іншыя варыянты, лічу, што ён, адзначаючы першы за пяць гадоў Новы год на волі, мае права вырашыць», — кажа Валерыя, выбачаючыся, што Мікола ня можа адказаць на пытаньні Свабоды, бо знаходзіцца на вучобе ў Вільні.

Валерыя расказала, што Мікола зьбіраецца павіншаваць з Новым годам турэмных сяброў.

Валерыя Хоціна
Валерыя Хоціна

«Нельга сказаць, што ў яго там вельмі шмат прыяцеляў засталося, бо ён вялікую частку часу сядзеў у „адзіночцы“, таму і ня меў часу абзавесьціся шматлікімі знаёмствамі. Дакладна ведаю, што Мікола лістуецца з Андрэем Бандарэнкам і Міхаілам Жамчужным. Іх будзе абавязкова віншаваць».

Мікалай Дзядок і Валерыя Хоціна пажаніліся ў турме ў 2011 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG