У Менску стартаваў V Міжнародны форум прадпрымальніцтва. Імпрэза ладзіцца ў рамках Усясьветнага тыдня прадпрымальніцтва са штаб-кватэрай у Вашынгтоне.
Само мерапрыемства, мэтай якога была актывізацыя прадпрымальніцкай актыўнасьці, запачаткавана ў Вялікай Брытаніі ў 2007 годзе.
Адкрываючы форум, адна зь яго арганізатараў, дырэктар BEL.BIZ Тацяна Марыніч, сказала, што ў беларускім грамадзтве, на жаль, пануе апатыя і прадпрымальныя людзі намагаюцца зьехаць з краіны. Але выказала спадзеў, што абавязкова настане час, калі тэндэнцыя зьменіцца і, у сваю чаргу, замежнікі будуць лічыць за гонар працаваць у Беларусі.
Крызіс — гэта час для новых магчымасьцяў
Надзвычайную ролю прадпрымальнікаў для кожнай дзяржавы акрэсьліў кіраўнік Банку разьвіцьця, у нядаўнім мінулым адзін з кіраўнікоў ураду Сяргей Румас. Па яго словах, прадпрымальніцтва можа забясьпечыць да 70% валавога ўнутранага прадукту. Банк, які ўзначальвае спадар Румас, за апошні год выдаткаваў на падтрымку бізнэсу 500 мільярдаў рублёў, што дазволіла рэалізаваць праектаў на 2 трыльёны рублёў. Ён перакананы, што абмен досьведам паміж бізнэсам і дзяржавай у рамках Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва гэтыя працэсы толькі актывізуе:
«Бо крызіс — гэта і час для новых магчымасьцяў», — сказаў спадар Румас.
Улады мусяць пайсьці на непапулярныя крокі
Вітальны ліст ад кіраўніка ўраду Андрэя Кабякова зачытаў міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі. Сярод іншага было адзначана, што адна з задачаў улады — стварэньне камфортнага асяродзьдзя для вядзеньня бізнэсу ў Беларусі:
«Нягледзячы на абмежаваньні бюджэту, дзяржава падтрымлівае дзелавыя ініцыятывы», — запэўніў старшыня Саўміну, падзякаваўшы Ўсясьветнаму банку, які дапамагае малому і сярэдняму бізнэсу ў Беларусі. Спадар Кабякоў таксама сказаў, што тыдзень прадпрымальніцтва — важная пляцоўка для канструктыўнага дыялёгу ўлады і бізнэсу, пасыл грамадзтву, што ўлада зацікаўлена, каб бізнэс-прастора пашыралася.
Сам Уладзімер Зіноўскі сказаў, што сёньня эканамічная сытуацыя фармуецца пад уплывам зьнешніх фактараў, і ўлады вымушаныя пайсьці на не зусім папулярныя крокі, каб нівэляваць нэгатыўныя наступствы. Сярод такіх захадаў ён назваў пераход ад палітыкі захаваньня працоўных месцаў да эфэктыўнасьці кожнага працаўніка і вытворчасьці ў цэлым. На ўзбраеньне будуць узятыя новыя падыходы да мадэрнізацыі эканамічнай мадэлі без датацыяў стратным галінам. Пры гэтым спадар Зіноўскі паабяцаў пашыраць эканамічнае супрацоўніцтва з Эўразьвязам, ЗША, Кітаем і Індыяй.
Дзяржава далей дамінуе над недзяржаўным сэктарам
Тым ня меней роля дзяржавы па-ранейшаму прэвалюе над недзяржаўным сэктарам. Гэта прызнаў памочнік прэзыдэнта па эканоміцы Кірыл Руды. На пачатку свайго выступу ён задаўся рытарычным пытаньнем: хто такі сучасны беларускі прадпрымальнік і якая роля дзяржавы ў кантактах зь ім? І сам жа на яго адказаў: галоўны прадпрымальнік у Беларусі — дзяржава, якая дыктуе ўмовы практычна ва ўсіх сфэрах. Тым ня меней паступова фармуецца кляс індывідуальных прадпрымальнікаў.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, на пачатак 2015 году іх зафіксавана 256 тысяч. З улікам працы па найме — блізу 300 тыс. А калі аб’яднаць легальных і «ценевых», то лічба дасягне амаль 900 тысяч. Таму адна з актуальных задачаў — стварыць людзям умовы, каб яны ня мелі ахвоты хавацца ад дзяржавы. Дзеля гэтага неабходна зьвярнуць большую ўвагу на адукацыйны працэс, бо прадпрымальніцтва ў шырокім сэнсе — гэта ня столькі гандаль імпартным таварам, колькі вытворчасьць. Але ў практычнай сфэры бракуе ведаў, бо вытворчы цыкль патрабуе інавацыяў. Як заявіў спадар Руды, у агляднай будучыні ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку пачне працаваць адукацыйны цэнтар для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, якія маюць прынесьці сьвежыя ідэі ў дзелавую сфэру.
Генэральны дырэктар бізнэс-школы Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Павал Данейка расказаў, што вось ужо паўтара дзясятка гадоў экспэрты цэнтру ладзяць апытаньне ў бізнэс-асяродзьдзі, спрабуючы высьветліць, што перашкаджае яго разьвіцьцю. Акрэсьліўся цэлы шэраг праблемаў: нізкі ўзровень кваліфікацыі пэрсаналу і карпаратыўнага кіраваньня, адсутнасьць доступу да танных грошай і г.д. Адно з выйсьцяў з зачараванага кола — у прыцягненьні замежных інвэстыцыяў. Апроч матэрыяльнага боку, лічыць спадар Данейка, гэта і каштоўны досьвед для мясцовых прадпрымальнікаў. Яшчэ адзін інструмэнт паляпшэньня бізнэс-клімату — фармаваньне кансалтынгавай сыстэмы, стварэньне галіновых асацыяцыяў і зьяўленьне фондавага рынку, якога ў Беларусі няма як такога. І калі фінансавы і высокатэхналягічны сэктары яшчэ могуць ацаніць умовы для вядзеньня бізнэсу як адносна спрыяльныя, то іншыя пахваліцца падобным наўрад ці могуць.
ЗША вітаюць жаданьне Беларусі інтэгравацца ў глябальныя працэсы
Досьведам прадпрымальніцтва ў сябе на радзіме падзяліліся кіраўнікі дыпляматычных місіяў ЗША і Вялікай Брытаніі. Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд адзначыў, што разьмяшчэньне штаб-кватэры Ўсясьветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Вашынгтоне лішні раз падкрэсьлівае ролю Злучаных Штатаў у сучаснай эканоміцы, і вітаў жаданьне Беларусі інтэгравацца ў глябальныя працэсы. Як сказаў дыплямат, менавіта прадпрымальнікі ва ўсім сьвеце найперш ствараюць новыя працоўныя месцы і рухаюць наперад эканомікі сваіх дзяржаваў.
У сваю чаргу, амбасадар Вялікай Брытаніі Брус Бакнэл нагадаў, што ідэя ладзіць тыдні прадпрымальніцтва ўзьнікла 8 гадоў таму менавіта ў яго на радзіме, каб стымуляваць суайчыньнікаў займацца бізнэсам. Ён усьцешаны, што ініцыятыва здабыла падтрымку ва ўсім сьвеце, і выказаў перакананасьць, што для Беларусі таксама настаў час пераўтварэньняў — краіне трэба больш актыўных бізнэсоўцаў.