Леанід Кулакоў абвінавачваецца ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету 10 сьнежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека. Актывіст выйшаў на менскі бульвар Талбухіна з плякатам, на якім было напісана «10 сьнежня — Дзень правоў чалавека. Жыцьцё дае Бог, а не кат».
«Гэтым тэкстам я хацеў падкрэсьліць, што ўсе людзі роўныя і нікому не дадзена права караць іншых за іх погляды. Але пра Беларусь гэтага не скажаш. Вось нават за абарону правоў чалавека мяне зьбіраюцца пакараць. Чамусьці калі на дзень ВДВ у парку Чэлюскінцаў, гэта насупраць месца, дзе я праводзіў пікет, гуляюць былыя дэсантнікі, іх ніхто не чапае. Я працую таксістам, але праблема правоў чалавека мне блізкая і ў гэты дзень я хацеў ня толькі заявіць, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі кепская, але і павіншаваць праваабаронцаў. Але аказваецца, што гэта адміністрацыйны праступак», — зазначыў Леанід Кулакоў у камэнтары для Радыё Свабода.
Як паведаміў актывісту ўчастковы міліцыянт, у панядзелак 21 сьнежня адміністрацыйная справа Леаніда Кулакова будзе перададзеная ў Першамайскі суд Менска. Чакаецца, што суд пройдзе ў пачатку тыдня.
У 2015 годзе актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў удзельнічаў у некалькіх акцыях салідарнасьць з беларускімі палітвязьнямі. Пасьля адседкі адміністрацыйнага арышту ў СІЗА Смалявіцкай міліцыі Леанід Кулакоў публічна скрытыкаваў умовы ў гэтай установе і дамогся правядзеньня там рамонту і пераабсталяваньня камэр, у якіх трымаюць арыштантаў.
Фота Праваабарончы цэнтар "Вясна"