Грамадзкі актывіст Павал Сяргей выкліканы ў суд Маскоўскага раёну за ўдзел у «Маршы студэнтаў» — вулічнай акцыі пратэсту студэнцкай моладзі супраць аплаты пераздачы залікаў і іспытаў, якая адбылася ў Менску 2 сьнежня.
Як паведаміла каардынатарка праваабарончай арганізацыі «Вясна» Наста Лойка, Паўла Сяргея некалькі разоў спрабавалі выклікаць у міліцыю праз тэлефон для складаньня пратаколу. Аднак актывіст адмаўляўся прыходзіць, патрабуючы выслаць адпаведны пісьмовы пазоў. У выніку пратакол паводле ч.1 артыкулу 23.34 КаАП аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, быў складзены безь ягонай прысутнасьці, а на мабільны тэлефон актывіст атрымаў смс-паведамленьне, якім быў выкліканы ў суд.
Раней Павал Сяргей быў актывістам Маладога фронту, удзельнічаў у розных палітычных акцыях, неаднаразова яго прыцягвалі да адказнасьці. Падчас масавых палітычных вайсковых прызываў быў забраны ў войска, адслужыў паўтара года, не прымаючы вайсковую прысягу. Па заканчэньні службы аднавіў грамадзкую дзейнасьцю.
Паводле «Вясны», 2 сьнежня былі таксама складзеныя адміністрацыйныя пратаколы на іншых удзельнікаў «Маршу студэнтаў»: Яўгена Амялькова, Глеба Вайкуля. Некаторых студэнтаў, у тым ліку і Глеба Вайкуля, выклікалі на наступны дзень на камісію ў дэканаты БДУ.