Адпаведная дамова пачне дзейнічаць 1 студзеня 2016 году. Паводле слоў Лукашэнкі, ня толькі Расея, але і астатнія чальцы ЭАЭС дэманструюць заклапочанасьць з гэтай нагоды:
«Складваецца сур’ёзная сытуацыя ў дачыненьні да зоны свабоднага гандлю СНД. Ня толькі ў Расеі, але і ва ўсіх нас ёсьць пэўная заклапочанасьць з гэтай нагоды», — заявіў ён на пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савета, піша БЕЛТА.
Як адзначыў Лукашэнка, «можа скласьціся сытуацыя, калі тавар Украіны будзе замешчаны таварам Эўразьвязу, а іх тавар хлыне на нашу тэрыторыю».
Яшчэ большыя асьцярогі ў Лукашэнкі выклікае тое, што тавары з Эўразьвязу, патрапіўшы ва Ўкраіну па нулявой пошліне, дзякуючы зоне свабоднага гандлю з СНД, могуць трапіць на тэрыторыю ўсёй садружнасьці, калі гэты рынак ня будзе абаронены. Лукашэнка нагадаў, што ў Расеі ўжо зробленыя захады, каб абараніць рынак ад такой сытуацыі.
Паводле слоў Лукашэнкі, ўчора на саміце Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савета было прынятае рашэньне, што на працягу I квартала 2016 году гэтае пытаньне будзе вывучацца, а на працягу паўгодзьдзя будзе ажыцьцёўлены пераход на электроннае дэкляраваньне тавараў, якія будуць перамяшчацца ў ЭАЭС. Падобная сыстэма ўжываецца паміж Беларусьсю і Расеяй. Яна можа быць ўзятая за аснову ў саюзе, аднак магчыма, што будзе выпрацаваны нейкі новы мэтад.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што зона свабоднага гандлю Ўкраіны і ЭЗ сапраўды будзе пагражаць беларускім вытворцам. Перш за ўсё, вытворцам тэхнікі і прадуктаў харчаваньня. Таму абмежавальныя меры, без сумневу, будуць уводзіцца:
«Так, гэта пагражае Беларусі, гэта будзе закранаць інтарэсы беларускіх вытворцаў. Хоць шмат у чым гэта чыста палітычны момант. Выбар Украіна зрабіла, нам цяпер давядзецца адмовіцца ад шэрагу традыцыйных тавараў», — заявіў Заіка ў камэнтары Свабодзе.