Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ленін без кантэксту. Як мы фармуем непрывабны вобраз Беларусі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Andrzej Poczobut бярэ ў кадар шэры бюст Леніна і дошку гонару на бруднаватым бэтоне заводзкай сьцяны, выстаўляе ў фэйсбук. І падпісвае па-польску, што вось, маўляў, Менск. Без тлумачэньня – проста Менск, Ленін і дошка гонару.

Калі б я быў палякам, які ніколі не наведваў Менск, я б моцна ўразіўся пагрозьлівай безнадзейнасьцю кадра. Я б пашкадаваў Менск, падумаў, што ён асуджаны на вечную шэрасьць бэтону, і што жыць там немагчыма.

Але я мянчук, і ведаю, што гэта вуліца Кастрычніцкая, што там адразу за дошкай гонару шыкоўныя графіці, і сама вуліца стала прыстанішчам сучаснай творчай моладзі, ня горшай за сваіх аднагодкаў у Польшчы ці Францыі. Ані паводле ведаў, ані паводле сьветагляду. На вуліцы месьціцца культурніцкая прастора «Цэх», у суседніх кавярнях ладзяцца выступы сучасных музычных выканаўцаў, дый на самой вуліцы пачалі ладзіць фэстывалі сучаснай культуры. І ў гэтым кантэксьце бюст Леніна з дошкай гонару выглядаюць камічна.

Прырода бярэ сваё. Носьбітаў сучаснай гарадзкой культуры ў Менску з кожным годам робіцца ўсё болей. Можна дыскутаваць, ці не за кошт адтоку маладых людзей зь іншых частак Беларусі? Ці не адбываецца масквізацыя краіны, калі ўсё лепшае канцэнтруецца толькі ў адным пункце?

У кожным разе для мяне факт відавочны: жыць у Менску робіцца лепей. Прынамсі тым, каго цікавіць штосьці большае за халадзільнік. Лепей – больш пляцовак сучаснай культурнай прасторы. «Больш?» – зьдзівіцца той самы паляк, які першы раз у Менску. Зьдзіўленьне госьця беларускай сталіцы мне будзе зразумелым. Калі параўнаць Варшаву і Менск.

Падобная па плошчы, колькасьці насельніцтва і нават месцамі архітэктуры Варшава мае ў тысячы разоў больш культурнай прасторы, чым Менск. Тым ня менш, гарады шмат у чым блізкія. Напрыклад, у вызначэньнях Віктара Марціновіча, сярод якіх асабіста мне важым падаецца наступнае: «Мінск і Варшава — месцы, дзе ўсё невідавочнае. Месцы, дзе ўсе сапраўдныя дыямэнты надзейна прыхаваныя. Іх немагчыма знайсьці, іх табе могуць толькі параіць». Як побач зь Леніным на Кастрычніцкай табе могуць параіць культурную прастору «Цэх», уваход у якую амаль незаўважны ў колішняй фабрычнай сьцяне.

Кантэкст, кантэкст і яшчэ раз кантэкст. Толькі так можна штосьці тлумачыць. Было 0, 001%, стала ў сто разоў болей – 0, 1%.

Кантэкст. Польскі госьць, які перад тым уразіўся здымкам майго прыяцеля, прыедзе ў Менск у бронекамізэльцы і касцы. Бо ён наглядзеўся пагрозьлівых суворых краявідаў. Ад розных людзей у розных СМІ. Леніны, дзяржынскія, амапаўцы, разгоны, затрыманьні. Гэта важная інфармацыя пра Беларусь. Безумоўна, сьвет мусіць ведаць, што тут у нас за рэжым такі. Але.

Вобраз краіны фармуем мы самі. Гэта мы даем іншаземцам уласнаручна адабраную інфармацыю. Гэта мы ствараем кантэкст. У дадзеным выпадку кантэкст краіны-ахвяры, якой і дапамагчы хочацца, і адвярнуцца, бо на гора доўга глядзець цяжка.

Я рэгулярна камунікую з рознымі іншаземцамі ў Менску. Гэта найперш журналісты і людзі мастацтва. Гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, са сфэры інтэлектуальных заняткаў. Іх пытаньні пра нашу краіну часам – нібы пра нейкі дзікі край. Кшталту, «а ці ёсьць у вас буцікі?» Бо чалавек нагледзеўся ў фэйсбуку, і едзе ў «бэтонную яміну камунізму», а пасьля паціху адкрывае для сябе куткі іншай рэальнасьці. Фасад – вуліца Карла Маркса. «О, ейку! Ды ў вас жа камунізм захаваўся!» Што ж, дарагая, Яланта, пройдземся па гэтай вуліцы. «Ах, мне тут часам Парыж нагадвае!»

Многім з нас падаецца, што на Захадзе цікавяцца толькі камунізмам і рэпрэсіямі, больш у краіне паказаць няма чаго.

Так, гэта парадокс, калі самыя дарагія кватэры гораду месьцяцца на вуліцы Камуністычнай. Гэты парадокс – наша беларуская адметнасьць. Дык давайце рэпрэзэнтаваць сябе больш аб'ёмна.

Артур Клінаў у свой час нялюбую многім сталінскую архітэктуру разгарнуў такім бокам, што цяпер гэта культурная ўнікальнасьць – «Горад Сонца»: «Мы прапануем гораду й краіне ідэю вялікага праекту, мэта якога — пераўтварэньне Менску ў адзін з найбуйнейшых у Эўропе турыстычных і культурных цэнтраў». Артур нават экскурсіі водзіць для замежных і айчынных турыстаў. Тыя ж усім знаёмыя краявіды, але які іншы кантэкст! Іншы ракурс, іншыя нюансы, іншыя акцэнты.

Як з тым Леніным і дошкай гонару на фотаздымку. Там жа побач на сьцяне засталіся малюнкі пасьля міжнароднага фэстывалю графіці. Вазьмі ў кадар, і Ленін адразу перастане быць шэрай пагрозай, а ператворыцца ў пэрсанажа анэкдотаў, ці проста ў недарэчнасьць.

Я часам ваджу экскурсіі для знаёмых замежнікаў па культурных асяродках Менску, і падкрэсьліваю кантэкст: асяродкі паўсталі насуперак неспрыяльным умовам. Таму ў нас іх хоць і меней, чым у Варшаве, затое «якасьць гарантаваная 100%».

Можа быць, калі-небудзь Менск зможа зацікавіць масавага турыста і нейкімі іншымі вабнотамі. А пакуль я кажу пра людзей мас-мэдыя і культуры, тых самых, хто фармуе ўяўленьне пра Беларусь у сваіх краінах.

І прашу, дарагія суайчыньнікі, не падсоўвайце, калі ласка, леніных без кантэксту! :)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG