Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Флэш-моб да ўручэньня Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Шэраг грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі вырашылі правесьці 10–13 сьнежня флэш-моб, прымеркаваны да цырымоніі ўручэньня Сьвятлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі.

Кампанія «Цытуй сваё!», у якую ўваходзяць Міжнародны кансорцыюм «ЭўраБеларусь», грамадзкая культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Лятучы ўнівэрсытэт, курсы беларускай мовы «Мова Нанова» і Беларускі калегіюм, прапанавала адзначыць гэтую падзею ўсёй краінай.

Цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў адбудзецца 10 сьнежня ў Стакгольме. Менавіта ў гэты дзень прапануецца пачаць флэш-моб і завяршыць яго 13 сьнежня, у дзень памяці сьвятой Люсіі, які найбольш шырока адзначаецца менавіта ў Швэцыі.

«Гэты дзень — адначасова і сувязь зь месцам уручэньня Нобэля, і ў той жа момант сувязь з нашым ляўрэатам, паколькі імя «Люцыя» ў перакладзе азначае «сьвятло», — пішуць у сацсетках.

Праводзіць флэш-моб арганізатары прапануюць у любой публічнай прасторы. Да яго могуць далучыцца ўсе, хто жадае павіншаваць Сьвятлану Алексіевіч.

Удзельнікі акцыі зьбіраюцца арганізаваць прагляд жывой трансьляцыі ўрачыстай цырымоніі альбо яе запісу.

«Падчас трансьляцыі прапануем упрыгожыць прастору сьвечкамі, як добрай асацыяцыяй зь імем пісьменьніцы і сымбалем сьвята, сьвятла, нейкіх сьветлых падзей у краіне». — адзначаюць ініцыятары.

Падчас флэш-мобу будзе праходзіць чытаньне ўрыўкаў з твораў Сьвятланы Алексіевіч. Усе ахвочыя змогуць перадаць паштоўкі, лісты зь віншаваньнем нобэлеўскага ляўрэата праз адмысловую «паштовую скрыню» альбо «куфэрак».

Для акцыі будуць скарыстаныя і сацсеткі, дзе любы ахвочы можа выкласьці свае відэаролікі, фатаздымкі ці проста віншаваньні, ужываючы хэштэгі #‎nobelrazam‬ і#‎нобельразам‬.

8 кастрычніка Нобэлеўская прэмія па літаратуры за 2015 год прысуджана беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG