Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Рыцарскім фэсьце» ў Мсьціславе прадавалі магніцікі з Лукашэнкам


Рыцарскі фэст, Мсьціслаў
Рыцарскі фэст, Мсьціслаў

У Мсьціславе адбылося штогадовае сьвята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст». Больш за дваццаць пяць клюбаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі зь Беларусі і Расеі сабраліся на Замкавай гары, каб прадэманстраваць сваё майстэрства ў турнірах ды іншых рыцарскіх забавах. Сёньня ж адбылося і ўрачыстае адкрыцьцё фэстывалю каля помніка Пётру Мсьціслаўцу.

Аматары рыцарскай культуры два фэстывальныя дні пражылі на Замкавай гары. Чым жа для іх рыцарства такое прыцягальнае?

У клюбе «Вытокі» са Смаленку рэканструююць старавеччыну хлопцы і дзяўчаты. Яны займаюцца раньнім беларускім сярэднявеччам 9-11 стагодзьдзя. «Гэта час, калі зараджалася воінская саслоўе, калі паўставалася беларускае рыцарства. Нам цікавае захаваньне традыцыяў. Хочацца, каб нашы дзеці, унукі хоць нешта памяталі з таго далёкага часу. Каго любілі яны, а каго ненавідзелі, з кім ваяваліі з кім сябравалі, за што гінулі вось на гэтай зямлі», тлумачаць сваё захапленьне сябры клюбу.

«Смаленск — гэта Беларусь. На гэтай зямлі было аб’яднаньне плямёнаў Крывічоў. Гэта ж князь Расьціслаў Мсьціславіч. Землі ж былі агульныя тады, — даводзіць адзін зь сяброў клюбу Аляксей. — Мы стараемся ў Смаленску расказваць людзям, што некалі іхны горад быў беларускім. Ведаюць цяпер пра беларускі Смаленск ня ўсе. Да жалю гісторыя не для ўсіх першасны прадмет вывучэньня. Але зь яе паходзяць вытокі таго з чаго варта пачынаць выхоўваць дзяцей і з чаго адбываецца станаўленьне чалавека як асобы».

У Мсьціславе на Замкавай гары
У Мсьціславе на Замкавай гары

Хлопцы і дзяўчаты з клюбу «Эйра» вывучаюць сярэдневечча Ірляндыі.

«Моцнага войска ў Ірляндыі таго часу не было. Ірляндцы былі ў асноўным наймітамі. Наш жа клюб не за вайну. Мы стараемся ўсіх забаўляць. Мы пяем, мы танцуем. Калі ты апрануты вось гэтак, то адчуваньне зусім іншае. Нібы пераносішся ў сярэднявечча. Простыя людзі на нас іначай рэагуюць. Многім падабаецца», — зазначае адна з удзельніц клюбу Кэт.

Прыхільніца ірляндзкай рыцарска культуры Кэт
Прыхільніца ірляндзкай рыцарска культуры Кэт
Адважная лучніца
Адважная лучніца

«Я ня рыцар — я лучніца», — выпраўляе журналіста яшчэ адна дзяўчына. Прыхільнасьць да свайго занятку суразмоўніца тлумачыць эмацыйна, пералічваючы ягоныя якасьці:

«Гэта цікава. Гэта і захапленьне і спорт. Калі ты страляеш, то цябе паглынае працэс. Я далучылася да свайго клюбу праз сваю цікаўнасьць, а потым пачаліся фэстывалі. Вы ж паглядзіце, якая тут атмасфэра. Гэта такі стыль жыцьця», — зазначае паненка з калчаном стрэлаў на баку.​

Лягер рыцараў
Лягер рыцараў

Пакуль рыцары змагаліся ў рысталішчах, на цэнтральных вуліцах Мсьціслава гандлявалі сувэнірамі, таварамі народнага попыту, забаўкамі для дзяцей, а таксама стралялі з лукаў і з муляжнай вайсковай зброі. Тут жа вучылі сярэдневечным танцам. Ахвотныя аглядалі архітэктурныя славустасьці Мсьціслава.

У «Горадзе майстроў» раздавалі мінакам газэту Таварыства беларускай мовы «Наша слова».

Каля стала зь беларускімі кнігамі і сувэнірамі зь беларускай жа атрыбутыкай зьбіралася часам немалая грамада масьціслаўцаў і гасьцей іх гораду.

У «Горадзе майстроў» прадавалі і сувэніры-магніцікі з выявай Аляксандра Лукашэнкі.

На фэсьце асьвяцілі праваслаўную капліцу ў гонар князя Расьціслава Мсьціславіча. У 1135 годзе ён заклаў Мсьціслаў, назваўшы яго ў гонар свайго бацькі Мсьціслава. Надпіс на памятнай шыльдзе зроблены на расейскай мове.

На ўрачыстасьці адкрыцьця фэсту прамовы гучалі таксама па-расейску. Па-беларуску выступіў толькі гісторык, дэпутат Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк. Ён назваў Мсьціслаў горадам-музэем і заклікаў дамагацца, каб гэты статус быў замацаваны за горадам афіцыйна.

«„Мсьціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы“, „Мсьціслаў многіх сьціснуў“, — гэты гордыя прымаўкі, якім 600-700 гадоў, вельмі выразна, трапна адлюстроўваюць веліч гэтага гораду і ягоны характар. Вы прыехалі ў горад, які да сёньня завецца горадам-музэеем. Трэба зрабіць так, каб Мсьціслаў стаў нацыянальным гісторыка-культурным запаведнікам. Ён гэтага заслугоўвае», — казаў на адкрыцьці фэсту Ігар Марзалюк.

У 2007 годзе правядзеньне фэсту ініцыяваў мсьціслаўскі ксёндз Караль Тамэцкі. Ажыцьцявіць задуманае дапамаглі Цэнтар сацыяльных інавацыяў зь Менску і выканаўчая ўлада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG