Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 14. Просты народ


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Гэта таракан-матрошка: тлусты, даўні, нацёрты да бляску як мэдаль, і вельмі маніпулятыўны.

Таракан «просты народ» – з панцырам на некалькі слаёў.

Першы слой – слова «народ». Народ, народжаны, род – першапачатковы сэнс ідзе каранямі ў першабытнае грамадзтва. У Сярэднявеччы «народ» – людзі, зь якіх корміцца фэадал. Пазьней «народ» замяняе панятак «грамадзянаў», то бок, вольных людзей. Яшчэ бліжэй у часе «народ» замяняе сабою слова «насельніцтва», калі панятак азначае ўсе станы, ад прыгоннага да арыстакрата. А таму ўзьнікае патрэба адрозьніваць якасьць народу.

«Просты»: неадукаваны, некваліфікаваны – большасьць. У СССР «просты народ» падаваўся як галоўны прыярытэт для «няпростага». Што сёньня?

Вось бабулькі з Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці з апошнім хітом байнэту – «Песьняй пра Лукашэнку». Яны відавочна «просты народ» – са сьветаўспрыманьнем у лепшым выпадку з ХІХ ст. Неадукаваныя, некваліфікаваныя, залежныя ад самага дробнага начальства. А начальства ў іх – «ад Бога», «цар – добры», «штосьці як-небудзь будзе, а як – ня нам вырашаць» і падобнай філязофіяй, калі чалавек падкрэсьлівае свой няўдзел у жыцьці грамадзтва. Бо грамадзтва – гэта ўжо не народ, гэта больш складана.

Грамадзтва – гэта ня толькі абавязкі, але і правы. Грамадзтва – гэта выбар асобы, прыняцьце самастойных рашэньняў ня толькі ў маштабах свайго гароду, але ўсёй краіны. Грамадзянін – крытычны, ён не напіша хваласьпеў начальству. Гэта начальства мусіць з усіх сіл падтрымліваць свой імідж у вачох грамадзяніна, каб не зьнялі з пасады большасьцю галасоў.

«Просты народ» – таракан-джойсьцік. Адным ён дазваляе ўзвысіцца: «Не чапайце просты народ!», «Вы не разумееце просты народ!», «Вы далёкія ад простага народу!». Гэта словы «грамадзкі актыўных» грамадзянаў, якія крытыкуюць грамадзкіх жа актывістаў за няправільную работу «з народам».

Другім – зьняць зь сябе адказнасьць за ўласны лёс: «Мы людзі простыя, мы ў паліціке ні панімаем».

Трэцім – пагуляцца і ў «простых», і ў «няпростых», у залежнасьці, адносна каго дзейнічаць.

Напрыклад, перад кожнымі выбарамі задумваюся пра «асобую роль в обшчастве жэншчыны з начосам». Маюцца на ўвазе ўжо не вясковыя бабулькі, а дробныя начальніцы: старшыні прафкамаў, загадчыцы паліклінік, магазінаў, дырэктрысы школаў і завучы – самыя розныя асобы «на пасадах», якія сьлепа выконваюць загады свайго больш высокага начальства. Хто «ідзе ў дэпутаты», хто ў выбарчыя камісіі. Усе разам фальшуюць выбары, і ператвараюць іх у балаган-шоў.

Для вясковых бабулек яны няпростыя – начальства. Для публікі – «выхадцы з простага народу». А насамрэч, для ўласнага начальства яны такія ж самыя «бабулькі», толькі з больш шырокім функцыяналам.

Практычная выгада ад таракана «просты народ» належыць тым, хто з дапамогай фізычных (фальшаваньне выбараў) ды ідэалягічных маніпуляцый мае доступ да ўлады, і адпаведна большых рэсурсаў. «Беларусь – дзяржава для народу» стаяць біг-борды па ўсёй краіне. То бок, ёсьць хтосьці з грамадзянаў, для каго дзяржава павернутая сьпінай? Калі так, то што значыць дзяржава? Група чыноўнікаў? Выглядае, што так.

«Я ім даў тое, я ім даў сёе, а яны ня справіліся», – рэгулярна скардзіцца галоўны начальнік краіны ў тэлевізары. То бок, ёсьць дзяржава як самастойная адзінка, і ёсьць народ, як асобная супольнасьць. Гэта тыя самыя адносіны Сярэднявечча між фэадалам і «ягоным народам».

А ёсць «вырадкі». Гэта тыя людзі зь беларускім пашпартам, хто не трапляе ў «саюз дзяржавы і народу», хто не паддаецца ідэалягічнай апрацоўцы і не прымае навязаныя правілы гульні. Гэта не народ, гэта грамадзяне.

«Беларусь – супольнасьць грамадзянаў» мусіць быць напісана ў падручніку для першага клясу. У падручніку для дзяцей, а не на біг-бордах па ўсёй краіне. Бо навошта ўвесь час пераконваць у тым, што і так відавочнае.

А пакуль таракан імкнецца пераканаць у адваротным. У тым, што Беларусь – фэадальная краіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG