Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: нізкія цэны на нафту захаваюцца як мінімум на 2 гады


Цана на нафту ў наступным годзе будзе вагацца ў калідоры ад 35 да 55 даляраў за барэль.

Такі прагноз у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» зрабіў спэцыяліст па нафтагазавай галіне, заснавальнік і партнэр кансалтынгавага агенцтва «Rusenergy» Міхаіл Круціхін.

Міхаіл Круціхін
Міхаіл Круціхін

«Калі адкінуць сюрпрызы, накшталт ваенных дзеяньняў у раёне здабычы нафты або на шляхах яе дастаўкі, то, абапіраючыся на фундамэнтальныя паказчыкі, гэта значыць, на попыт і прапанову, можна чакаць, што нізкія цэны захаваюцца як мінімум два гады, а магчыма і далей, паколькі я бачу цяпер гарызонт прадказаньняў у эканамістаў прыкладна дзесяці гадоў нізкіх коштаў. Узровень такіх коштаў — дзесьці вакол сярэдняй лініі 45 даляраў за барэль гатунку Brent — на мой погляд, будзе вагацца ўверх і ўніз пад уплывам імгненных фактараў, але ў цэлым заставацца ў межах больш ці менш вузкага калідора: наверх да 55, ўніз да 35», — мяркуе экспэрт.

Круціхін лічыць, што расейская эканоміка аказваецца як бы ў цугцвангу — яна ня можа скараціць пастаўкі нафты для павышэньня цаны, таму што трэба ўвесь час папаўняць бюджэт, але, павялічваючы пастаўкі нафты на зьнешні рынак, Расея тым самым спрыяе яе нізкай цане.

Гэта для эканомікі вельмі трывожная сытуацыя.

«Гэта становішча зусім бязвыхаднае, тым больш, што і ўрад відавочна гарызонту плянаваньня ня мае. Ім трэба цяпер пабольш дзесьці ўхапіць, хай нават для напаўненьня бюджэту і для напаўненьня ўласнай кішэні, але тое, што будзе гадоў празь пяць — для іх ужо terra incognita, туды яны не зазіраюць і нават баяцца сабе ўявіць, што там атрымаецца. Гэта для эканомікі вельмі трывожная сытуацыя», — лічыць ён.

Круціхін адзначае, што ў мінулым годзе ў фэдэральным бюджэце Расеі было 52% ад нафтагазавых даходаў, а цяпер па некаторых падліках гэта дзесьці 43%.

«Я думаю, што ў наступным годзе будзе яшчэ менш. Бюджэт вельмі моцна пацерпіць — гэта азначае скарачэньне ВУП, скарачэньне прыбытку і скарачэньне асыгнаваньняў на сацыяльныя патрэбы. Паколькі скарачаць выдаткі на ваенныя мэты і на службы бясьпекі ніхто не зьбіраецца, значыць, скарачаць будуць пэнсіі, выдаткі на навуку, на адукацыю, на ахову здароўя, на сацыяльныя артыкулы», — гаворыць экспэрт.

Бюджэт вельмі моцна пацерпіць — гэта азначае скарачэньне ВУП, скарачэньне прыбытку і скарачэньне асыгнаваньняў на сацыяльныя патрэбы.

Агенцтва Bloomberg ў канцы лістапада правяло апытаньне, падчас якога большасьць экспэртаў зрабілі адназначную выснову: калі цана на нафту ўпадзе да 30 даляраў за барэль, Расеі пагражае наймагутнейшае ўзрушэньне яе фінансавай і падатковай сыстэмы.

Сьвежы прагноз, які зьмяшчаецца ў аглядзе Bank of America Merrill Lynch, кажа, што падзеньне рубля ў будучым годзе — прычым, падзеньне не самаадвольнае, а дапушчанае ўладамі Расеі для выкананьня расходных артыкулаў бюджэту — можа дасягнуць курсу ў 94 рублі за даляр. Калі цана ў 35 даляраў за барэль захаваецца ў 2016 годзе, то толькі пры такім курсе даляра да рубля расейская эканоміка зможа выканаць намечаны плян бюджэтных расходаў і вытрымаць 3% дэфіцыту бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG