Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вершнік на чатырох колах


Некалькі дзён па вуліцах Менску курсіруе аўтамабіль, які зьвяртае на сябе ўвагу ня толькі прыгожымі формамі, але і нацыянальна-гістарычнай арыентаванасьцю гаспадара. Бел-чырвона-белы MINI Countryman з гербам «Пагоня» на даху — першы і, бадай, адзіны транспартны сродак у Беларусі, які выразна супрацьпастаўляецца арміі прыхільнікаў «георгіеўскай» ідэалёгіі.

Вершнік на чатырох колах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:43 0:00

Беларускі нацыянальны характар прадукту брытанскага аўтапраму «прышчапіў» Ільля Прохараў — блогер, супрацоўнік аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М». Кажа, што ідэя ўвекавечыць гістарычную сымболіку менавіта такім чынам узьнікла нашмат раней, але рэалізавалася толькі цяпер:

«Ідэя нарадзілася даўно. Гадоў пяць таму ў мяне была іншая MINI: звыклая мадэль Cooper, зялёнага колеру, таксама зь белым дахам. Мы з жонкай паехалі на зьлёт «міні-купэраў» у Львоў, і адзін з момантаў нас проста заваражыў. Гэта калі машыны шыхтуюцца і ёсьць магчымасьць залезьці на высокі будынак, адтуль усё сфатаграфаваць. Гэта было нешта. Справа ў тым, што ў нас з сабой быў бел-чырвона-белы сьцяг, мы паслалі яго на дах, і зьверху глядзелася вельмі прыгожа, надзвычай. І калі ў мяне зьявіўся другі аўтамабіль — MINI Countryman — пытаньне было вырашана адпачатку. Тым больш што ён такога прыгожага колеравага спалучэньня — бел-чырвона-белы. То бок сама па сабе ўзьнікла ідэя нанесьці на дах нацыянальную сымболіку — і ня проста сьцяг, а з гербам «Пагоня».

З «Пагоняй» на даху і ў сэрцы
З «Пагоняй» на даху і ў сэрцы

На хвалі расейскай агрэсіі ва Ўкраіне беларускія праціўнікі «распаўзаньня ваяўнічага нацыяналізму» сталі прапагандаваць зусім іншыя каштоўнасьці — чорна-аранжавую стужку як сымбаль перамогі над абагульненым «злом». Гэтыя прарасейскія атрыбуты ўпрыгожваюць вонкавыя антэны аўто і люстэркі ў салёне, дзеля большай пераканаўчасьці на задняе шкло наносяцца патрыятычныя лёзунгі кшталту «Спасибо деду за победу» ці «Гитлер капут». Ільля Прохараў такі выбар ацэньвае па-філязофску:

«Я люблю свой герб, лічу яго нацыянальным багацьцем, люблю свой сьцяг. Што тычыцца рознага кшталту паласатых стужачак, то тут справа выхаванасьці і інтэлектуальнага ўзроўню. Сам я, зразумела, ня буду нічога наклейваць ці навешваць, але забараняць камусьці гэта рабіць таксама не магу. Таму што гэта культура, гэта ступень самасьвядомасьці. Калі чалавек лічыць менавіта так, то гэта нашмат глыбей у ім сядзіць, чым проста спроба прымусіць яго зьняць тую стужачку. Значыць, трэба выхоўваць, вучыць, магчыма, ад самага дзяцінства. Ці прынамсі ад юнацтва, ад ужо сьвядомага ўзросту».

Від на асучасьненую гісторыю з 8-га паверху
Від на асучасьненую гісторыю з 8-га паверху

Паездка на аўтамабілі «паглыбленай самаідэнтыфікацыі» пагражае рознымі неспадзяванкамі, уключна з падвышанай пільнасьцю з боку інспэктараў ДАІ: не сакрэт, што выпускнікі міліцэйскіх акадэміяў навучаныя неадкладна рэагаваць на любую «вольнасьць», якая супярэчыць унутраным інструкцыям. Між тым Ільля Прохараў кажа, што ня даў ніводнай падставы, каб паставіць людзей у пагонах у прававы тупік:

«Найперш, нічога супрацьзаконнага ў гэтым няма. З пункту гледжаньня Дзяржаўтаінспэкцыі я нічога не парушыў, малюнак нанесены на даху. Калі б я зрабіў яго на шкле ці нават на дзьвярах (хоць пра апошняе ня ўпэўнены) — справа іншая. Прынамсі, шкло дакладна нельга нічым зацямняць. Ну, а што міліцыя? Гэта ж ня свастыка, ня сымбалі, якія распальваюць рэлігійную варожасьць ці яшчэ нешта. Не! Гэта герб і сьцяг Рэспублікі Беларусь, якія былі ў хаду цягам 1991–1995 гадоў. Тым больш, гэта нацыянальная сымболіка, занесеная ў рэестар гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Такая вось сытуацыя».

«Пагоня»: вершнік на чатырох колах
«Пагоня»: вершнік на чатырох колах

Рэакцыю навакольных Ільля Прохараў збольшага ацэньвае празь віртуальную прастору — у рэальнасьці заўважыць «Пагоню» на даху ягонага аўто можна хіба што з салёну аўтобуса ці зь якога вышэйшага паверху. MINI Countryman заўважна перавышае ростам свайго «купэраўскага» папярэдніка:

«Калі сядзіш у такім жа легкавіку і рухаесься ў агульным патоку, што нанесена на даху суседняй машыны, на жаль, ня бачна. Бачаць яго хіба што кіроўцы аўтобусаў, вялікагрузных аўтамабіляў. Таму інтарэс, па вялікім рахунку, асабліва не выяўляецца. Калі адысьці з тратуару — вядома, заўважна. Ці калі прыпаркавацца пад домам, з вокнаў вышэй за першы паверх усё бачна выдатна. У сацыяльных сетках рэакцыя станоўчая. Я і сам разьмяшчаў, і перапосты былі, і публікацыі ў СМІ — народ станоўча ўспрымае. Хоць для мяне такая бурная рэакцыя досыць дзіўная. Пасьля таго як запосьціў Францішак Вячорка, адразу пад паўтысячы лайкаў, шалёныя перапосты — як быццам ня проста наклеіў герб на дах, а ўчыніў нешта гераічнае. Гэта, на мой погляд, сьведчыць пра тое, што самацэнзура беларусаў проста зашкальвае. Не патрэбныя ні міліцыя, ні ўнутраныя войскі, ні армія — беларусы самі сябе будуць стрымліваць, за рукі хапаць так, што ніякага кантролю не патрэбна. Самацэнзура такая вялікая, што нявінны нават ня тое што ўчынак, а простае дзеяньне раптам падаецца чымсьці звышнатуральным. Такое чалавек зрабіў, што аж дух захоплівае! Божа, ды што я зрабіў? Нічога не зрабіў».

Апошняя падгонка пад лякалы
Апошняя падгонка пад лякалы

Ільля Прохараў засмучаны маштабам страху, які за апошнія 20 гадоў улады здолелі нагнаць на сваіх жа грамадзянаў. І ілюструе гэта нядаўнім прыкладам, які даў падставу ў тым пераканацца чарговым разам:

«Грамадзтва настолькі прасякнутае страхам, што жах. Прычым баіцца моладзь, вось што непакоіць. Нядаўна здарыўся выпадак, трэба было ўзяць выпіску тэлефонных размоваў ад МТС. То бок раздрукоўка, завераная пячаткай, бо інакш не прымае страхавая кампанія. Я пайшоў у аддзяленьне МТС. Там сядзіць дзяўчына гадоў 22–23 — стажорка пасьля інстытуту ці ўнівэрсытэту. Дык вось яна не хацела ставіць подпіс: маўляў, раптам пастаўлю подпіс, а мяне потым арыштуюць. Я гляджу на яе і думаю: ды што з табой творыцца, што ў цябе ў галаве, за што цябе арыштуюць? За тое, што подпіс на раздрукоўцы паставіла? Гэта ж які нечалавечы страх трэба ў людзей зьмясьціць, каб усяго баяцца? Прычым людзі самі сябе заганяюць у такія рамкі. Боязь усяго на сьвеце — гэта проста нейкі жах».

Сымбіёз даўніны і сучаснасьці
Сымбіёз даўніны і сучаснасьці

__________________________________________________________

​25 жніўня 1991 году Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, прынятай 27 ліпеня 1990-га Вярхоўным Саветам БССР, быў нададзены статус канстытуцыйнага закону. 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь», «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь» і аб афіцыйнай назьве краіны. У адпаведнасьці з законамі краіна стала называцца Рэспублікай Беларусь, была ўведзеная новая дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Адразу пасьля ўхваленьня заканадаўчых дакумэнтаў на Доме ўраду быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг, а празь нейкі час на фасадзе будынку зьявіўся вершнік «Пагоні».

20 ліпеня 1994 году пад бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У траўні 1995-га новаабраны кіраўнік краіны ініцыяваў рэфэрэндум, вынікам якога стала адмена гістарычных сымбаляў і вяртаньне да бээсэсэраўскага гербу і чырвона-зялёнага сьцяга. Апошнія два дзясяткі гадоў праявы сымпатыі да нацыянальнай атрыбутыкі часта прыраўноўваюцца да шкоднай апазыцыйнай дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG