Паводле інфармацыі аршанскага незалежнага сайта orsha.eu, Сяргей Качанаў і некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемства, затрыманыя за эканамічныя злачынствы.
На афіцыйным сайце прадпрыемства аніякіх навінаў пра зьмену кіраўніцтва няма. Толькі прозьвішча дырэктара новае — паведамляецца, што прадпрыемствам кіруе Сьвятлана Жураўская.
Партал TUT.BY спрабаваў высьветліць, што сталася зь былым кіраўніком, аднак у Сьледчым камітэце паведамілі, што матэрыялаў супраць Качанава ў іх няма, у прэсавых службах МУС, Камітэту дзяржкантролю і пракуратуры Віцебскай вобласьці не пацьвердзілі інфармацыю пра затрыманьне аршанскага гендырэктара.
Шараговыя работнікі прадпрыемства на ўмовах ананімнасьці распавядаюць, што былога дырэктара праваахоўныя структуры забралі ў Менск. Разам зь ім — і галоўнага тэхноляга. Кажуць, што былі і відавочцы затрыманьня, якое здарылася ў мінулую пятніцу адразу па заканчэньні працоўнага дня. Усё адбылося вельмі хутка: ля прахадной чакала машына, на дырэктара і тэхноляга тут жа ўзьдзелі кайданкі і кудысь павезьлі. Нібыта ахова на прахадной, нічога не зразумеўшы, нават выклікала міліцыю — падумала, што людзей выкрадаюць. Аднак мясцовая міліцыя не перашкодзіла дзеяньням сталічных праваахоўнікаў
Паводле аднаго з работнікаў прадпрыемства, затрыманьне кіраўніка можа быць зьвязана з тым, што ён аддаваў загад перапрацоўваць няякасную мясную сыравіну:
У нас гавораць, што ён настойваў, каб перапрацоўвалі трупнае мяса ў тушонку.
«У нас гавораць, што ён настойваў, каб перапрацоўвалі трупнае мяса ў тушонку. Мяса кароў ці сьвіней, якія палі. Нібыта пачалі перапрацоўваць, тры тысячы бляшанак зрабілі, а бляшанкі „павыбухалі“. Майстры ў цэху спалохаліся, пачалі адмаўляцца. А дырэктар прыгразіўся ці то міліцыяй, ці то звальненьнем. Вось, нібыта, майстры самі на яго і заявілі. Ну, гэта ў нас такое сарафаннае радыё перадае. Дырэктар гэты папрацаваў нядоўга, перад ім некалькі памяняліся».
Яшчэ адна вэрсія затрыманьня — што на аршанскім мясакансэрвавым камбінаце паўторна перапрацоўваліся пратэрмінаваныя кансэрвы, якія вярталіся з крамаў. Паводле падобнай прычыны 2-га сьнежня былі затрыманыя намесьнік старшыні аблвыканкаму і кіраўніцтва тамтэйшага мясакамбінату.
Аршанскім работнікам загадана не паведамляць пра здарэньне пабочным асобам, каб «не ганіць прадпрыемства на ўсю краіну».