Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 2. Варожы Захад


Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

Некалькі гадоў таму я быў сьведкам, як загінуў адзін такі таракан.

Таракан стары. Народжаны ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай, ускормлены лепшымі пёрамі Расеі, ад Пушкіна да Цютчава, падмацаваны польскімі цывільнымі ды нямецкімі вайсковымі ўладамі. І хоць жыхары Беларусі даўно карыстаюцца народжанай у нэтрах Пэнтагону тэхналёгіяй GSM. І хоць ўзброенага заходняга вайскоўца апошні раз бачылі толькі па дарозе на сьвяшчэнную гару «Акропаліс», куды дабіраюцца на заходніх мэрсах і фордах, пакінуўшы волгі з масквічамі ў страшных снах. І хоць цэны з заробкамі лічаць выключна ў зялёных. (Не забуду цудоўны дыялёг на рынку паміж пакупніком-расейцам і гандляром-беларусам. «А сколько это будет в российскіх рублях?» «Вы находзіцесь в Рэспубліке Беларусь. Таму будзьце дабры ўсё расчытываць у доларах США».) Але ўсё гэта не замінае варожа-заходняму таракану жыць у беларускай галаве. У гэтага старога таракана ласкавае жаночае імя. Ната.

Цягнік Гомель-Рыга. Вагон-рэстаран. Я стаю перад стойкай па піва. Перада мной высокі, аб’ёмны, кучаравы бляндыністы піжон у цёмных дарагіх акулярах і з навушнікамі ўвушшу.

Размаўляе піжон зь нейкім робленым «прыбалтыйскім» акцэнтам. Як у анэкдотах пра эстонцаў. («Нээ клюйооот», – кажа другі сын праз паўгадзіны пасьля «нээ клюйооот» першага сына. Праз гадзіну ўступае бацька. «Мноога трындыттээ. Вотт і нэ клюйооот».) Піжон замаўляе сто грам каньяку і «бааначку ріжскіх шпрооот». І далей гэты «эстоонец» сам стварае анэкдот.

Буфэтчыца, відаць, расейская рыжанка, весела падыгрывае кліенту. «О! Я Ваам нэ савеееттую брать ріжскіе шпрооты». «О! – ажыўляецца піжон, – поччемуу Вы нэ саветтуеце брать ріжскіе шпроотты?» «Оні, ізвінітте, не оччень свеежіе». «О! Я чітаал в руссскіх газееттах, что “поккупаяя бааночку ріжскіх шпроотт, Вы поддержіваетте латышскіх леггіонееровв эсэс”. Я оооччень хочу іх поддержаать!»

З буфэтчцы ўсьмешку як рукой зьняло. А піжон тым часам сеў за столік, надзеў навушнікі і выпіў каньяку.

За суседнім столікам сядзелі тры суворыя мужыкі. Яўна зь нейкага сілавога ведамства. Цяжкія позіркі з-пад цяжкіх павекаў. Выпілі ня чокаючыся гарэлкі, некага памінаючы. І тут адзін зь «сілавікоў» махнуў рукой у бок «эстонца».

«Ізвініттее…», – шырока ўсьміхнуўся «эстонец» дастаючы навушнік.

«Вы із Еўропы?», – спытаў суворы «сілавік».

«О, даа! Я із Европпы!», адказаў «эстонец» і надзеў навушнікі.

Праз хвіліну, калі кожны выпіў свае чарговыя 50 грам, з боку «сілавікоў» ізноў памахалі.

«Простітте», – «эстонец» ізноў выняў навушнік.

«Ну, і што дала вам эта Ната?»

«О! Северо-Атлантічческій альянс являается едінственной вооружонной гарантіей наашего суверэніттетта! Простітте». Ён зноў запіхнуў навушнік у вуха і наліў сабе каньяку.

А далей адбылося нечаканае.

«Не, а што канкрэтна Вам дала эта Ната? Вот вы ўступілі ў Ната. І што? Лучшэ вам стала?»

«Но мы есчё не вступілі в НАТО. Мы только собіраемся в него вступаать», – расьцягнуў «эстонец» твар у штучнай зубастай усьмешцы.

«Как не ўступілі?», – не сунімаліся «сілавікі», – Вы с какой Европы?» «Латвія? Эстонія?»

І тут «эстонец» прыспусьціў чорныя акуляры, прыбраў усьмешку і, гледзячы проста ў вочы «сілавікам», павольна і без акцэнту сказаў. «Мінск. Беларусь. Ваша здароўе!»

Выпіў апошні кілішак і выйшаў з рэстарану.

А я з задавальненьнем назіраў, як цяжка падыхаў таракан у трох «сілавых» галовах. Торгаўся ў мазгах, валтузіўся, прыносячы сваім гаспадарам немалыя пакуты. Ад спалучэньня неспалучальнага. Але здох.

«Сілавікі» больш не пілі і не размаўлялі. Моўчкі даехалі да Менску, дзе ўсе мы і выйшлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG