Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэйсбучная «літасьць» – неміласэрная і бессэнсоўная


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Калега напісаў у фэйсбуку:

«Усё міне і забудзецца, але тое, што ніводны з маіх сяброў у ФБ не змяніў аватарку з нагоды аб тэракце ў расейскім Airbus A321 рэйс 9268 – я буду памятаць. Жалость избирательна».

Пра што гэта? Пра тое, што калега будзе бязьлітасна памятаць кожнага, хто не зьмяніў аватарку? Гэта жарт? Ці ўсё настолькі сур’ёзна ў фэйсбуку, усё па гамбурскім рахунку, ня тое, што ў жыцьці? «Не зьмяніў аватарку»…

Пад пастом іншага калегі, які прызнае «рацыю Брэйвіка», ставяць лайкі людзі з тварамі, пакрытымі францускім сьцягам. Тыя, што такім чынам выказалі салідарнасьць (такі, здаецца, сэнс сьцягоў на аватарцы) з ахвярамі барбараў, ухваляюць адначасова само барбарства. Змагаюцца з мультыкультуралізмам. Адзіная тут магчымая лёгіка – дурная Эўропа заблукала ў сваіх талеранцыях і цяпер плаціць за гэта ахвярамі, а мы, разумныя, ёй, вядома ж, спачуваем, але каторы раз настойліва ўказваем на прычыну бяды – пара сканчаць з мультыкультуралізмам і, само сабой, з гей-парадамі ды іншымі непрымальнымі для нас рэчамі.

Фэйсбук поўны разваг і ўказаньняў, што рабіць і чаго не рабіць Эўропе. У кантэксьце гэта – безумоўнае прызнаньне за Эўропай ролі «перадавога атраду» цывілізацыі, бо ўсё, што ў сьвеце разьвіваецца, разьвіваецца там, мы толькі пераймаем, дый жывуць там ва ўсіх сэнсах лепей за іншых, за нас. Адсюль і наша «пристрастие». Эўропу крытыкуюць, бо «берагуць сабе», як мару, як будучыню для ўласнай краіны. Ніхто ж ня ўказвае Расеі, што ёй рабіць, апроч хіба пажаданьня разваліцца)). І ніхто не разважае над унутранай лёгікай «ісламскай дзяржавы» – як бы ёй трэба было сябе паводзіць, апроч хіба пажаданьня згінуць.

Гэтак калі ў цёмным завулку гопнік атакуе інтэлігента, ніхто не разважае пра паводзіны гопніка, усё й так ясна, затое інтэлігент пачуе мноства парадаў, як бараніцца і мноства абразаў, што гэтых парадаў не паслухаўся.

Толькі Эўропе нашы парады – ня больш за зьмененыя аватаркі. Па вялікім рахунку, Эўропа нясе за нас адказнасьць, а ня мы за яе. Гэта яна намагаецца разгледзець у нас інтэлігента і ўратаваць ад гопніка ў цёмным завулку, але бачыць часьцяком гопніка, які ў цёмным завулку натыкнуўся на іншага гопніка.

Насуперак прэсінгу гопніцкага рэжыму, Эўропа аказвае велізарную дапамогу незалежнай думцы і культуры ў Беларусі. А ў адказ атрымлівае літасьць на аватарках і гопніцкія ўказаньні, як ёй, Эўропе, жыць і што рабіць.

Яна будзе і жыць і рабіць тое, што заўсёды. Нічога не зьмянілася ў яе цывілізацыйным руху, які яшчэ ў 1921 годзе апісаў беларускі мысьляр Ігнат Абдзіраловіч. Тупіковыя шляхі разьвіцьця (камунізм, фашызм) Эўропа маргіналізуе (не зьнішчае), як лябараторныя прыклады няўдалых злучэньняў, адбіраючы для мэйнстрыму тое, што вядзе да разьвіцьця матэрыяльнага і інтэлектуальнага дабрабыту ўсіх. Часам ёй даводзіцца сплочваць за гэта большыя ахвяры, як у першую і другую сусьветныя войны, часам меншыя – ад тэрарызму. Але ўрэшце пазытыўны шлях перамагае і застаецца нязьменным.

Нічога не зьмянілася і ў характары апісанай Абдзіраловічам Расеі, якая абірае толькі адзін нейкі шлях, прычым няважна, пэрспэктыўны ці тупіковы, а ўсё іншае бязьлітасна зьнішчае, праз што любы пэрспэктыўны шлях таксама робіцца тупіковым.

Эўропа нясе ахвяры менавіта на шляху лепшага ўладкаваньня сьвету і ахвяры гэтыя спрычыняе ёй менавіта барбарства і гапата. Эўропа – гэта той інтэлігент, які навучаўся ў цёмным завулку ставіць гопніка на месца. І небеспасьпяхова. Так будзе і цяпер.

З намі што будзе – пытаньне. Пра гэта і варта было б раіцца-думаць.

Бо нашы «аватаркі літасьці» – неміласэрныя і бессэнсоўныя – застануцца ў сусьветным сеціве ў тым самым кошыку для сьмецьця, што і прызнаньне «рацыі Брэйвіка».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG