Расейскі плян па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Сырыі супадае ў ключавых аспэктах з амэрыканскім, «як гэта ня дзіўна падасца», — заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, адказваючы сёньня на пытаньні журналістаў у часе сваёй вялікай штогадовай прэсавай канфэрэнцыі.
Па словах Пуціна, расейскі плян прадугледжвае сумесную працу над канстытуцыяй, стварэньне інструмэнтаў кантролю за будучымі датэрміновымі выбарамі, самі выбары і прызнаньне іх вынікаў. Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што пазыцыя Масквы па сырыйскаму прэзыдэнту Башару Асаду застаецца нязьменнай: толькі сырыйскі народ павінен вызначыць, хто ім будзе кіраваць і па якіх стандартах.
ЗША і іх саюзьнікі лічаць, што палітычнае ўрэгуляваньне шматгадовага канфлікту ў Сырыі немагчымае без адстаўкі Асада.
Адказваючы на пытаньні аб адносінах з Турэччынай, Уладзімер Пуцін назваў «варожым актам» дзеяньні ў дачыненьні да зьбітага турэцкімі ВПС у раёне турэцка-сырыйскай мяжы расейскага бамбавіка Су-24. Як адзначыў Пуцін, Маскву асабліва кранае той факт, што яна не адмаўлялася ад супрацоўніцтва з Турэччынай. Расейскі прэзыдэнт адзначыў, што Расея прывяла ў парадак сродкі СПА ў Сырыі. «Калі Турэччына там яшчэ лётала і пастаянна парушала паветраную прастору Сырыі, дык зараз няхай палётаюць», — падкрэсліў Пуцін.
Анкара настойвае, што зьбіты 24 лістапада расейскі бамбавік парушыў яе паветраную прастору. У Маскве гэта абвяргаюць. Расея ўвяла супраць Турэччыны эканамічныя санкцыі.