Пра гэта заявіў журналістам намесьнік кіраўніка Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд, які знаходзіцца ў Менску зь візытам. Спадар Віганд сказаў, што «тэкст пагадненьня фактычна гатовы, мы можам парафіраваць яго і далей падпісваць».
«Адзіная замінка з уладальнікамі дыпляматычных пашпартоў. Мы лічым і спрабуем пераканаць беларускі бок у тым, што яны таксама павінны праходзіць адпаведны ўзровень тэхнічнай бясьпекі».
Пагадненьне пра спрашчэньне візавага рэжыму паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу прадугледжвае,што шэнгенская віза будзе каштаваць для беларусаў не 60, а 35 эўра. У пэўнай ступені спрашчаюцца магчымасьці выдачы візаў.
Характарызуючы ў цэлым сытуацыю стасункаў паміж ЭЗ і РБ спадар Віганд сказаў:
«Мы знаходзімся на шляху пакрокавага паляпшэньня дачыненьняў паміж Эўрапейскім Зьвязам і Рэспублікай Беларусь. Гэта зьвязана з дзьвюма рэчамі: вызваленьнем палітвязьняў у Беларусі і часовым прыпыненьнем санкцыяў ЭЗ супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў».
Віганд прыйшоў на сустрэчу з журналістамі пасьля размовы з намесьніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной. Ён сказаў, што падчас размовы бакі вызначылі 7 прыярытэтаў, у якіх Менск і Брусэль гатовыя супрацоўнічаць. Сярод іх энэргетыка, транспарт і правы чалавека.
Адносна таго, якіх крокаў ад афіцыйнага Менску чакаюць у Брусэлі, Віганд сказаў, што неўзабаве будуць апублікаваныя два важныя дакумэнты — штогадовая справаздача Рады па правах чалавека ААН і фінальная справаздача місіі БДІПЧ АБСЭ па мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Ён лічыць, што беларускія ўлады павінны прыслухацца да заўвагаў, якія, верагодна, будуць у абодвух дакумэнтах. Яшчэ адной умовай паляпшэньня дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ Віганд назваў мараторый на сьмяротнае пакараньне.