Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голубеў: ВКЛ упісваецца ў беларускую дзяржаўную ідэалёгію


Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

У Беларусі 5 і 6 лістапада ўпершыню пройдзе маштабная канфэрэнцыя па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Упершыню на такім маштабным навуковым форуме зьявіцца магчымасьць разгледзець усе аспэкты гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Палітыка, эканоміка, культура — тры асноўныя вэктары дасьледаваньняў, пра якія плянуецца весьці гаворку. Удзел возьме больш як 140 навукоўцаў зь Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі. Толькі замежных дасьледчыкаў будзе больш як 40.

Адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, доктар гістарычных навук, загадчык аддзелу гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянцін Голубеў сказаў Свабодзе, што ў актуалізацыі тэмы ВКЛ на дзяржаўным узроўні няма палітычнай замовы, але вывучэньне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага сёньня адпавядае дзяржаўнай ідэалёгіі.

— Спадар Валянцін, чаму толькі цяпер гісторыкі зьбіраюцца, каб абмеркаваць ВКЛ як дзяржаву, дзе жылі беларусы? Якія былі перашкоды зрабіць гэта раней?

Цяпер на афіцыйным узроўні мы вяртаемся да прызнаньня таго, што Вялікае Княства Літоўскае ёсьць беларускай дзяржавай.

— Сапраўды, у Беларусі канфэрэнцыя па гісторыі ВКЛ ладзіцца ўпершыню. За гады незалежнасьці быў толькі круглы стол па гістарыяграфіі ВКЛ — у Гародні ў 2003 годзе. За часы савецкай улады гісторыя ВКЛ, па сутнасьці, не вывучалася. Калі нават і закраналіся тэмы, зьвязаныя з ВКЛ, то яны называліся як «Беларусь у такі і такі пэрыяд», але сама дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае — не называлася. Цяпер на афіцыйным узроўні мы вяртаемся да прызнаньня таго, што Вялікае Княства Літоўскае ёсьць беларускай дзяржавай. Спробы праводзіць навуковыя мерапрыемствы па гісторыі ВКЛ у Савецкім Саюзе спыняліся, не дазвалялася гэта рабіць з ідэалягічных прычынаў.

— Ці сьведчыць той факт, што дзяржаўная ўстанова, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, падымае тэму ВКЛ, пра жаданьне актуалізаваць тэму ВКЛ і атаясамліваць Беларусь з гэтым дзяржаўным утварэньнем, а не з усходнім суседам?

— Я б ня ставіў пытаньне пра тое, што калі дзяржаўная ўстанова займаецца Вялікім Княствам Літоўскім, то гэта абавязкова мае палітычны падтэкст. Інстытут гісторыі абавязаны займацца ўсімі аспэктамі гісторыі Беларусі і беларускага народу. Гісторыя ВКЛ — гэта вельмі важны і самы працяглы этап нашай гісторыі. І калі мы зьвярнуліся да яе, то гэта значыць, што сёньня ёсьць такая патрэба гістарычнай навукі. Па вялікім рахунку, пра сваю ролю ў Вялікім Княстве Літоўскім ужо даўно выказаліся і літоўцы, і палякі, і расейцы. І толькі беларусы заставаліся збоку, неяк абстрагавана глядзелі на гэтае дзяржаўнае ўтварэньне. Тут былі, вядома, і ідэалягічныя прычыны для гэтага. Але мы спадзяёмся, што сёньня ідэалёгія на навуку не паўплывае.

Пра сваю ролю ў ВКЛ ужо даўно выказаліся і літоўцы, і палякі, і расейцы. І толькі беларусы заставаліся збоку, неяк абстрагавана глядзелі на гэтае дзяржаўнае ўтварэньне.

— І ўсё ж ці ёсьць тут сацыяльная замова? Чаму менавіта цяпер ладзіцца такая канфэрэнцыя?

— Вывучэньне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ўпісваецца ў схему беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі. ВКЛ было той дзяржавай, дзе беларусы ажыцьцяўлялі сваю дзяржаўнасьць. Мы гэтага не адмаўляем. І калі канфэрэнцыя гэта яшчэ раз пацьвердзіць, гэта будзе на карысьць і ўладам, і людзям, і дзяржаве. Гэта не сацыяльная замова і не палітычная замова. Гэта акадэмічнае мерапрыемства, вынікі якога могуць быць выкарыстаныя ў тым ліку ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы Беларусі.

— На канфэрэнцыі будуць замежныя навукоўцы. У якіх краінах займаюцца вывучэньнем ВКЛ?

— Найбольш замежных навукоўцаў прыедзе з Польшчы. Таксама будуць зь Літвы, Украіны, Расеі, Малдовы, Чэхіі. Беларускія дасьледчыкі, якіх будзе, зразумела, найбольш, — гэта супрацоўнікі Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

— Якая асноўная мэта канфэрэнцыі? Ці варта чакаць нейкіх адкрыцьцяў?

Асноўная задача гэтай канфэрэнцыі — паглядзець на Вялікае Княства Літоўскае як на дзяржаву: у палітычным, эканамічным, сацыяльным, культурным аспэкце.

— Асноўная задача гэтай канфэрэнцыі — паглядзець на Вялікае Княства Літоўскае як на дзяржаву: у палітычным, эканамічным, сацыяльным, культурным аспэкце. Мы адыходзім ад фармулёўкі пытаньня «беларускія землі ў часы Вялікага Княства Літоўскага» ў бок «Вялікае Княства Літоўскае як дзяржава, і якім чынам рэалізоўваліся этнасы, якія ў яе ўваходзілі».

Пленарнае пасяджэньне распачнецца 5 лістапада а 10.00 у вялікай залі Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук.

Апошнім выступоўцам у першай частцы канфэрэнцыі стане лідэр гурту «Стары Ольса», дасьледчык старажытнай музыкі Зьміцер Сасноўскі. Тэма ягонага дакладу — «Творчае пераасэнсаваньне эўрапейскіх музычных уплываў у магнацкім і гарадзкім асяродзьдзі Вялікага Княства Літоўскага». Гэтае паведамленьне будзе адбывацца ў суправаджэньні музыкі гурту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG