Пра гэта сёньня паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Тарас Надольны.
Ён сказаў, што перамовы працягваюцца, і толькі ў першым квартале наступнага году абазначацца пэрспэктывы атрыманьня крэдыту. Альбо ён будзе паабяцаны, і тады перамовы працягнуцца, альбо яны будуць спыненыя. На пытаньне журналістаў, што будзе ў тым выпадку, калі МВФ адмовіць у крэдыце, першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку адказаў адным словам: «Выжывем».
Днямі прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў паведаміў, што Беларусь просіць у МВФ крэдыт у памеры 3 мільярды даляраў тэрмінам на 10 год. Адказваючы на пытаньне журналістаў, ці сапраўды МВФ жорстка настойвае на падняцьці пэнсійнага ўзросту ў Беларусі, Тарас Надольны адказаў, што хутчэй трэба казаць аб прапанове МВФ, а не аб нейкім жорсткім патрабаваньні.
Карэспандэнт Свабоды спытаў першага намесьніка кіраўніка Нацыянальнага банку, як адаб’ецца на Беларусі рашэньне МВФ увесьці юань у кошык асноўных усясьветных валютаў, улічваючы, што Беларусі паабяцана шмат кітайскіх крэдытаў. Тарас Надольны адказаў, што Беларусь мае пэўныя актывы ў юанях, і цяпер яны аўтаматычна папоўняць золатавалютныя рэзэрвы краіны. Тарас Надольны не назваў канкрэтных памераў беларускіх актываў у юанях, але сказаў, што гэта ня вельмі вялікая сума.