Прыхільнікі акцыі блякады Крыму заявілі, што за спыненьнем паставак тавараў, прадуктаў і электрычнасьці на анэксаваны Расеяй паўвостраў будзе «марская блякада».
Як заявіў каардынатар акцыі Ленур Ісьлямаў, актывісты прыступаюць да блякады Керчанскай пераправы, якая зараз зьяўляецца асноўнай транспартнай артэрыяй, што злучае Крым з Краснадарскім краем Расейскай Фэдэрацыі. «Мы павінны зрабіць тое, што мы павінны зрабіць. Вярнуць Крым, а потым далей могуць з намі рабіць усё што заўгодна — зьмешваць зь зямлёй, назваць як заўгодна. Мы гатовыя быць ’’тэрарыстамі’’. Крым вернем і ўсё. Мы гэтым жывем», — сказаў Ісьлямаў.
Бестэрміновая акцыя па ізаляцыі Крыму пачалася 20 верасьня. Яе мэта — вызваленьне палітвязьняў, бесьперашкодны ўезд у Крым для міжнародных назіральнікаў, спыненьне рэпрэсій крымскіх татараў на паўвостраве.
22 лістапада з-за падрыву ЛЭП ў Херсонскай вобласьці Ўкраіны ў Крым перастала паступаць электраэнэргія. На паўвостраве абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі. Удзельнікі блякады Крыму перашкаджалі рамонту ЛЭП, патрабуючы выкананьня сваіх патрабаваньняў.
Без электрычнасьці ў Крыме застаюцца больш за мільён чалавек. Раней паведамлялася, што энэргамост з Краснадарскага краю ў Крым можа быць запушчаны 5-6 сьнежня.