Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: «Зь Беларусі зьяжджаць не зьбіраюся. Гэта мая краіна, мае людзі»


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч — пра Надзею Саўчанку, палеміку з Аляксандрам Лукашэнкам і маральны капітал.

Некалькі дзён таму ўкраінская ваеннаслужачая Надзея Саўчанка, абвінавачаная расейскімі ўладамі ў спрыяньні забойству двух расейскіх журналістаў улетку 2014 году ў Луганскай вобласьці, у лісьце, перададзеным з-за кратаў карэспандэнту Радыё Свабода, зьвярнулася са словамі падзякі да ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. Мінулай зімой Алексіевіч прымала ўдзел у кампаніі за вызваленьне Саўчанкі і, у прыватнасьці, высока ацаніла маральныя і грамадзянскія якасьці Надзеі. Вось фрагмэнт зь ліста Саўчанкі:

Я не знаёмая [са Сьвятланай Алексіевіч] і, на жаль, пакуль не чытала яе кніг. Але ўжо замовіла іх у турму. Я калісьці, яшчэ раней, пачула назву «Ў вайны не жаночае аблічча» і саркастычна ўсьміхнулася, бо я з жанчын, якія бачылі аблічча вайны... Але я зразумела, што нашы меркаваньні з аўтарам шмат у чым супадуць, што гэта кніга — не шавіністычны трактат пра тое, што месца жанчыны на кухні, а хутчэй наадварот — ода жанчыне. Я абавязкова прачытаю гэтую кнігу. Калі зможаце, абавязкова перадайце мае словы Сьвятлане Алексіевіч. І маю ўдзячнасьць за стаўленьне да мяне і да Ўкраіны.

У інтэрвію Радыё Свабода ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч гаворыць пра Надзею Саўчанку, сваю завочную палеміку з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і абмежаваныя магчымасьці сучаснай літаратуры:

— Сьвятлана Аляксандраўна, адказваючы на просьбу Радыё Свабода аб інтэрвію, вы пажадалі Надзеі Саўчанцы «мужнасьці ідэалізму». Не маглі б вы патлумачыць, што менавіта мелі на ўвазе?

Судзяць ня Надзю, а Ўкраіну, судзяць жаданьне Ўкраіны быць незалежнай, пачаць сваё жыцьцё.

— Я думаю, для таго, каб чалавеку жыць, патрэбен ідэалізм, настолькі трагічнае наша існаваньне, зыходзячы з асаблівасьцяў таго часу, якое выпала на наша стагодзьдзе. Для жыцьця нам усім неабходная мужнасьць, але і безь вядомага ідэалізму сёньня ня выжыць — асабліва Надзеі, якая апынулася ў вельмі складанай жыцьцёвай сытуацыі. Мужнасьці ёй не займаць; ідэалізмам была яе галадоўка. Тысячы людзей хацелі б ёй дапамагчы — тысячы рускіх, беларускіх людзей, іншых людзей ва ўсім сьвеце — але ўсе яны бездапаможныя. Такія аўтарытарныя сыстэмы — яны робяць людзей бездапаможнымі ... Адсюль маё пажаданьне да Надзеі — аб мужнасьці ідэалізму.

— Адказваючы на ваша інтэрвію Радыё Свабода, Надзея, трэба аддаць ёй належнае, не жадае здавацца лепш, чым ёсьць — яна шчыра прызналася, што не чытала вашых кніг. Тым ня менш назва вашай, мабыць, самай вядомай, кнігі, «У вайны не жаночае аблічча», падштурхнула Саўчанку да разважаньняў пра тое, як яна ўспрымае вайну, як яна глядзіць у твар вайне. Як вам здаецца, ваша і яе разуменьне вайны — і жанчыны на вайне — мае нешта агульнае?

— Вядома, Надзя ведае пра вайну больш, чым я, хоць я праслухала сотні апавяданьняў пра вайну і сама была на вайне ў Аўганістане. Тая вайна, якую я бачыла, — гэта ўсё ж такі ня так глыбока, гэта не параўнаць з пранікненьнем Надзі, паколькі яна ўдзельнічала ў многіх войнах. Такія яе характар і яе натура, яны, як калісьці ў Надзеі Дуравай, запатрабавалі менавіта такой формы рэалізацыі сябе. Надзя — вельмі моцны, вельмі цікавы чалавек, вельмі незвычайная жанчына, незвычайная для нашага часу, і за гэта ёй помсьцяць, перш за ўсё ёй помсьцяць мужчыны. Звычайныя мужчыны, якія зусім ня здольныя ўбачыць жанчыну роўнай сабе, вышэй за сябе. Ніякіх доказаў яе віны няма, яе віна толькі ў тым, што яна абараняла сваю радзіму. Яна сама наважылася на такі ўчынак, ніхто яе на вайну не пасылаў, гэта не было нейкім службовым заданьнем — гэта быў яе сардэчны пасыл.

Вайну даўно пара прыраўняць да людаедзтва: на двары XXI стагодзьдзе, а людзі ўсё яшчэ вырашаюць свае спрэчкі на тым узроўні, калі яны насілі зьвярыныя шкуры.

Я часта сабе казала, што, напэўна, ня здольная была б зрабіць тое, што зрабілі мае героі. Напрыклад, цягнуць параненага мужчыну пад сто кіляграмаў, цягнуць яго на сабе, калі ў табе балетная вага, як мае гераіні казалі. Ня ведаю, як я магла б страляць, бачыць кроў ... Надзя гэта ўсё змагла зрабіць. Я не страляла, я бачыла забітых толькі адзін раз, і гэта стала для мяне вялікім узрушэньнем. А Надзя дакранулася да гэтай чалавечай брыдкасьці. Вайну даўно пара прыраўняць да людаедзтва: на двары XXI стагодзьдзе, а людзі ўсё яшчэ вырашаюць свае спрэчкі на тым узроўні, калі яны насілі зьвярыныя шкуры. Адзіная розьніца ў тым, што раней забівалі дубінкамі, а цяпер вялікая разнастайнасьць зброі, але ўсё роўна мы жывем у барбарскі час. Я перакананая, што ваяваць трэба з ідэямі, а не зь людзьмі. Надзя ведае пра вайну куды больш за мяне, пра мужчынскую прыроду яна ведае больш, як і наогул пра тое, які жахлівы і які прыўкрасны чалавек.

— Вы напэўна сочыце за ходам судовага працэсу над Саўчанкай. У вас ёсьць хаця б кропелька ідэалізму — скарыстаюся вашым слоўнікам — з нагоды выніку гэтага суда? Ці вы лічыце, што ход яго прадвызначаны?

— Не, я думаю, што пытаньне адкрытае. Несумненна, што гэта палітычны працэс: судзяць ня Надзю, а Ўкраіну, судзяць жаданьне Ўкраіны быць незалежнай, пачаць сваё жыцьцё. Таму якія могуць быць яшчэ палітычныя выкрутасы, каго на што могуць памяняць, як усё гэта будзе — зусім незразумела. І ў Беларусі, і ў вас у краіне жыцьцё ўладкаванае па-фэадальнаму, яно залежыць ад дзівацтваў кіраўнікоў.

— Ужо месяц вы — сусьветна вядомы пісьменьнік. Ваш талент і Нобэлеўская прэмія, якая вам прысуджаная, паставілі вас у бліскучы шэраг людзей, якія валодаюць велізарным маральным капіталам. Мне цікава зразумець, як вы сябе адчуваеце з гэтай новай у добрым сэнсе зброяй, бо трыбуну Нобэлеўскага ляўрэата можна выкарыстоўваць у самых розных мэтах?

Ты можаш быць хоць тройчы ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі, але ня можаш перабіць самае прымітыўнае мужчынскае меркаваньне, самае прымітыўнае палітычнае меркаваньне...

— У цэлым, вядома, як я пісала, так і далей буду пісаць. Паспрабую, каб з таго, што я пішу, можна было дастаць не нянавісьць, а любоў. Але вось у выпадку з Надзяй — што мы можам рабіць? Я падпісвала лісты ў яе абарону, я атрымала запрашэньне ад прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнкі прыехаць у Кіеў. Я, вядома, прыеду, як толькі ў мяне зьявіцца такая магчымасьць. Вядома, мы будзем казаць пра Надзю, але я і так гатовая пра яе гаварыць на кожным куце. Зрэшты, вы ж разумееце, у якім жыцьцёвым коле мы знаходзімся: ты можаш быць хоць тройчы ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі, але ня можаш перабіць самае прымітыўнае мужчынскае меркаваньне, самае прымітыўнае палітычнае меркаваньне... За апошнія тыдні я падпісала досыць такога кшталту лістоў, і я заўсёды падпісваю іх з адчаем і пачуцьцём бездапаможнасьці. Адзінае, на што я спадзяюся: можа быць, мае рацыю Акуджава зь яго «возьмемся за рукі, сябры!» Такім чынам мы захоўваем саміх сябе, захоўваем пачуцьцё годнасьці тых, за каго заступаемся. Яны адчуваюць, што яны не адны. А мы толькі можам павялічыць, пашырыць гэтае наша кола, можам толькі сказаць, што нас ня так мала.

— Ваша новае становішча абавязвае вас ўступаць у прамую палеміку зь вельмі ўплывовымі людзьмі. У вас ужо зьявіўся такі досьвед: Аляксандар Лукашэнка спачатку павіншаваў вас з узнагародай, а потым раскрытыкаваў за адсутнасьць патрыятызму, як прэзыдэнт Беларусі яго разумее, і вы адказалі. Любыя вашы словы цяпер — ня проста словы пісьменьніка, яны маюць большую грамадзка-палітычную вагу. Вы гэта адчуваеце, Сьвятлана Аляксандраўна, вы гатовыя да гэтага?

Што датычыць Лукашэнкі — я вельмі шкадую, што ў вельмі цяжкі для Беларусі час мы гаворым пра нешта не пра тое.

— Я ня ведаю ... Гэта новы для мяне стан. Я зразумела, што са словамі мне трэба быць асьцярожней, без рэвалюцыйнага шыку. Пісьменьнікі часта могуць дазволіць сабе раскошу казаць нядбайна; у мяне, напэўна, ужо гэтай раскошы ня будзе. Трэба больш сур’ёзна і дакладна фармуляваць тое, што я хачу сказаць, больш думаць над тым, што я хачу сказаць. Што датычыць Лукашэнкі — я вельмі шкадую, што ў вельмі цяжкі для Беларусі час мы гаворым пра нешта не пра тое. Два чалавекі, якія валодаюць (і я таксама — у сілу абставінаў) нейкім сымбалічным капіталам, павінны даваць надзею свайму народу, а ня ладзіць публічную сварку. Мне вельмі шкада, што так атрымліваецца.

Сьвет вакол нас сутыкаецца зь вельмі сур’ёзнымі выклікамі. Варта мне толькі выйсьці на вуліцу — як людзі кідаюцца абдымаць мяне, людзі кажуць мне выдатныя словы, на маленькіх паперках, якія выпадкова апынуліся ў іх у кішэнях, просяць мяне нешта напісаць. Людзям патрэбная сёньня падтрымка, людзям патрэбныя нейкія добрыя словы. І ўлада, і пісьменьнікі, якія валодаюць нейкім аўтарытэтам, павінны фармуляваць словы падтрымкі. Вось патрэбныя словы і патрэбныя ідэі — сёньня! Трэба не ісьці за масавай сьвядомасьцю, а імкнуцца быць наперадзе, як гэта рабіў Сахараў, як гэта рабіў Вацлаў Гавэл. І ўлада, і пісьменьнікі павінны ня тое каб паказваць шлях — сёньня будучыня настолькі няпэўная, што цяжка казаць, што нехта з нас дакладна ведае шлях, — але трэба захоўваць у сабе чалавека. І казаць, што любому сёньня трэба вось гэта: ідзі, і захоўвай у сабе чалавека.

— Я ўпэўнены, што вы знойдзеце такія вось патрэбныя словы. Падазраю, што і ваша Нобэлеўская лекцыя збольшага можа быць прысьвечаная і таму, пра што цяпер мы з вамі гаворым. Але няўжо вы думаеце, што з Аляксандрам Лукашэнкам (або з Уладзімерам Пуціным) вы зможаце дамовіцца? Што ваша пасланьне можа быць агульным?

Я прыхільнік таго, каб рэвалюцыі адбываліся ў розумах людзей. Вось за гэта трэба змагацца.

— Я ня ведаю, ці можна дамовіцца ... Нават больш вам скажу: я ня ўпэўненая, што літаратура ў цэлым сёньня можа ўплываць на палітыку. На жаль, такія часы мінулі. Але я ў той жа час думаю, што ўсе палітыкі залежаць ад нас усіх. Яны працуюць на той прасторы, зь якой мы адступаем, яны не ў беспаветранай прасторы жывуць. Калі яны сапраўдныя палітыкі, то яны чуюць, дзе яны і з кім яны...

Я думаю, што трэба супраціўляцца. Я ня маю на ўвазе, што трэба ісьці на барыкады, страляць. Я якраз не прыхільнік рэвалюцыяў, таму што ніколі ў гісторыі рэвалюцыі нічога добрага не прынесьлі, акрамя крыві. Я прыхільнік таго, каб рэвалюцыі адбываліся ў розумах людзей. Вось за гэта трэба змагацца.

— Пасьпяваеце вы цяпер нешта пісаць? Зразумела, што Нобэлеўская прэмія ўнесла карэктывы ў вашы творчыя пляны. Чакаць вашых новых кніг у бліжэйшы час?

— Па-першае, я вельмі доўга пішу кнігі, часам і 10 гадоў, часам 11, ня так хутка ўсё адбываецца. Гэты месяц, вядома, быў запоўнены такімі падзеямі, што пра працу над кнігамі казаць не даводзіцца. Тое, над чым я думаю цяпер, — гэта Нобэлеўская прамова.

— Ці не зьбіраецеся вы зьяжджаць зь Беларусі?

— Пра гэта ў мяне часта пытаюць. Не, не зьбіраюся. Я не паеду зь Беларусі. Гэта мая краіна, мае людзі, я хачу жыць зь імі, я хачу жыць тут, — сказала ў інтэрвію Радыё Свабода нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры, беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG