Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пра авіябазу. Другая спроба


Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Ўладзімер Пуцін
Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Ўладзімер Пуцін

Аляксандар Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візытам у Расею. Сёньня ў яго заплянаваныя перамовы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным.

Як паведамляе афіцыйны сайт Крамля, «15 сьнежня адбудуцца перамовы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па шырокім спэктры актуальных пытаньняў расейска-беларускіх дачыненьняў і міжнароднага парадку дня... Асаблівую ўвагу мяркуецца надаць далейшаму паглыбленьню эканамічнай інтэграцыі на эўразійскай прасторы і мерам па нарошчваньні гандлёва-інвэстыцыйнага супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы».

Першапачаткова паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Расею плянавалася на 25-26 лістапада. Тады падкрэсьлівалася, што першы замежны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта Беларусі пасьля ягонай пятай інаўгурацыі адбудзецца па традыцыйным расейскім маршруце.

Аднак 24 лістапада было нечакана абвешчана, што візыт перанесены. Як патлумачыў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў, «у сувязі з загружанасьцю рабочых графікаў прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі».

За гэтыя 20 дзён Лукашэнка прыняў у Менску прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, пабываў зь візытамі ў Віетнаме і Туркмэністане.

Галоўнае пытаньне — расейская авіябаза ў Беларусі

Расейскія зьнішчальнікі Су-27, ілюстрацыйнае фота
Расейскія зьнішчальнікі Су-27, ілюстрацыйнае фота

Экспэрты лічаць, што цэнтральнае пытаньне на перамовах — расейская авіябаза на тэрыторыі Беларусі. Падставай для такога меркаваньня стала распараджэньне Пуціна аб стварэньні расейскай авіябазы ў Беларусі. Пра гэта стала вядома 9 верасьня, калі дакумэнт зьявіўся на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

«Прыняць прапанову ўраду Расейскай Фэдэрацыі аб падпісаньні Пагадненьня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў распараджэньні.

Пуцін даручыў міністэрствам абароны і замежных спраў правесьці перамовы зь беларускім бокам і пасьля дасягненьня дамоўленасьцяў падпісаць пагадненьне. У дакумэнце запісана, што база ствараецца мінімум на 15 гадоў з аўтаматычным працягам кожныя 5 гадоў, калі адзін з бакоў не паведаміць другому пра жаданьне скасаваць пагадненьне. Месца дысьлякацыі базы не называецца.

Памочнік расейскага прэзыдэнта ў міжнародных пытаньнях Юры Ўшакоў за пяць дзён да мяркуемай лістападаўскай сустрэчы заявіў, што адной з тэмаў сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі стане стварэньне расейкай авіябазы ў Беларусі. «Відавочна, гэтая тэма яшчэ не да канца закрытая», — падкрэсьліў тады Ўшакоў.

Што пра авіябазу гаварылі раней

Неафіцыйныя размовы пра расейскую авіябазу на беларускай тэрыторыі пачаліся яшчэ раней. Так, у кастрычніку 2014 году галоўнакамандуючы вайскова-паветранымі сіламі Расеі Віктар Бондараў заявіў пра магчымае разьмяшчэньне расейскай базы ў Беларусі пад Бабруйскам.

Сёлета ў чэрвені міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што пытаньне аб разьмяшчэньне расейскай авіябазы — палітычнае:

Андрэй Раўкоў
Андрэй Раўкоў

«Пытаньне пра час і месца стварэньня расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі цяпер знаходзіцца ў палітычнай плоскасьці яго рашэньня».

А ў кастрычніку Андрэй Раўкоў паведаміў, што кансультацыі па ўмовах разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы завершаныя, канчатковае рашэньне — за кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Тады ж Раўкоў сказаў, што ня бачыць сэнсу разьмяшчаць базу, ён лічыць больш эфэктыўным мець сродкі, якія здольныя зьнішчыць аб’екты праціўніка:

«Які сэнс разьмяшчаць авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі? Пакуль сэнсу няма. Чаму? Разважаньні такія: нашы суседзі, асабліва зноў абраны прэзыдэнт Польшчы — ён просіць НАТО (і яны пагадзіліся) разьмясьціць чатыры базы рознага прызначэньня, у тым ліку і авіяцыйнага, практычна ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы зь Беларусьсю. І адказ просты: дык, можа, мы возьмем нейкія сродкі зьнішчэньня, якія могуць своечасова ў патрэбным месцы ў патрэбны час нанесьці паразу гэтым аб’ектам? Гэта будзе нашмат больш эфэктыўна, чым авіяцыйная база».

Генэрал Ляпкін прагаварыўся

Апошнім па часе, 24 лістапада, пра базу выказаўся начальнік апэратыўнага ўпраўленьня галоўнага камітэту Паветрана-касьмічных сілаў Расеі Аляксандар Ляпкін. Генэрал заявіў, што «на аэрадроме «Бабруйск» плянуецца трымаць адну авіяцыйную эскадрыльлю зьнішчальнікаў (12 баявых самалётаў) і зьвяно верталётаў (4 транспартна-баявыя верталёты Мі-8). Паводле ягоных словаў, склад расейскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацьверджаныя.

Генэрал Ляпкін зьвярнуўся да беларускіх калегаў з просьбай «паскорыць правядзеньне ўсіх неабходных працэдураў па падрыхтоўцы гэтага пагадненьня да падпісаньня». Расейскі генэрал таксама сказаў, што дакумэнт ужо ўзгоднены зь беларускім бокам. І нарэшце Ляпкін выказаў меркаваньне, што пытаньне ад падпісаньні пагадненьня можа быць разгледжанае на сустрэчы прэзыдэнтаў дзьвюх краін.

Пазыцыя Лукашэнкі

Беларускі кіраўнік доўгі час рабіў выгляд, што нічога ня ведае пра расейскія намеры. 6 кастрычніка на сустрэчы з жыхарамі Менскага раёну Лукашэнка заявіў:

Гаворкі пра тое, каб разьмясьціць расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі, ніколі не вялося. Я нічога пра гэта ня ведаю.

«Гаворкі пра тое, каб разьмясьціць расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі, ніколі не вялося. Я нічога пра гэта ня ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэньне — я, пра гэта нічога ня ведаю».

Тады ж Лукашэнка заявіў, што ягонай краіне не патрэбная расейская вайсковая база, і выказаў незадавальненьне, што гэтая тэма зьявілася ў расейскіх СМІ.

Што прагназуюць экспэрты

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адзначае, што камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі генэрал-маёр Алег Двігалёў паведаміў: пасьля 2020 году Беларусь плянуе атрымаць на ўзбраеньне расейскія самалёты «Су-30 СМ»:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Відаць, сытуацыя вырашылася ў тым рэчышчы, у якім хацеў бы Лукашэнка. То бок, ён хацеў найперш, каб базаў не было, а каб беларусы атрымалі гэтыя ўдарныя самалёты ва ўласную эксплёатацыю. І выглядае, што Пуцін пайшоў у прынцыпе насустрач Лукашэнку ў гэтым пытаньні. То бок, базы пакуль ня будзе, а самалёты будуць. Тым больш, што машыны гэтыя вельмі дарагія, па 30-40 мільёнаў даляраў кожная. Гэта адзін з самых сучасных расейскіх зьнішчальнікаў.

Таму можна зрабіць такую выснову. З улікам таго, што сытуацыя ва Ўкраіне крыху разрадзілася, вастрыня канфлікту паміж Расеяй і НАТО вакол Украіны крыху спадае, а інтарэс Расеі ляжыць цяпер у раёне Сырыі. І падобна, што бліцкрыгу там не атрымаецца, расейская авіяцыя там будзе задзейнічаная надоўга. Абвастраецца і сытуацыя ў раёне Цэнтральнай Азіі, дзе таксама можа спатрэбіцца расейская авіяцыя.

Таму пытаньне пра базу ў Беларусі калі не зьнятае, то адкладзенае. І паколькі ні міністар абароны, ні камандуючы Двігалёў не зьяўляюцца самастойнымі фігурамі ў такіх рашэньнях, можна меркаваць, што яны трансьлююць думкі галоўнакамандуючага Лукашэнкі. Ну, а той, відаць, мае нейкія пагадненьні з Пуціным.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў кажа, што ў яго няма ніякіх ілюзіяў наконт таго, што Лукашэнка адмовіць Пуціну ў разьмяшчэньні авіябазы на тэрыторыі Беларусі:

Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў

— Вайна, якую вядзе Расейская Фэдэрацыя супраць ІДзІЛ, будзе яўна шкодзіць перамовам прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі. Пуцін, як рэальны, а не парадны галоўнакамандуючы, будзе глядзець на супрацу зь Менскам выключна праз карыснасьць Беларусі ў супрацьстаяньні зь міжнародным тэрарызмам.

Лукашэнка, натуральна, адмовіць Пуціну ў разьмяшчэньні базы Ваенна-касьмічных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Беларусі. Я ўжо не аднойчы адзначаў, што беларускі прэзыдэнт выключна ўважліва ставіцца да замарожваньня заходніх санкцыяў адносна Беларусі і глядзіць цяпер на зьнешнюю палітыку «дзіцячымі» вачыма. Зразумела, што зьяўленьне ў Беларусі расейскай базы імгненна зрывае ўсе сцэнары паляпшэньня дачыненьняў паміж Менскам і Захадам. Адказ беларускага боку можа быць завуаляваны прапановамі яшчэ раз правесьці цыкль перамоваў, параіцца з дэпутатамі і г.д.

Пра што яшчэ будуць гаварыць Пуцін і Лукашэнка

Перад сустрэчай, якая плянавалася на 26 лістапада, Юры Ўшакоў паведаміў, што два прэзыдэнты будуць абмяркоўваць узаемадзеяньне ў рамках СНД і Эўразійскага эканамічнага саюзу, будоўлю Астравецкай атамнай станцыі ды некаторыя іншыя праблемы ўзаемадзеяньня.

Выглядае, што размова ня будзе простай. Нездарма ж 16 лістапада на сустрэчы з амбасадарам Расеі Аляксандрам Сурыкавым Лукашэнка заявіў, што «гатовы да сур’ёзнай размовы на тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў».

У інтэрвію тэлеканалу СТВ расейскі амбасадар патлумачыў сутнасьць пытаньняў, якія ёсьць у Крамля да Лукашэнкі:

«Пытаньні ў тым найперш, хто стратэгічны партнэр Беларусі, у каго найбольшыя сур’ёзныя гандлёва-эканамічныя стасункі, куды эканамічны і палітычны вэктар разьвіцьця Беларусі сёньня схіляецца. Вось і ўсё пытаньне».

Лукашэнка зноў паспрабуе стаць міратворцам

Пасьля тых дывідэндаў, якія Лукашэнка набыў на расейска-ўкраінскім канфлікце, ён зусім ня супраць выступіць міратворцам і другога канфлікту — расейска-турэцкага. 12 сьнежня ён заклікаў Расею і Турцыя пайсьці на ўступкі і кампрамісы для аднаўленьня добрых адносінаў. Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў у Ашхабадзе на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай 20-годзьдзю нэўтралітэту Туркмэністану:

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

«Трэба пераадолець усялякія нагнятаньні запалу і знайсьці магчымасьць зрабіць для пачатку хаця б паўкроку насустрач адзін аднаму. І праблема вырашыцца. Адновяцца тыя добрыя, блізкія адносіны, якія былі паміж гэтымі народамі і дзяржавамі і абавязкова будуць».

«Памылкі ў гэтым бурным сьвеце непазьбежныя, і іх трэба не нагнятаць, а вырашаць. Даруйце мне, гэта тычыцца і апошняга канфлікту паміж нашай Расеяй і дружалюбнай нам Турцыяй», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Палітычныя аглядальнікі зьвяртаюць увагу на тое, што з гэтым заклікам беларускі лідэр выступіў напярэдадні сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі. З другога боку, пасьля таго, як турэцкія лётчыкі зьбілі расейскі Су-24, канфрантацыя Масквы з НАТО можа выйсьці на новы ровень. Таму неабходнасьць мець сваю авіябазу ў Беларусі для Крамля толькі абвострыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG