Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэформы ў Беларусі: ці ўздымуцца рынкавыя лібэралы над плянавымі кансэрватарамі?


На Кастрычніцкім эканамічным форуме
На Кастрычніцкім эканамічным форуме

Другі дзень Кастрычніцкага эканамічнага форуму пачаўся з форс-мажору. У мерапрыемстве ня здолеў паўдзельнічаць першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі.

Другі дзень Кастрычніцкага эканамічнага форуму пачаўся з форс-мажору: у сувязі з пашыранай нарадай Савету міністраў па праблемах эканомікі, якую якраз на сёньня заплянаваў Аляксандар Лукашэнка, ня здолеў паўдзельнічаць у мерапрыемстве першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі.

Праўда, даслаў ліст, напісаны залатымі літарамі, у якім падкрэсьліў важнасьць падобнай імпрэзы. Пасланьне зачытаў адзін з арганізатараў мерапрыемства, дырэктар дасьледчага цэнтру «Інстытут прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту» Аляксандар Чубрык:

«Кастрычніцкі форум можна лічыць адной зь вядучых і найбольш эфэктыўных пляцовак, дзе адкрыта абмяркоўваюцца выклікі, якія стаяць перад нашай краінай, і шляхі вырашэньня праблемаў, зь якімі сутыкаецца эканоміка Беларусі. Тэматыка канфэрэнцыі надзвычай актуальная: у цяперашніх умовах, калі рост усясьветнай эканомікі запавольваецца, партнэры па Эўразійскім эканамічным саюзе перажываюць цяжкія наступствы нізкіх коштаў на энэрганосьбіты, а нашы вытворцы сутыкаюцца з усё большай канкурэнцыяй, адаптацыя мадэлі эканамічнай палітыкі Беларусі да новай сытуацыі жыцьцёва неабходная. На парадку дня — комплекснае пераўтварэньне, макраэканамічная стабілізацыя, рэструктурызацыя сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў, зьмена сацыяльнай палітыкі, максымальнае прыцягненьне грамадзянаў у эканамічную актыўнасьць».

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык

У адсутнасьць першага віцэ-прэм’ера пачаць сёньняшняе паседжаньне выпала Часоваму Паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Скоту Роланду. Дыплямат павітаў удзельнікаў па-беларуску і запэўніў, што ягоная краіна і надалей будзе падтрымліваць высілкі дзеля рэфармаваньня беларускай эканомікі:

Скот Роланд
Скот Роланд

«Добрай раніцы, шаноўнае спадарства, рады вітаць вас на гэтым выдатным мерапрыемстве — Кастрычніцкім эканамічным форуме. Мне вельмі падабаецца слоган форуму — ураджай ідэяў для ўстойлівага разьвіцьця. Ужо трэці раз прадстаўнікі бізнэсу і дзяржаўных органаў, вядучыя нацыянальныя і міжнародныя экспэрты зьбіраюцца разам, каб абмеркаваць праблемныя пытаньні і пэрспэктывы эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Спадзяюся, што ідэі, выказаныя на гэтым форуме, лягуць у аснову наступных эканамічных рэформаў. Учора ўдзельнікі імпрэзы абмеркавалі глябальны і рэгіянальны кантэксты, якія ўплываюць на магчымасьці эканамічнага росту Беларусі. У прыватнасьці, гаварылі пра асноўныя тэндэнцыі і выклікі ўсясьветнай эканомікі, адметнасьці разьвіцьця пераходных эканомік, інстытуцыянальныя інавацыі і рэформы, якія спрыяюць эканамічнаму росту. Спадзяюся, сёньня ўдзельнікі прапануюць канкрэтныя шляхі трансфармацыі беларускай эканомікі, якая сутыкнулася з сур’ёзнымі глябальнымі выклікамі. Посьпех такой трансфармацыі магчымы толькі пры эфэктыўным узаемадзеяньні дзяржавы, бізнэс-супольнасьці і міжнародных арганізацыяў».

Бачаньне сытуацыі, у якую Беларусь трапіла на 25-м годзе сваёй незалежнасьці, агучыў прафэсар Марэк Дамброўскі. Без перабольшаньня, знакавая асоба для посткамуністычнага грамадзтва: «бацька» польскіх рэформаў, адзін з аўтараў праграмы макраэканамічнай стабілізацыі ў постсацыялістычным сьвеце, цяпер — старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE.

Марэк Дамброўскі
Марэк Дамброўскі

Ці можа Беларусь захавацца як анклаў нярынкавай эканомікі ў цэнтры Эўропы? Такім пытаньнем спадар Дамброўскі задаўся яшчэ на пачатку 2000-х, і праз паўтара дзясятка гадоў вымушаны зноў яго паўтарыць: чаму падобная мадэль існуе так доўга? І называе тры асноўныя прычыны, якім чынам Беларусі ўдалося закансэрвавацца ў сваім разьвіцьці:

«Па-першае, нядрэнныя стартавыя пазыцыі пасьля распаду СССР. Беларусь была самай багатай рэспублікай былога Саюзу, калі мець на ўвазе ўзровень ВУП на душу насельніцтва, таксама што тычыцца ўзроўню разьвіцьця тэхнічнай і сацыяльнай інфраструктуры, індэксу чалавечага разьвіцьця, які, несумненна, быў самы высокі ў СССР. З гледзішча структурных дыспарпорцыяў, перакосаў Беларусь у меншай ступені цярпела ад высокай долі, прыкладам, абароннай прамысловасьці, тут больш былі разьвітыя рынкавыя сэктары. Другая прычына — і яна на самой справе ўнікальная — у тым, што гэта адзіная посткамуністычная краіна, якая здолела захаваць інстытуцыянальны патэнцыял каманднай эканомікі. Тое, што звычайна называецца вэртыкальлю ўлады, але ня толькі ў адносінах да палітычнага кіраўніцтва, але і кіраваньня эканомікай. Трэці, найбольш відавочны фактар „застою“ — гэта падтрымка з боку Расеі. Нават ня столькі крэдыты, колькі льготныя цэны на нафту і газ».

Такім чынам, больш за два дзясяткі гадоў так званы «беларускі цуд» трымаўся збольшага на танных энэргарэсурсах, якія давала Расея ў абмен на ляяльнасьць з боку саюзьніка. Толькі пасьля таго, як ва ўмовах абвалу коштаў на нафту і заходніх санкцыяў за захопніцкую палітыку ва Ўкраіне быў удвая дэвальваваны расейскі рубель, яскрава выявілася ўся сутнасьць беларускай «эканамічнай бурбалкі».

Экспэрты сыходзяцца на думцы: на тле скарачэньня донарскай дапамогі з усходу беларускім уладам нічога не застанецца, як распачаць рэфармаваньне народнай гаспадаркі. Далейшыя датацыі для стратных сфэраў узмацняюць нагрузку на бюджэт і непазьбежна выклічуць ланцуговую рэакцыю: інфляцыю, дэвальвацыю, падзеньне ўзроўню жыцьця. Беларусь ужо не адзін год застаецца лідэрам у СНД што да паказьнікаў росту спажывецкіх коштаў і абясцэньваньня нацыянальнай валюты. Для краіны ў цэнтры Эўропы — лідэрства досыць сумнеўнае.

Намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Дзьмітры Калечыц у сваім выступе выказаўся за неабходнасьць структурных рэформаў у эканоміцы і заявіў, што прынамсі фінансавы рэгулятар дзеля гэтага робіць усё магчымае. На пачатку 2015 году, у які Беларусь увайшла ва ўмовах чарговай аднамомантавай дэвальвацыі, новае кіраўніцтва Нацбанку адмовілася ад адміністрацыйнага рэгуляваньня курсаўтварэньня і ўзяло на ўзбраеньне мэханізм так званага падвойнага аўкцыёну, калі кошт рубля вызначае рынак — зыходзячы з попыту і прапановы на біржы.

Такім чынам, адбыўся пераход на плаваючы валютны курс, і, як адзначыў выступоўца, вось ужо колькі часу ўдаецца трымацца ў калідоры 17000 рублёў за амэрыканскі даляр плюс-мінус 2%. Адзіным выключэньнем стала 10-працэнтнае аслабленьне рубля ў жніўні, але потым рубель зноў вярнуў страчаныя пазыцыі. Канкрэтныя задачы пастаўленыя і на наступны год:

На наступны год ставіцца задача не дапусьціць прыросту спажывецкіх коштаў звыш 12%

«На наступны год ставіцца задача не дапусьціць прыросту спажывецкіх коштаў звыш 12%, а па базавай інфляцыі — каб яна не перавысіла 9%. На паседжаньні Савету міністраў якраз абмяркоўваецца прагнозны сцэнар разьвіцьця краіны па ўсіх элемэнтах эканамічнай палітыкі — фіскальнай, грашова-крэдытнай. Гэтыя парамэтры закладзеныя ў наш прагноз і ёсьць мэтай на наступны год. Улічваючы эфэктыўнасьць праведзеных зьменаў, Нацбанк мае намер захаваць пераемнасьць падыходу да рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў выглядзе манэтарнага таргетаваньня. Мы лічым, што гэта дастаткова дакладная герархія мэтаў і задачаў, зразумелая для агентаў эканамічных адносінаў, якая павінна служыць разуменьню дзеяньняў Нацбанку і зьніжэньню інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканьняў. У 2016-м працягнецца рэалізацыя гнуткай курсавой палітыкі, якая прадугледжвае мінімізацыю валютных інтэрвэнцыяў Нацбанку на падставе попыту і прапановы на валютным рынку. Апэрацыйныя арыенціры захаваюцца ў выглядзе кошыка з трох замежных валютаў: расейскі рубель, даляр і эўра. Таргі будуць адбывацца ў рэжыме бесьперапыннага двайнога аўкцыёну — то бок тое, як апошнія 3–4 месяцы мы і рэалізуем».

На Кастрычніцкім эканамічным форуме
На Кастрычніцкім эканамічным форуме

Дзьмітры Калечыц заявіў, што будзе працягнуты курс на зьніжэньне далярызацыі эканомікі ўвогуле і дэпазытаў у банкаўскім сэктары ў прыватнасьці. Таксама выступоўца выказаўся за структурныя рэформы і падвышэньне канкурэнцыі на нацыянальным фінансавым рынку. З гэтай мэтай у банкаўскую сфэру будуць прыцягвацца вонкавыя інвэстыцыі, хоць яна і без таго сярод лідэраў прысутнасьці замежнага капіталу.

Імпэт калегі падтрымаў і першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Забароўскі. Свой выступ ён пачаў з таго, што за 10 дзён гэта ўжо трэцяя канфэрэнцыя, у якой ён бярэ ўдзел і якая тычыцца структурных рэформаў. А гэта значыць, што прынамсі паўстала неабходнасьць дыскусіі — куды рушыць нацыянальнай эканоміцы? Таму ведамства падрыхтавала адмысловую «дарожную мапу» задачаў на сярэднетэрміновую пэрспэктыву, якія трэба будзе выканаць у працэсе пераходу на рынкавыя рэйкі.

Падсумоўваючы жаданьне дзяржавы жыць па-новаму, экспэрты кажуць, што на месца традыцыйных пагрозаў прыходзяць іншыя выклікі. Дасьледчык Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру BEROC Зьміцер Крук лічыць, што цэлая група выклікаў зьвязаная адной прычынай — спадчынай мінулых памылак кансэрватыўнай часткі ўраду. З-за працяглага пэрыяду фінансавай нестабільнасьці, папулісцкіх рашэньняў у манэтарнай палітыцы ў папярэднія гады ў грамадзтве сфармаваўся стабільна высокі ўзровень інфляцыйных чаканьняў. Да таго ж за пэрыяды незаробленага дабрабыту сёньня даводзіцца расплочвацца нізкім узроўнем міжнародных рэзэрваў і высокім узроўнем дзяржаўнага доўгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG