Расейскія ўлады выказалі незадаволенасьць выказваньнямі прадстаўнікоў ЗША і Вялікабрытаніі аб тым, што расейскі авіяляйнер, які разьбіўся ў Эгіпце, магчыма, пацярпеў крушэньне ў выніку выбуху бомбы. Прадстаўнікі кампаніі «Кагалымавія», на чыім рэйсе самалёт А-321-200 разьбіўся на Сінайскім паўвостраве 31 кастрычніка, а таксама Эгіпет і Расея, публічна заявілі пра заўчаснасьць выказваньняў адносна прычын гібелі самалёта.
Крыніцы ў службах бясьпекі ЗША і Вялікабрытаніі, аднак, сьцьвярджаюць, што ў адпаведнасьці зь іх аналізам, верагоднай прычынай катастрофы зьяўляецца выбух бомбы. «Мы ня можам быць упэўнены, што расійскі авіяляйнер пацярпеў крушэньне з-за выбуху бомбы тэрарыстамі, але выглядае ўсё больш і больш верагодна, што менавіта гэта і адбылося,» — заявіў прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран.
Амэрыканская тэлекампанія Сі-Эн-Эн ў сераду прывяла выказваньні неназваных амэрыканскіх прадстаўнікоў выведкі, якія сьцьвярджаюць, што тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» ці яе філіялы падклалі бомбу на борт самалёта. Гэтая здагадка выклікала рэзкую незадаволенасьць з боку Масквы.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у тэлефоннай размова з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кэмэранам 5 лістапада заявіў, што варта абапірацца на афіцыйную інфармацыю пра расьсьледаваньне авіякатастрофы. Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава была «шакаваная тым, што, валодаючы інфармацыяй, якая можа праліць сьвятло на тое, што здарылася, Брытанія не перадала яе Расеі».