Актывісты руху «Студэнты супраць» зьбіраюцца выйсьці з падпольля і афіцыйна стварыць незалежнае студэнцкае аб’яднаньне.
Пра гэта паведамляюць у суполцы #студентыпротив у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце».
У руху падкрэсьліваюць, што яны працягваюць выступаць супраць платных пераздач іспытаў і залікаў, аднак галоўнай праблемай зьяўляецца адсутнасьць рэальнага студэнцкага самакіраваньня.
Актывісты руху адзначаюць, што адчуваюць давер студэнцтва і жадаюць выйсьці на «новы якасны ўзровень» барацьбы:
«Мы плянуем у бліжэйшы час атрымаць статус грамадзкага аб’яднаньня ў БДУ і афіцыйна прадстаўляць інтарэсы студэнтаў, змагацца за нашы з вамі правы. Разам мы створым арганізацыю, якая будзе сапраўдным студэнцкім самакіраваньнем», — гаворыцца ў заяве суполкі.
«Мы зрабілі стаўку на выхад з падпольля»
Як патлумачыў Свабодзе актывіст руху Кастусь, у дадзены момант пішацца статут арганізацыі, прапрацоўваецца будучая структура і зьбіраюцца людзі, якія б увайшлі ў новае аб’яднаньне:
Цяпер мы знаходзімся на стадыі падрыхтоўкі дакумэнтаў для перадачы іх на рэгістрацыю.
«Цяпер мы знаходзімся на стадыі падрыхтоўкі дакумэнтаў для перадачы іх на рэгістрацыю. Нашы бліжэйшыя дзеяньні: завяршыць статут і структуру арганізацыі, набраць неабходную колькасьць жадаючых уступіць у арганізацыю (каля 50 чалавек) і перадаць усе неабходныя дакумэнты ў адміністрацыю БДУ для наступнай рэгістрацыі».
Кастусь прызнае, што ў актывістаў ёсьць сумнеў наконт таго, ці трэба выходзіць з падпольля, бо існуе небясьпека, што адносна сяброў арганізацыі будуць санкцыі з боку адміністрацыі ВНУ.
«У сувязі з гэтым мы плянуем выканаць пэўныя рамкі ананімнасьці да пачатку сэсіі (каб у адміністрацыі не было спакусы не дапусьціць да сэсіі нашых актывістаў). Меркаваньні розныя, але ў цэлым мы зрабілі стаўку на выхад з падпольля», — тлумачыць ён.
Актывісты руху працягваюць заяўляць аб ціску на студэнтаў з боку адміністрацыі БДУ.
«Звычайна гэта індывідуальныя размовы адміністрацыі з актывістамі, пагрозы „праблемамі“ ў вучобе, званкі бацькам і іншыя формы маральнага і псыхалягічнага ціску. Вядома, ніхто не кажа, што ціснуць з-за актыўнасьці, заўсёды знаходзяць іншыя прычыны. Гэта і называецца ўскосны ціск», — Кастусь кажа, што цяпер у працу руху «Студэнты супраць» уцягнутыя ад 20 да 50 чалавек.
Актывісты руху не выключаюць, што зноў выйдуць на марш пратэсту:
Калі сытуацыя ня зьменіцца, то мы зноў выйдзем на вуліцу. Але гэта ўжо будзе пасьля сэсіі.
«Вядома, калі сытуацыя ня зьменіцца, то мы зноў выйдзем на вуліцу. Але гэта ўжо будзе пасьля сэсіі», — заявіў Кастусь.
На думку Кастуся, у маршы «Каханьне і салідарнасьць», які прайшоў 2 сьнежня, былі і станоўчыя, і адмоўныя бакі:
«Мы ня можам сказаць, што марш быў цалкам пасьпяховы або адмоўны для нашага руху. Але ён дапамог растлумачыць нам многія моманты (як, напрыклад, гатоўнасьць студэнтаў да актыўных дзеяньняў, жаданьне адміністрацыі весьці дыялёг, і стаўленьне да нас з боку грамадзкасьці)», — падкрэсьліў Кастусь.
Экспэрт: «Ці будзе з гэтым лічыцца адміністрацыя? Пытаньне добрае»
Экспэрт юрыдычнай кансультацыі Моладзевай прафсаюзнай групы «Студэнцкая рада» Марына Штрахава ў размове са Свабодай адзначыла, што стварэньне актывістамі «Студэнты супраць» грамадзкага аб’яднаньня ў межах БДУ будзе азначаць, што нарэшце зьявіцца арганізацыя, якая сапраўды ня будзе залежыць ад кіраўніцтва ВНУ:
Усе арганізацыі, якія цяпер ствараюцца ў межах унівэрсытэтаў, па-сутнасьці, усё роўна тым ці іншым чынам залежаць ад адміністрацыі.
«Усе арганізацыі, якія цяпер ствараюцца ў межах унівэрсытэтаў, па-сутнасьці, усё роўна тым ці іншым чынам залежаць ад адміністрацыі. Або нават наўпрост кіруюцца, знаходзяцца пад куратарствам кагосьці з выкладчыкаў ці кагосьці з адміністрацыі. У той жа час, калі ствараецца грамадзкае аб’яднаньне ў межах унівэрсытэту, то тут ня маецца на ўвазе, каб нехта з адміністрацыі або з выкладчыкаў будзе неяк кіраваць гэтым аб’яднаньнем або курыраваць яго дзейнасьць», — кажа яна.
Напрамак дзейнасьці і паўнамоцтвы грамадзкага аб’яднаньне ў межах ВНУ залежыць ад таго, што будзе прапісана ў статуце арганізацыі, кажа Марына:
«Разумеючы сёньня накіраванасьць дзейнасьці руху „Студэнты супраць“, яны будуць абараняць правы студэнтаў і, калі ўсё атрымаецца, сапраўды стануць тым незалежным бокам, які зможа абараняць студэнтаў перад адміністрацыяй. Ці будзе з гэтым лічыцца адміністрацыя? Пытаньне добрае. Калі грамадзкае аб’яднаньне існуе менавіта ў межах нейкага ўнівэрсытэту, то адміністрацыя будзе вымушана нейкім чынам на гэта рэагаваць, нейкія адказы даваць, уключаць ці не ўключаць іх у нейкія органы».
Марына Штрахава зьвяртае ўвагу на тое, што ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня актывістам «Студэнты супраць» можа быць адмоўлена па дастаткова фармальным чыньнікам: ня тое слова ў статуце, ці ня там коска:
«Фармальна на гэтай падставе можна не зарэгістраваць арганізацыю і такім чынам пэўны час блякаваць гэтую ініцыятыву, тым больш калі ў рэгістрацыі арганізацыі ніхто не зацікаўлены, акрамя самога аб’яднаньня. Агулам працэдура рэгістрацыі дастаткова простая і зразумелая. Але зь іншага боку яна дастаткова неўрэгуляваная — фактычна можна адвольна адмовіць у рэгістрацыі».