Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зрабіць, каб беларусы перасталі езьдзіць за мяжу на закупы?


Падчас адкрыцьця новага гандлёвага цэнтру Galeria Jurowiecka ў Беластоку, які называюць «гіпэрмаркетам для беларусаў»
Падчас адкрыцьця новага гандлёвага цэнтру Galeria Jurowiecka ў Беластоку, які называюць «гіпэрмаркетам для беларусаў»

З аднаго боку, для беларусаў няма нічога дрэннага ад таго, што кава, пампэрсы ці джынсы купляюцца ў Польшчы ці Літве, але зь іншага — чаму беларусы не купляюць тое самае каля дома? Пра гэта Свабодзе распавялі эканамісты і простыя пакупнікі.

У Беластоку, што недалёка ад польска-беларускай мяжы, 24 кастрычніка адкрыўся гандлёвы цэнтар Galeria Jurowiecka. Пра яго кажуць няйначай як пра «гіпэрмаркет для беларусаў», дырэкцыя цэнтру праводзіць перамовы зь беларускімі перавозчыкамі і дае рэкляму ў беларускіх мэдыях — і першыя беларусы там ужо пабывалі. Беларус Ягор, які езьдзіць у Польшчу закупляцца раз на месяц, нядаўна пабываў у новым гандлёвым цэнтры і падзяліўся ўражаньнямі са Свабодай:

«Нічога такога, як спэцыяльныя тавары для беларусаў ці бясплатныя маршруткі зь Беларусі, там няма — ці яшчэ няма, ці і не плянуецца. Але было многа нашых суайчыньнікаў, калі меркаваць па мове, што чуў. Відаць, іх прывабіла проста адкрыцьцё нечага новага і абяцаныя зьніжкі, а ня нешта канкрэтнае „для Беларусі“. Расейскую мову прадаўцы там цудоўна разумеюць, беларускую тым больш. Адказваюць, натуральна, па-польску, але і мы разумеем іх. Наагул, беларусы за мяжой купляюць практычна ўсё. Я купляю ў асноўным тэхніку і адзеньне для сям’і. У маім разуменьні менавіта гэтыя тавары там таньнейшыя. Але назіраў часта людзей, якія куплялі, вы не паверыце, бульбу!»

Ягор лічыць, што ў паездках «на закупы» асноўны матыў — ніжэйшыя цэны і магчымасьць вярнуць падатак на дададзеную вартасьць. Але адзначае, што такія паездкі могуць быць адпачынкам: прыемна прагуляцца па горадзе, зайсьці ў кавярню. Тым ня менш ён не адмовіўся б закупляцца і беларускімі таварамі — пры пэўных умовах:

«Калі б у Беларусі зьмяніліся цэны і падвысілася якасьць... Ну, і разнастайнасьць асартымэнту, таму што большасьць прадпрыемстваў у нас рэдка мадэрнізуе лініі, мяняе калекцыі. Таму ў нас усё досыць аднастайна».

У паездках «на закупы» няма нічога благога ні для беларусаў, ні для беларускай эканомікі, мяркуе дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія», эканаміст і палітоляг Леанід Заіка.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Гэта вынік мэтанакіраванай стратэгіі Аляксандра Рыгоравіча па „падвышэньні ўзроўню жыцьця беларусаў“. Краіна маленькая, чатыры з паловай мільёны занятых, краіна закрытая, мае састарэлае высокае мыта на імпарт. Мы легкавыя аўтамабілі не вырабляем, але маем мыта на іх. А Польшча ў пяць раз большая, польская эканоміка працуе як эканоміка попыту і прапановы, таму па параўнальных выдатках мае перавагу ў два разы. Але пасьля дэвальвацыі расейскага рубля шмат якія групы тавараў сталі ў Расеі таньнейшыя, чым у Польшчы. Таму цяпер Беларусь у цікавай сытуацыі.

Я б наагул паставіў проста на мяжы вялікі супэрмаркет, каб не перасякаў мяжы беларус, а заходзіў праз турнікет, купляў тавары і выходзіў, а з польскага боку завозіліся тавары

І гэта нармальна. Я б наагул паставіў проста на мяжы вялікі супэрмаркет, каб не перасякаў мяжы беларус, а заходзіў праз турнікет, купляў тавары і выходзіў, а з польскага боку завозіліся тавары. А то займаемся нейкай лухтой, візы даем... А людзі езьдзяць, каб ператварыць свае пяцьсот даляраў на пакупкі там у гатовую тысячу даляраў спажывецкіх дабротаў тут. Гэта яшчэ якая выгада! Бесталковыя людзі, што сядзяць ва ўрадзе, яны малаадукаваныя! Гэта павялічвае ВУП, калі лічыць па мэтадзе плыні прыбыткаў.

Іншая рэч, што беларус купляе там тавары, якія ў самой Беларусі дарагія — дык у нас гэтыя тавары выкідаюць, у выніку беспрацоўе, плачуць дырэктары, прэзыдэнт ня можа адказаць на пытаньне рабочых, „доколе?“. Таму для захаваньня ўлады карыстаюцца рэжымам высокіх мытных абмежаваньняў. Гэта чыста палітычнае наступства няўмеласьці. Што ж, дзякуй прэзыдэнту, што ўмацоўвае беларуска-польскія міжасабовыя стасункі».

«Гіпэрмаркет для беларусаў» у 300-тысячным Беластоку
«Гіпэрмаркет для беларусаў» у 300-тысячным Беластоку

Для тых, каму цяжка самастойна выяжджаць «на закупы», у інтэрнэце багата абвестак кшталту «Прывязу з Польшчы любыя тавары». Адну з такіх абвестак дала Кацярына. Яна распавядае Свабодзе, што для яе гэта ня пошук прыбытку, а магчымасьць акупіць уласную дарогу, і дарогу ня самую прыемную:

«Еду сама купляць тое, што ў нас дорага. А ў Польшчы таньнейшае ўсё. Але ж вельмі ня хочацца езьдзіць у Польшчу, стаяць на мяжы па дзевяць-дванаццаць гадзін у чарзе! Я б лепей дома той час зь дзіцёнкам праседзела. Пасьля таго як збудавала сабе дом, трэба было купіць тэхніку: сьвяцільнікі, ракавіны і ўсё астатняе. Але там я купіла ўсё за тыя грошы, за якія я б тут не купіла нічога! Мо адну рэч тут за тыя грошы, за якія там тры! Ці лекі — што ў нас купіш пачак, там чатыры за тую цану купіш. А абвестка — калі раптам мне пашанцуе каму што купіць, то гэта каб аплаціць, скажам, страхоўку на машыну. Зарабіць грошы — ніякай такой думкі няма».

Жанчына адзначае, што цана — не адзінае, што вядзе яе «на закупы». Хоць беларускі халадзільнік «Атлант» прыйшоўся ёй даспадобы і па цане, і па якасьці, але так бывае далёка не з усімі таварамі, якія можна здабыць у Беларусі:

Выпадкова аднойчы мужу купіла майку нашага „Сьвітанку“ — ніколі б не паверыла, што гэта „Сьвітанак“. Чыста выпадкова ў краму трапіў экспартны варыянт

«Мо трэба ў нас зрабіць вялікія крамы, як там, зрабіць акцыі і зьніжкі, як там. А то ў нас пратэрмінаваныя тавары ляжаць на прылаўках, а там такога не бывае, бо калі што, даюць меншую цану, і людзі купляюць тое, што магло б у іншым разе сапсавацца. Джынсы тыя ж пад сваю фігуру я тут рэдка дзе магу набыць, такія выкрайкі. Учора набыла тут сабе паліто берасьцейскага дызайнэра — хоць якасьць мне вельмі спадабалася, цана вельмі высокая, вельмі-вельмі дорага, за мяжой было б таньней. І калі браць мясную прадукцыю, там цэны ніжэйшыя. Выпадкова аднойчы мужу купіла нашага „Сьвітанку“ майку — ніколі б не паверыла, што гэта „Сьвітанак“. Чыста выпадкова ў краму трапіў экспартны варыянт. Прыяжджаеш у „Мілавіцу“ — чамусьці „Мілавіца“ наша прадаецца ў Расеі таньней, а мадэлі лепшыя. Чаму? Хто накручвае ў нас, дзе гэта асядае — добрае пытаньне, праўда?»

Такую сытуацыю для краіны, якая жорстка рэгулюе сваю эканоміку, лічыць натуральнай кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Канкурэнцыя ў Польшчы значна большая, таму і маржа прыбытку, якую ўключаюць у цану розьнічныя сеткі, значна ніжэйшая. Прыватны гандаль у Польшчы можа арыентавацца на закупы тавараў гуртам і рэгуляваць цэны. Многія чыньнікі вядуць да таго, што ў Беларусі зь яе алігапалістычнымі практыкамі нават у розьнічных сетках цэны шалёныя. „Савок“ ёсьць „савок“. Адным загадам можна скасаваць палітычную сыстэму і перайсьці ў рэжым палітычнай і эканамічнай свабоды.

У краіне, дзе ёсьць міністэрства гандлю, ня могуць быць нармальныя цэны. Могуць быць толькі манапалістычныя ці алігапалістычныя цэны. А людзі ў нас яшчэ вераць у тое, што вялікая дзяржава, „Левіятан“, можа кіравацца інтарэсам дабрабыту чалавека, што ёсьць нейкая магічная формула, якая дазволіць абараніць чалавека ад крыважэрных капіталістаў, прадпрымальнікаў. А наша сыстэма бароніць інтарэсы намэнклятуры і манапалістаў. Калі беларусы пачнуць думаць у катэгорыях рэальнага жыцьця, рэальных цэнаў, а не прапаганды, тады прад’явяць запыт уладзе, чаму пераплочваюць нават за ежу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG