Лідэр крымскататарскага народа Мустафа Джамілеў дапускае, што пасьля разрыву дзейнай дамовы аб пастаўках электраэнэргіі ў Крым Украіна можа аднавіць пастаўкі электраэнэргіі на новых умовах.
У інтэрвію «Настоящему времени» Мустафа Джамілеў назваў гэтыя ўмовы.
«Мы кажам пра тое, што, калі будзе заключаная дамова аб пастаўках, то акупанты павінны прыняць наступныя ўмовы, — заявіў Джамілеў. — Па-першае, вызваліць неадкладна арыштаваных закладнікаў зь ліку крымскіх татараў і ўкраінскіх патрыётаў іншых нацыянальнасьцяў, пачаць расьсьледаваньне забойстваў нашых грамадзян, дапусьціць міжнародную арганізацыю для маніторынгу стану правоў чалавека на акупаванай тэрыторыі, аднавіць тыя дэмакратычныя нормы, якія былі да акупацыі. Гэта ўсё я выказаў на пасяджэньні Кабінэта міністраў, і ў цэлым яно знайшло падтрымку».
Дзейная дамова аб пастаўках электраэнэргіі у Крым, на думку Джамілева, «не адпавядае інтарэсам як Украіны ў цэлым, так і акупаванай часткі».
Джамілеў кажа, што электраэнэргіі, якая выпрацоўваецца на тэрыторыі Крыму, дастаткова для абслугоўваньня грамадзянскага насельніцтва, але недастаткова для абслугоўваньня воінскіх частак і вытворчасьці. Аднак менавіта ФСБ, воінскія часткі і ў цэлым сілавыя структуры асьвятляюцца якраз добра.
Акупант думае па-свойму: у першую чаргу ён забясьпечвае свае органы, а, што застаецца — даюць грамадзянам.
«Акупант думае па-свойму: у першую чаргу ён забясьпечвае свае органы, а, што застаецца — даюць грамадзянам», — кажа лідэр крымскіх татараў.
Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да прэм’ер-міністра Украіны Арсенія Яцанюка з прапановай стварыць працоўную групу і прааналізаваць пытаньне поўнага спыненьня грузавога транспартнага паведамленьня і таваразвароту з Крымам (у абодва кірункі). Урад ідэю падтрымаў і ўвёў часовую забарону на перасоўваньне грузаў у Крым. Забарона закране як чыгуначны, так і аўтатранспарт.
У аўторак у Крым прыбыў міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак. Новак паведаміў, што Мінэнэрга Расеі прапаноўвала Ўкраіне дапамогу ў рамонце ліній электраперадач ў Херсонскай вобласьці. Паводле яго слоў, з Расеі на паўвостраў ІЛ-76 даставіць у аўторак 300 магутных дызэльных генэратараў.
Па словах Новака, расейскія ўлады могуць прыняць меры ў адказ у сувязі з блякадай паўвострава.
«Можа, нават у гэтай сытуацыі і трэба прыняць аналягічнае рашэньне аб спыненьні паставак вугалю нашымі камэрцыйнымі арганізацыямі, якія пастаўляюць вугаль украінскім электрастанцыям», — заявіў міністар.
Электразабесьпячэньне на паўвостраве Крым было спыненае пасьля падрыву невядомымі ліній электраперадачы ў Херсонскай вобласьці 20 і 22 лістапада. Ужо чатыры дні ўкраінскія рамонтныя службы ня могуць аднавіць апоры, таму што іх блякуюць удзельнікі акцыі пратэсту «Грамадзянская блякада». Каардынатар акцыі па блякадзе Крыму Ленур Ісьлямаў заявіў «Крым.Реалии», што ўдзельнікі акцыі маюць намер і далей блякаваць рамонт ЛЭП.