10 сьнежня ў Стакгольме адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі па фізыцы, хіміі, фізіялёгіі і мэдыцыне, эканоміцы і літаратуры, а ў Осла — уручэньне прэміі ў галіне абароны міру.
Ужо ў суботу, 5 сьнежня, нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч выправіцца ў сталіцу Швэцыі.
Напярэдадні ганаровай цырымоніі, 7 сьнежня, кожны ляўрэат, у тым ліку і Сьвятлана Алексіевіч, выступіць з так званай «Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыяй». Тэксты лекцыяў Нобэлеўскі фонд штогод публікуе ў адмысловым томе.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджаньня строга рэглямэнтаваная. Асноўны дакумэнт, які рэгулюе правілы ўручэньня прэміі, — статут Нобэлеўскага камітэту.
Само ўзнагароджаньне адбудзецца ў Стакгольмскай канцэртнай залі. Спачатку выступіць старшыня Нобэлеўскага камітэту Касі Кулман Файв, а потым кароль Швэцыі Карл Густаў ХVI уручыць кожнаму ляўрэату адмысловы мэдаль з выявай Альфрэда Нобэля і дыплём.
Ляўрэаты павінны трымацца строгага дрэс-коду: мужчыны — у фраках і белых гальштуках, жанчыны — у вечаровых сукенках. На цырымонію ўручэньня ляўрэат можа запрасіць да 16 сваіх сяброў. За пералёт, гатэль, канцэрт, банкет запрошаныя сябры плацяць самі.
Радыё Свабода даведалася, што разам са Сьвятланай Алексіевіч у Стакгольм паедуць: прафэсар БДУ сацыёляг Жанна Грышчанка, заснавальнік і саўладальнік парталу tut.by Юры Зісер і ягоная жонка, прафэсар Унівэрсытэту культуры, культуроляг Юлія Чарняўская, маскоўскі выдавец Барыс Пастэрнак, журналістка Ядвіга Юферава. Усе яны ляцяць у Стакгольм за свой кошт. Некалькіх сваіх блізкіх Сьвятлана Алексіевіч запрасіла сама і сама ж заплаціць за іхнюю паездку. У гэты ж час у Стакгольме ў творчай камандзіроўцы будуць старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч і ягоны намесьнік Алесь Пашкевіч, якія далучацца да імпрэзы. Гэта Радыё Свабода пацьвердзіла прафэсар Юлія Чарняўская:
«Мы самі аплачваем пералёт, ёсьць невялікія зьніжкі для гасьцей па аплаце гатэля. А канцэрт, банкет — за ўсё плацім самі. Але такая падзея бывае адзін раз у жыцьці, і пабачыць гэта надзвычай цікава.
—Ці вырашылі вы даволі складанае для кожнай жанчыны пытаньне, дый для мужчыны таксама — там жа абавязковы дрэс-код? І вечаровых строяў павінна быць некалькі?»
— Так, вырашылі пытаньне. Дарэчы, нам загадзя даслалі інструкцыю, што і як павінна быць. Мужчынам прасьцей — яны за некалькі тыдняў паведамляюць свае памеры, і смокінгі ім «падганяюць», іх можна ўзяць напракат. Ну, а жанчыны — «шьют сарафаны, лёгкие платья из ситца»...
На пытаньне, ці ведае спадарыня Юлія, у якіх колерах будзе Сьвятлана Алексіевіч, Чарняўская катэгарычна адмовілася адказваць. Што да сваіх колераў, адказала загадкава, што яна будзе ў «скандынаўскай каляровай гаме, як прыдумаў мадэльер Аляксандар Варламаў».
Прыемнасьць нятанная: наведваньне канцэрту 8 сьнежня абыдзецца ў 1500 швэдзкіх крон (гэта прыкладна 150 эўра), банкет — у 2800 швэдзкіх крон (прыкладна 285 эўра).
10 сьнежня, пасьля ўрачыстага ўзнагароджваньня, а 19-й гадзіне ў Блакітнай залі гарадзкой ратушы адбудзецца банкет. Ганаровыя госьці на чале з каралём Карлам Густавам ХVI і каралевай Сільвіяй спускаюцца па лесьвіцы ў залю, дзе ўжо знаходзяцца запрошаныя. У статуце прапісаны кожны крок: сталы павінны быць расстаўленыя з геамэтрычнай дакладнасьцю, заля ўпрыгожаная 23 тысячамі кветак, прывезенымі з Сан-Рэма, на абрусах і сурвэтках вытканы партрэт Нобэля, на талерках паласа з трох колераў швэдзкага ампіру — сіняга, зялёнага і залатога...
Швэдзкі кароль вядзе пад руку нобэлеўскую ляўрэатку. Сёлета гэта Сьвятлана Алексіевіч. (Калі ніводнай жанчыне Нобэлеўская прэмія не прысуджана, то пад руку з каралём ідзе жонка ляўрэата прэміі па фізыцы). Першы тост паднімаюць за яго вялікасьць, другі — у памяць Альфрэда Нобэля. Пасьля гэтага раскрываецца таямніца мэню... Банкет завяршаецца вынасам марозіва, увянчанага, як каронай, вэнзэлем «N». У 22:15 швэдзкі кароль дае знак да пачатку танцаў у Залатой залі. У 1:30 госьці разыходзяцца.