Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі прадпрымальнік: «Працаваць стала невыносна. Чым мы замінаем чыноўнікам — не разумею»


Большасьць гарадзенскіх прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках таварамі з тэкстылю, рыхтуюцца да таго, што пасьля Новага году давядзецца згарнуць бізнэс і застацца бяз працы.

Рынак «Карона» ў Горадні — адзін з самых буйных, прычым, месьціцца ў памяшканьнях былой ткацкай фабрыкі. Тут даволі зручна і пакупнікам, і прадаўцам у любое надвор’е і ў любую пару году. Тым ня менш, зараз тут пануе апатыя — адзінкі пакупнікоў і сумныя прадаўцы ў сваіх шапіках.

Спадарыня Тацяна, якая раскладвае тавар, кажа, што да вечара гэта можа так і праляжаць, ніхто нават і не кране. Сумна дадае, што пасьля Новага году і ёй, як большасьці, хто тут гандлюе, давядзецца спыняць прадпрымальніцкую дзейнасьць. Паводле яе, чыноўнікі наўпрост казалі ёй, што новыя заканадаўчыя акты адносна сэртыфікацыі тавараў прымаліся адмыслова дзеля таго, каб прыкрыць дробных гандляроў.

«Нас проста хочуць зусім прыбраць як кляс. Альтэрнатыва — ідзі ў ЧУП, а там ты таксама не заробіш, а давядзецца працаваць на чужога дзядзьку, а гэтага сёньня ніхто ня хоча. Я задавала пытаньні на самых розных узроўнях адносна сэртыфікатаў, а мне наўпрост адказвалі, што гэта зроблена дзеля таго, каб вы далей не маглі нічога зрабіць і вызвалілі на рынку месца для сеткавых маркетаў, для новых брэндаў».

Яшчэ адна гандлярка, спадарыня Валянціна лічыць, што беларускія чыноўнікі відавочна не вывучалі ніякіх эканамічных навукаў, паколькі самі пілуюць сук на якім сядзяць.

«Хрэстаматыйная рэч, што фундамэнт любой эканомікі любой краіны — гэта малы бізнэс. Калі яго ня будзе, ня стане фундамэнта на якім усё трымаецца, казна апусьцее».

А вось спадарыня Тамара перакананая, што ўсе чыноўнікі вывучалі эканамічныя законы, але, паводле яе, усе законы прынятыя ўладамі адносна прадпрымальніцкай дзейнасьці, прымаюцца наўмысна так, каб іх немагчыма было выканаць. Чыноўнікі, паводле яе, не выяўляюць дасьведчанасьці ў праблемах прадпрымальнікаў.

«Сёньня задайце пытаньне любому чыноўніку ў аблвыканкаме, які займаецца прадпрымальніцтвам, — колькі мы плацім арэнды і падаткаў. Ён будзе казаць: мільён-два. Яны нават не ўяўляюць, што мы плацім 14- 15 мільёнаў у месяц арэнды. І падатак мы плацім па 10 мільёнаў, хаця яны скажуць, што мільён 950 тысяч, бо ў іх такая тарыфная стаўка. А гэтая стаўка памнажаецца на чатыры ў адным выпадку і ПДВ памнажаецца на два ў другім выпадку — і разам атрымліваецца 10 мільёнаў. Але ніхто зь іх гэтага ня ведае».

Гарадзенскі рынак «Карона»
Гарадзенскі рынак «Карона»

Спадар Уладзімер распавядае, што прадае жаночае адзеньне на працягу апошніх 20 гадоў. Гэта іх сямейны бізнэс і заўсёды раней дастатак іх сям’і залежаў ад таго, як яны працуюць. Зараз, паводле яго, ад іх сям’і нічога не залежыць, хаця яны хочуць чэсна і добрасумленна выконваць сваю працу. Прычым, бізнэс падрываюць ня толькі патрабаваньні сэртыфікаў, але яшчэ болей тое, што моцна зьнізілася пакупніцкая здольнасьць людзей.

У свае няпоўныя 60 гадоў я застануся бяз працы і жонка мая таксама, і многія маладыя. Я проста ня ведаю, што будзе далей

«На сёньняшні дзень ужо стала невыносна працаваць. Ну, можна яшчэ зрабіць тыя сэртыфікаты, але за якія грошы, калі пакупніцкая здольнасьць зьнізілася ў параўнаньні нават зь мінулым годам у два-тры разы. Цяпер самы час, калі перад сьвятамі людзі куплялі падарункі, а зараз ніхто нічога не набывае. Калі ня будзе ніякіх зьменаў, то 80% пасьля Новага году пойдуць з рынку. Вядома, гэта страх, папросту страх. У свае няпоўныя 60 гадоў я застануся бяз працы і жонка мая таксама, і многія маладыя. Я проста ня ведаю, што будзе далей».

Альберт і Галіна гандлююць мужчынскім адзеньнем. Кажуць, што імкнуцца распрадаць максымальна тавар па зьніжаных цэнах, бо ўжо перакананыя, што пасьля Новага году працаваць ня здолеюць. Паводле Альберта, грошы і так ня вярнуць, але каб хоць потым гэты тавар нідзе ўжо не валяўся незапатрабаваным. Спадар кажа, што не ўяўляе той лёгікі чыноўнікаў, паводле якой трэба зачыніць прадпрымальнікаў, якія самі на сябе зарабляюць і яшчэ плацяць падаткі ў казну.

«Вельмі крыўдна, мы ўжо столькі гадоў з жонкай тут адпрацавалі і цяпер застаемся проста на вуліцы, а нам ужо не па 25 гадоў. Крыўдна, бо і падаткі плацім афіцыйна, цалкам, нічога ад дзяржавы не патрабуем, наадварот, толькі даем. Чым мы перашкаджаем — я не разумею. Будзем зачыняцца пасьля Новага году, хаця ўжо вельмі многія зачынілі дзейнасьць у сьнежні...».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG