Расейскі ваенны экспэрт Яўген Сатаноўскі мяркуе, што ў Беларусі закупляецца зброя, боепрыпасы і вайсковыя прылады, якімі Катар і ААЭ забясьпечваюць тэрарыстаў груповак ІДзІЛ, што ваююць у Сырыі і Іраку.
Артыкул «Пасобнікі і арсэналы тэрарызму», падрыхтаваны на падставе дасьледаваньняў Яўгена Сатаноўскага ў «Ваенна-прамысловым кур’еры», зьмясьціла расейскае выданьне «Взгляд».
Акрамя абвінавачаньняў кіраўніцтва Турэччыны ў гандлі нафтай з ІДзІЛ, Яўген Сатаноўскі робіць закіды і на адрас Беларусі. Паводле расейскага дасьледчыка, Катар і ААЭ закупляюць у Беларусі пераносныя зэнітна-ракетныя комплексы (ПЗРК), ручныя процітанкавыя гранатамёты (РПГ) ды іншую зброю, а потым гэта ўсё пастаўляецца лібійскім ісламістам, баевікам на Сынаі і сырыйскім прыхільнікам ІДзІЛ.
«Раней ключавое месца ў такіх пастаўках займалі Паўночная Карэя і сэрбскія гандляры зброяй. Цяпер асноўны акцэнт робіцца на Менск, што ператварае Беларусь у найбуйнейшага пастаўшчыка зброі для лякальных канфліктаў», — робіць выснову Яўген Сатаноўскі. Сярод доказаў дасьледчыка таксама фігуруюць зьвесткі пра блізкае сваяцтва амбасадара ААЭ ў Менску з гандляром зброяй з ААЭ.
Паступова афіцыйныя і гандлёвыя сувязі Беларусі і ААЭ становяцца ўсё больш шчыльнымі. У канцы 2013 году ў гэтую ўплывовую арабскую краіну зь візытам езьдзіў памочнік Аляксандра Лукашэнкі ў справах нацыянальнай бясьпекі Віктар Лукашэнка. Зусім нядаўна, у сярэдзіне лістапада, Менск наведала вайсковая дэлегацыя ААЭ на чале з начальнікам войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны палкоўнікам Рашыдам Адзь-Дахеры. Але наколькі імаверна, што за гэтымі кантактамі стаяць пастаўкі беларускай зброі баевікам ІДзІЛ?
Ваенны экспэрт Андрэй Паротнікаў у такую магчымасьць ня верыць:
«Найперш, рынак „шэрай зброі“ даўно падзелены, туды нават пра жаданьні ўціснуцца будзе цяжка. Асноўнымі крыніцамі паставак зброі для лякальных канфліктаў застаюцца, сапраўды, балканскія краіны, і ня толькі Сэрбія. А другая крыніца — Пакістан. Прыкладам, зараз адзначаны пастаўкі пакістанскіх ПЗКТ „Анза“, якія ёсьць рэплікай савецкай „Иглы“. Ці можа туды ўціснуцца яшчэ і Беларусь? Па-першае, падобнай зброі ў нас засталося зусім няшмат. У 90-я гады, сапраўды, шмат прадавалі звычайнай зброі, але яе мала засталося. І па-другое — ці варта гандляваць звычайнай зброяй за тыя кошты, якія ўсталяваліся? Колькі можна ўзяць за „Калашнікаў“ 50-х—60-х гадоў вытворчасьці, калі новы можна набыць за 150 даляраў? Добра, калі 50. То бок гэтая гульня ня вартая тых сьвечак і праблемаў, якія пацягнуцца. Але тут ёсьць і палітычны момант, бо беларускае кіраўніцтва ўсё ж падтрымлівае Дамаск. І тыя захады з боку Захаду, якія былі адносна пазыцыі Беларусі, тычыліся якраз паставак Дамаску, а не ІДзІЛ».
Чаму зьявіліся абвінавачаньні ў пастаўках беларускай зброі тэрарыстам ІДзІЛ з боку расейскай крыніцы? Андрэй Паротнікаў лічыць, што гэта ня проста меркаваньне экспэрта.
Падаецца, гэта ня проста фантазіі Сатаноўскага, а замова
«Падаецца, гэта ня проста фантазіі Сатаноўскага, а замова. Гэта элемэнт псыхалягічнага ціску на беларускія ўлады, зьвязаны з тэматыкай авіябазы. Гэтаксама два тыдні таму расейскія крыніцы абвінавацілі ўкраінскі бок у пастаўках зброі ІДзІЛу, што нібыта нават ёсьць дамова аб пастаўках супрацьпаветраных комплексаў сярэдняга радыюсу дзеяньня тыпу „Пячора“. Цяпер амаль тое самае гучыць адносна Беларусі, хоць ніякіх доказаў няма. Тыя факты, якія прыводзіць Сатаноўскі, называючы пэўныя фірмы з ААЭ, нічога ня вартыя. ААЭ — гэта фактычна адкрытая гандлёвая зона, там фірмы могуць гандляваць адначасова спрабаваць чым заўгодна, але гэта не азначае, што такі гандаль ідзе», — мяркуе экспэрт.
Пры гэтым Андрэй Паротнікаў не выключае, што Беларусь працягвае аказваць дапамогу Дамаску, у тым ліку праз рамонт баявой авіятэхнікі, што не забаронена міжнароднымі пагадненьнямі.
Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін гэтак ацэньвае патэнцыял вайсковага гандлю Беларусі з Сырыяй пад кіраўніцтвам Асада.
«Сырыя раней купіла ў нас зьнішчальнікі-бамбавозы „Міг-23“, прыкладна 40–60 такіх самалётаў яны набылі ў нас. Гэта ўдарныя самалёты, але дастаткова старыя. Беларусь ад іх адмовілася, калі палічыла, што цяжка пры наяўнасьці „Міг-29“ і „Су-27“ падтрымліваць у баяздольным стане такі разнастайны авіяпарк, які ў нас быў. Але гэтым самалётам мы можам зрабіць мадэрнізацыю, у тым ліку адрамантаваць іх там у Сырыі, ёсьць такая паслуга. А там жа вядуцца баявыя дзеяньні, самалёты страчваюцца ці яны атрымліваюць пашкоджаньні. Яшчэ гаворка пра самалёты старых узораў „Су-17“, „Су-22“, якія ёсьць у Сырыі з часоў СССР. Іх рамонт таксама могуць зрабіць адмыслоўцы нашага 558-га заводу. Плюс можам прадаваць праграмы мадэрнізацыі. Зь іншай зброі, якую мы цяпер можам прадаваць Сырыі, мяркую, гаворка можа ісьці пра сродкі супрацьпаветранай абароны і пра мадэрнізацыю такіх сродкаў — радыёлякацыйных, зэнітна-ракетных».