Зроблены «яшчэ адзін крок да раскрыцьця прычын гібелі А321» у небе над Сінайскім паўвостравам. Такую выснову робіць карэспандэнт CNN пасьля прэс-канфэрэнцыі эгіпэцкіх уладаў у сувязі з катастрофай расейскага ляйнэра.
Прэсавая канфэрэнцыя, як чакалася, павінна была праводзіцца з удзелам эгіпэцкага і расейскага прадстаўнікоў. Аднак у апошні момант стала вядома, што адказваць на пытаньні будзе толькі кіраўнік эгіпэцкай камісіі па расьсьледаваньні катастрофы. Аль-Мукадам паведаміў, што крушэньне адбылося на 23-й хвіліне палёту пры працуючым аўтапілёце. Абломкі самалёта апынуліся раскіданыя на адлегласьці да 13 кілямэтраў, што «сьведчыць пра разбурэньне лайнэра ў паветры».
Раней тэлеканал France 2 са спасылкай на крыніцу ў сьледзтве паведаміў, што «чорная скрыня» пацярпелага крушэньне самалёта А321 запісала гук выбуху. На борце адбыўся выбух, не зьвязаны з выхадам рухавіка з ладу, сказаў суразмоўца тэлеканала.
Па дадзеных амэрыканскай і брытанскай выведак, прычынай крушэньня самалёта расейскай авіякампаніі «Кагалымавія», які разьбіўся 31 кастрычніка на Сінайскім паўвостраве, мог стаць тэракт.