Аляксандар Лукашук калісьці назваў літаратурнага Нобэля для Беларусі Чарнобылем наадварот. Маштаб гэтай пазытыўнай падзеі для нацыі сувымерны з маштабам той нэгатыўнай.
Літаратурных набэлістаў называюць геніямі чалавецтва. Кожнае іх слова ўспрымаецца як ісьціна і прароцтва па ўсім сьвеце. Мы, вядома, можам гэта ўсё аспрэчваць, але нашы пікіроўкі адыдуць у нябыт разам з намі, з нашым зямным існаваньнем. Тады як літаратурны Нобэль для Беларусі – набытак, які не дэвальвуецца часам. Праз тры ці пятнаццаць пакаленьняў нашы нашчадкі будуць радасна распраўляць плечы пры слове «Алексіевіч». Праўда, і наступствы Чарнобыля праз тры ці пятнаццаць пакаленьняў, дзякуючы навуцы, стануць яўнымі і таму рэальна страшнымі.
Трэба сказаць, што ва ўласнай нашай гісторыі маштабу літаратурнага Нобэля адпавядае, бадай, толькі постаць Скарыны – першадрукара беларускай Бібліі, трэцяй такой у сьвеце (пасьля немцаў і чэхаў). Праз год зь невялікім нашай першай друкаванай кнізе споўніцца 500 гадоў. Але набліжэньня гэтай падзеі не адчуваецца. Як і набліжэньня нобэлеўскага трыюмфу Алексіевіч. Мала хто пра гэта чуў, ведае і ведаць хоча. Нацыя не заўважае сваіх посьпехаў у маштабе ўсяго чалавецтва і на ўсе вякі.
Вядома, можна сказаць, што нацыя толькі фармуецца (ці можа наадварот – расфармоўваецца), што русіфікацыя прывучыла беларусаў адчуваць сябе жыхарамі якога-небудзь правінцыйнага Таганрога, што Лукашэнка – агент ФСБ і ўвогуле кіраўнік саўгаснага маштабу… Напэўна, праўда ў гэтым ёсьць. Але гэта ня праўда анталягічнага ўзроўню, а толькі праўда штодзённых газэт.
Жыцьцёвы досьвед дазваляе мне быць высокай думкі пра наш народ. І не ў прэзыдэнцкім сэнсе, што «народ харашо ражает і кушает», а якраз паводле мудрасьці, арыстакратызму душы і таленту. Урэшце фэрма ня можа ўзрасьціць генія чалавецтва. І ўся гэтая русіфікацыя і замбаваньне крымнашамі – рэчы наносныя і ў маштабах вечнасьці вокамгненныя. Усё мінецца, сутнасьць застанецца.
Дык вось пра сутнасьць. Беларусы не заўважаюць Скарыну, не заўважаюць Нобэля, але ж і Чарнобыля яны не заўважылі. Хваробы і сьмерці блізкіх заўважылі, вядома, хто сутыкнуўся. Але найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва – не.
І вось што падумалася. Для беларусаў Скарына, Чарнобыль і Нобэль – зьявы ня толькі аднаго касьмічнага маштабу, але і аднаго парадку. У гэтым шэрагу ёсьць яшчэ адна падзея – Вайна. Касьмічна стратная для народа Першая сусьветная, якая перайшла ў сувымерныя паводле стратаў сталінскія рэпрэсіі і завяршылася гэткай жа маштабнай Другой сусьветнай.
Гэта як глыбінная прышчэпка – у самую сарцавіну людзкога мэнталітэту – ад усяго касьмічнага, сусьветнага і глябальнага – добрага ці благога. Ай, лепш ня трэба – ні думаць пра гэта, ні ведаць, ні разумець. Сама істота на ўзроўні падсьвядомасьці адштурхоўваецца ад Нобэля, як ад Чарнобыля. Дайце спакою, не чапайце, не траўмуйце псыхіку. Хай сабе вялікае ўбачыцца на адлегласьці, але не цяпер, не пры нас. Занадта блізкае сонца спапяляе. Гэта далёка яно цёплае, ласкавае, усьміхаецца.
Савецкая траўма на беларускай мэнтальнасьці не загаілася. Усе гэтыя два дзясяткі гадоў яе вярэдзіць і вярэдзіць улада. Адсюль ідуць і ўнутраныя забароны думаць пра палітыку, пра родную мову ці заходнюю цывілізацыю.
Але час мацнейшы за ўладу, за траўму і за мэнтальнасьць.
Беларускія габрэі, каб не траўмаваць дзяцей, пачалі расказваць ім пра галакост толькі праз сорак гадоў пасьля вайны.
Некалі раскажуць і беларусы.
І пра Скарыну, і пра Чарнобыль, і пра літаратурнага Нобэля.
Пагатоў нікуды ад нас ужо ня дзенуцца ні першы, ні другі, ні трэці. Назаўжды.