Нарада ў Лукашэнкі па пытаньні перамоваў з МВФ аб новым крэдыце 1 сьнежня пакінула дваістае ўражаньне. Як звычайна, выказваньні кіраўніка Беларусі былі супярэчлівыя і нават узаемавыключальныя. То ён кажа: «Мы не знайшлі нейкіх праблемаў ва ўзгадненьні той праграмы з МВФ, якая прапанавана. Тое, што прапануецца, разумна, і рана ці позна нам прыйдзецца рэалізоўваць». А потым заяўляе: «Але рэзаць па жывым невядома навошта і абы дагадзіць некаму я не зьбіраюся». Вось і зразумей, падтрымаў ён прапановы і патрабаваньні МВФ ці не.
Наколькі востра неабходныя цяпер Беларусі замежныя крэдыты? Яны былі вельмі патрэбныя раней для ўтрыманьня фіксаванага абменнага курсу беларускага рубля пры вялікім дэфіцыце бягучага рахунку. Цяпер абменны курс свабодны, краіна сёлета мае станоўчы балянс замежнага гандлю.
І цяпер, як адзначыў на нарадзе прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў, крэдыты патрэбныя «для выкананьня сваіх зьнешніх валютных абавязаньняў». Наступным годам Беларусь павінна сплаціць 3,5 млрд даляраў даўгоў. Дык трэба ўзяць новыя крэдыты, каб вярнуць старыя даўгі. На пачатак лістапада золатавалютныя рэзэрвы Беларусі складалі 4666,7 мільёна даляраў. У прынцыпе, на крайні выпадак можна было б адтуль узяць грошы і заплаціць крэдыторам. Але, па-першае, агаляць золатавалютныя рэсурсы вельмі рызыкоўна. Па-другое, ня ўсе гэтыя грошы (4,7 млн даляраў) — рэальная валюта. Таму крэдыты патрэбныя.
Варта зьвярнуць увагу вось на якую акалічнасьць. І на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам 17 лістапада, і на згаданай нарадзе Аляксандар Лукашэнка, калі казаў пра патрабаваньні фонду і плянаваныя рэформы, узгадваў, у асноўным, толькі пра перамены ў сацыяльнай сфэры. Гаворка ішла пра рост камунальных тарыфаў, коштаў грамадзкага транспарту, павышэньне пэнсійнага ўзросту.
Пра рэформу дзяржсэктара ў эканоміцы Лукашэнка амаль ня згадвае. А гэта ж галоўнае пытаньне. Безь яго вырашэньня ўсё астатняе ня мае вялікага сэнсу.
Пра рэформу дзяржсэктара ў эканоміцы Лукашэнка амаль ня згадвае. А гэта ж галоўнае пытаньне. Безь яго вырашэньня ўсё астатняе ня мае вялікага сэнсу. Мяркуючы па ўсім, і МВФ ня вельмі настойвае на гэтым. Дыскусія ідзе толькі пра скарачэньне дзяржаўнага фінансаваньня дяржпрадпрыемстваў.
Такім чынам, на нашых вачах адбываецца падмена паняцьцяў. Улады адмаўляюцца праводзіць рынкавыя рэформы ў эканоміцы, якія б запусьцілі мэханізм разьвіцьця, далі б больш свабоды гаспадарчым суб’ектам і скарацілі прастору для дзяржаўнага патэрналізму.
Замест гэтага палітычнае кіраўніцтва дэмантуе элемэнты сацыяльнай дзяржавы, скідае зь дзяржаўных інстытутаў груз сацыяльнай адказнасьці перад грамадзянамі, павялічвае паборы зь людзей, перакладае цяжар крызісу на насельніцтва. І абвяшчае гэта структурнымі рынкавымі рэформамі, навязанымі МВФ. Цынічна, але які прыгожы фінт!
Вось, напрыклад, улады гатовыя выканаць патрабаваньне МВФ аб поўнай аплаце насельніцтвам камунальных паслугаў. Як звычайна, чыноўнікі абвесьцяць гэтую меру структурнай рэформай, будуць спасылацца на сусьветную практыку, маўляў, у рынкавай эканоміцы кожны плаціць за сябе. Здавалася б, усё правільна, з чым спрачацца?
Але тут ёсьць значная доля хітрасьці, зламыснасьці. Бо, у адрозьненьне ад усясьветнай практыкі, у Беларусі камунальныя паслугі аказвае дзяржаўны манапаліст. Памятаеце, сам Аляксандар Лукашэнка неаднаразова зьвяртаўся да кіраўніцтва ЖКГ з патрабаваньнем: пакажыце калькуляцыю, як вы лічыце камунальныя тарыфы? Мяркуючы па ўсім, яе так і не паказалі, ва ўсякім выпадку, пра гэта нічога не вядома. Пытаньне кіраўніка дзяржавы было дарэчы, бо, як высьвятляецца, на балянсе ЖКГ шмат так званых «няпрофільных актываў». Прасьцей кажучы, нерэнтабэльных прадпрыемстваў, утрыманьне якіх закладваецца ў камунальныя тарыфы. І ўсё гэта зьбіраюцца перакласьці на плечы насельніцтва. Ужо ня кажучы пра якасьць паслуг, гэта асобная тэма.
Захоўваючы старую неэфэктыўную эканамічную сыстэму з дамінаваньнем дзяржсэктару, улады перакладуць цяжар яе ўтрыманьня на насельніцтва.
Ці тое ж падвышэньне пэнсійнага ўзросту, якое адбудзецца пасьля таго, як «параяцца з народам». І можна не сумнявацца, што народ горача падтрымае, па ТБ пакажуць сьвядомых грамадзян, якія будуць казаць, што даўно пра гэта марылі. І пэнсійны ўзрост падвысяць «па шматлікіх просьбах працоўных».
Зноў будзе спасылка на ўсясьветную практыку. Сапраўдны, такі нізкі пэнсійны ўзрост, як у Беларусі, існуе яшчэ толькі ў Расеі і Ўзбэкістане. Але, зноў жа, пэнсійнай рэформай будзе абвешчана простае падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Пра сапраўдную рэформу, пераход да больш прагрэсіўнай назапашвальнай сыстэмы, якая б прывяла да рэальнага павелічэньня памераў пэнсіяў, гаворка не ідзе. Бо назапашвальная сыстэма прадугледжвае стварэньне прыватных пэнсійных фондаў. І гэта азначае, што беларус зможа атрымліваць пэнсію не ад дзяржавы, а ад прыватных арганізацыяў. А гэта ж амаль рэвалюцыя ў сьвядомасьці. Бо сёньня ж шмат пэнсіянэраў упэўненыя, што пэнсію ім плаціць Лукашэнка, таму за яго і галасуюць. І пэнсійная рэформа прывяла б да таго, што кіраўнік краіны мог бы страціць свой надзейны электарат.
Таму і адбываецца такая падмена. Захоўваючы старую неэфэктыўную эканамічную сыстэму з дамінаваньнем дзяржсэктару, улады перакладуць цяжар яе ўтрыманьня на насельніцтва. Гэткі сацыялізм зь нечалавечым тварам. Але ці згодна на яго само насельніцтва?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.