Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба Сьвятлане Алексіевіч плаціць падатак з Нобэлеўскай прэміі?


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Прэміяльныя грошы, атрыманыя Нобэлеўскім ляўрэатам, абкладаюцца падаткамі згодна з законамі дзяржавы, грамадзянінства якой ён мае. У Беларусі падатак адзіны — 13%. А вось у Расеі Нобэлеўскія ляўрэаты вызваляюцца ад сплаты падаткаў.

Фонд Нобэля, зь якога выплачваюцца Нобэлеўскія прэміі, быў створаны як прыватная незалежная няўрадавая арганізацыя ў 1900 годзе на сродкі знакамітага вынаходніка Альфрэда Нобэля. Першапачаткова памер Фонду перавышаў 31 мільён швэдзкіх крон (прыкладна 250 мільёнаў даляраў). Прэміі ляўрэатам выплачваліся з адсоткаў ад зьдзелак з каштоўнымі паперамі.

І пачынаючы з моманту заснаваньня, Фонд плаціў падаткі. Да 1914 году стаўка падаткаў у 10% была не празьмерна цяжкая. Аднак у 1915 годзе падаткаабкладаньне павялічылі ўдвая. На рацягу доўгага часу Нобэлеўскі фонд быў найбуйнейшым падаткаплатнікам у Стакгольме. У выніку ў 1922 годзе фонд быў вымушаны выплаціць максымальную за ўсю гісторыю суму падаткаў, якая перавысіла колькасьць сродкаў, даступных для выплаты прэміяў у наступным 1923 годзе. У тым годзе сума выплачаных прэмій была мінімальная за ўсю гісторыю.

Пытаньне аб вызваленьні фонду ад падаткаў уздымалася і абмяркоўвалася ў швэдзкім Рыксдагу даволі доўга. І толькі ў 1946 годзе фонд Нобэля быў вызвалены ад падаткаў, што прывяло да росту актываў фонду і паступовага павелічэньня памеру Нобэлеўскіх прэміяў. Дзякуючы беспадатковаму статусу фонду Нобэля ў Швэцыі прыбыткі фонду ад інвэстыцыяў былі вызваленыя ад падаткаў і ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

А вось прэміяльныя грошы, атрыманыя Нобэлеўскім ляўрэатам, абкладаюцца падаткамі згодна з законамі дзяржавы, грамадзянства якой ён мае.

Начальнік аддзелу інфармацыйна-тлумачальнай працы Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Сяргей Шкут патлумачыў Радыё Свабода, што ёсьць пералік, у якіх выпадках грамадзяне маюць падатковыя льготы ці наагул вызваляюцца ад падаткаабкладаньня — гэта ўсё прапісана ў Падатковым кодэксе. Там ёсьць шэраг прэміяў, і сярод іх, да прыкладу, і Дзяржаўная прэмія, якая не абкладаецца падаткам.

«Калі казаць пра Нобэлеўскіх ляўрэатаў, то такой ільготы няма ў нашым Падатковым кодэксе.

Усе хапаюцца за Сьвятлану Алексіевіч, хоць ёй неабходна падаць дэклярацыю аб прыбытках да 1 сакавіка 2016 году, а сплаціць падаткі — да 15 траўня».

Сяргей Шкут дадаў, што да 1 сакавіка ён пра гэта наагул не павінен гаварыць, таму што гэта ўзаемаадносіны дзяржавы і Сьвятланы Алексіевіч.

Да таго ж ёсьць шэраг ільготаў і вылікаў: стандартны, маёмасны ды іншыя. У пісьменьніка ёсьць яшчэ і прафэсійны вылік. Да кожнага канкрэтнага выпадку падатковы орган падыходзіць індывідуальна. Калі падатак не ўтрыманы падатковым агентам (крыніца выплаты), падаткаплатнік самастойна зьвяртаецца ў падатковую інспэкцыю, каб падаць дэклярацыю і выплаціць падатак, патлумачыў Сяргей Шкут.

Паводле беларускага заканадаўства вызваліць ад падаткаў любога грамадзяніна можа прэзыдэнт.

У артыкуле 43 Падатковага кодэксу сказана: «Ільготы па падатках, зборах (пошлінах) платнікам індывідуальна надаюцца ў выглядзе, парадку і на ўмовах, якія вызначае прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Наданьне індывідуальных падатковых ільготаў юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам не дапускаецца».

А вось прэзыдэнцкія прэміі і стыпэндыі падаткамі не абкладаюцца.

У адпаведнасьці з падпунктамі 1.12. і 1.20. ст.163.Падатковага кодэксу ад падаходнага падатку вызваляюцца стыпэндыі, прэміі, заснаваныя прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. А прызы, атрыманыя спартоўцамі за ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах — «у памерах, якія вызначаюцца прэзыдэнтам і (або) Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG