Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС рэкамэндуе беларусам адмяніць паездкі ў Эгіпет


Міністэрства замежных справаў Беларусі рэкамэндуе беларускім грамадзянам адмяніць на бліжэйшы час (да новых паведамленьняў) паездкі ў Эгіпет з турыстычнымі мэтамі.

Міністэрства замежных справаў Беларусі рэкамэндуе беларускім грамадзянам адмяніць на бліжэйшы час (да новых паведамленьняў) паездкі ў Эгіпет з турыстычнымі мэтамі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 7 лістапада паведамленьні зьнешнепалітычнага ведамства.

Такія рэкамэндацыі, як растлумачылі ў МЗС, зьвязаныя «з рашэньнем уладаў шэрагу дзяржаў аб часовым абмежаваньні авіязносінаў з турыстычнымі цэнтрамі Эгіпта, у прыватнасьці аб адмене авіяпералётаў у напрамку Эгіпта, а таксама арганізацыі плянавага і пазаплянавага вывазу турыстаў з гэтай краіны, улічваючы найперш узьніклы ажыятаж, тэхнічныя цяжкасьці і магчымыя праблемы з належным кантролем бясьпекі ў адпаведных эгіпэцкіх аэрапортах».

«МЗС Беларусі зьвяртае ўвагу на карэкціроўку палётнай праграмы расейскіх авіяперавозчыкаў у напрамку Эгіпта і рэкамэндуе ў кантакце з беларускімі турапэратарамі адсочваць магчымыя рашэньні „Белавія“ па адпаведных рэйсах з Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Адначасова МЗС зазначае захаваньне кантраляванай і ў цэлым бясьпечнай сытуацыі ў Эгіпце, уключаючы сталіцу дзяржавы Каір, для знаходжаньня з дзелавымі і іншымі мэтамі», — падкрэсьлілі ў зьнешнепалітычным ведамстве краіны.

Тым часам беларускія турысты па-ранейшаму ляцяць на адпачынак у Эгіпет з Менска чартэрнымі рэйсамі авіякампаніі «Белавія». Так, раніцай 7 лістапада ў Хургаду з Менска вылецелі два самалёты — у 8.10 і 8.55, сьведчыць таблё вылету «Белавія». Яшчэ адзін вылет у Хургаду заплянаваны 8 лістапада на 4.10 раніцы. У гэты ж дзень у 16.10 плянуецца вылет у Шарм-эш-Шэйх. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што пакуль ніякіх рашэньняў аб адмене палётаў на эгіпецкія курорты ўлады Беларусі не прынялі. Камэнтарыяў у сувязі з гэтым пакуль атрымаць не ўдалося.

Нагадаем, 6 лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пагадзіўся з рэкамэндацыяй дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава прыпыніць авіязносіны з Эгіптам да высьвятленьня прычынаў падзеньня А321 і даручыў ураду адпрацаваць мэханізмы рэалізацыі гэтых рэкамэндацый. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў пасьля пасяджэньня Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта. Раней шэраг заходніх СМІ паведамілі пра тое, што, як мяркуецца, прычынай падзеньня самалёта і гібелі 224 чалавек на яго борце магла стаць бомба, якая ўзарвалася.

Раней пра эвакуацыю грамадзян з курортнай зоны Эгіпта аб’явіла Вялікабрытанія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG