Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША гатовыя зрабіць крокі насустрач Менску — у адказ на крокі Менску


Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў аб правядзеньні 16 сьнежня ў Вашынгтоне другой сустрэчы рабочай групы па дэмакратыі і правах чалавека.

Пра гэта піша Валер Кавалеўскі на сайце «Голасу Амэрыкі»

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Генэральнай пракуратуры, Міністэрства юстыцыі і Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі.

Як гаворыцца ў паведамленьні, узьнятыя на перамовах пытаньні ўключалі правядзеньне ў Беларусі парлямэнцкіх выбараў ў 2016 годзе ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, у тым ліку — пры захаваньні свабоды выказваньня меркаваньняў, мірных сходаў і асацыяцый. Іншыя пытаньні тычыліся ўмоваў разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, паляпшэньня сытуацыі ў сфэры вяршэнства права і вынікаў і рэкамэндацый абодвум краінам у ходзе другога цыклю Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду сваіх абавязальніцтваў у Радзе ААН па правах чалавека.

Прывітаўшы вызваленьне Менскам шасьці палітычных зьняволеных яшчэ ў жніўні, ЗША заклікалі Беларусь прыняць дадатковыя пазытыўныя крокі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Вашынгтон нагадаў беларускай дэлегацыі, што «большая павага» да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі «крытычна важная для паляпшэньня двухбаковых адносінаў».

Адначасова ЗША паабяцалі, што ў выпадку, калі б беларускія ўлады зрабілі гэтыя крокі, дык Вашынгтон разгледзіць магчымасьць крокаў у адказ. Мэтай гэтага пакрокавага падыходу павінна стаць «нармалізацыя адносінаў» паміж Беларусьсю і ЗША, адзначаецца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту.

У дакумэнце не гаворыцца аб магчымых практычных кроках Менску па паляпшэньні становішча ў сфэры правоў чалавека, у тым ліку — у кантэксьце часовага зьмякчэньня Злучанымі Штатамі санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Тэрмін дзеяньня рашэньня аб зьмякчэньні мінае 30 красавіка 2016 і можа быць падоўжаны або скасаваны.

«Голас Амэрыкі» нагадвае, што спробы прымяненьня пакрокавага падыходу на шляху да нармалізацыі адносінаў Беларусі і ЗША рабіліся і раней. Яшчэ ў 2001 годзе падрабязны плян дзеяньняў абодвух бакоў быў прыняты ў выніку перамоваў паміж амбасадай ЗША ў Менску і МЗС Беларусі. Плян, аднак, ня быў рэалізаваны з-за нежаданьня беларускага боку прыступіць да яго ажыцьцяўленьня.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года бакі таксама распачалі спробу паступальна выроўніваць палітычныя адносіны. Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і кіраўнік МЗС Беларусі за некалькі тыдняў да выбараў ўзгаднілі меры па вывазе зь Беларусі высокаўзбагачанага ўрану. Акрамя таго, ЗША падтрымалі праект будаўніцтва АЭС у Беларусі. Бакі пагадзіліся адзін з адным у тым, што правы чалавека і дэмакратыя маюць першачарговае значэньне для нармалізацыі адносінаў. Працэс збліжэньня быў перапынены маштабнымі рэпрэсіямі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG