Беларусы па-ранейшаму актыўна езьдзяць у Польшчу на закупы. Паводле польскіх мытных службаў, за першы квартал сёлета грамадзяне Беларусі патрацілі на тавары ў Польшчы больш як 90 мільёнаў даляраў.
На памежным пераходзе «Брузгі — Кузьніца», што за 18 кілямэтраў ад Горадні, чэргі здараюцца часьцей за ўсё ў выходныя дні. У будні на мяжы цішэй. Спадар, зь якім я тут разгаварыўся, скардзіцца, што ў выходны з раніцы мусіць стаяць па некалькі гадзін, бо едуць адусюль — і зь Менскай вобласьці, і зь Віцебскай, і нават з Магілёўскай:
«Усё роўна падоўгу стаім тут у гэтых чэргах, і прычым у выходныя пастаянна. Там калі на зялёным канале, можа, і пуста, то на чырвоным забіваецца і нас не пускаюць. А што мы можам толькі раз на восем дзён езьдзіць...»
Побач у аўта дзьве спадарыні, яны кажуць, што езьдзяць два-тры разы на тыдзень у Польшчу, бо ў іх машына на газе, абмежаваньняў няма, і кожны раз чарга на чырвоным канале ёсьць. Яны апавядаюць, што ўсе іх знаёмыя імкнуцца езьдзіць у Польшчу, бо гэта значны дадатак для сямейнага бюджэту. Спадарыні ня маюць працы, возяць тавары на заказ, а таксама для сябе.
Першая спадарыня: «Ну, пэрыядычна недзе падпрацоўваем, але цяпер наагул няма працы, і даводзіцца толькі езьдзіць у Польшчу. Бо за два мільёны не пражывеш».
Другая спадарыня: «Мы яшчэ і харчы сабе ўсе там купляем, бо там значна ўсё таньнейшае. І дапамога для сям’і гэта значная, бо ўсё таньней купляем. А ў нас кошты ўжо папросту невыносныя, а заробкі...»
Карэспандэнт: «З кожным годам правілы перавозу тавараў на мяжы ўскладняюцца. Як вы думаеце, далей нешта будзе мяняцца да лепшага?»
Спадарыня: «Ды будуць прыціскаць, бо з кожным годам усё горш і горш. Я толькі не магу зразумець, што яны ўсё ціснуць, бо зь Беларусі ўжо ніхто нічога не вязе, кошты на бэнзін і салярку ў Польшчы амаль такія самыя, як у нас. Гэта яны спэцыяльна ўсё тут прыдумляюць, каб людзям было складаней езьдзіць».
Яшчэ дзьве спадарыні едуць у Польшчу з малымі дзеткамі. Аказалася, што яны таксама ня маюць працы. Раней гандлявалі на рынку, але гэта стала нявыгадна. Даводзіцца зарабляць хоць на паездках у Польшчу.
Спадарыня: «Дый сабе нешта купіць, і дзецям нешта купіць, ну, адзеньне, абутак. Я раней гандлявала дзіцячым, але гэта настолькі ўсё прыкрылі... А гандляваць беларускім няма сэнсу, бо на яго няма попыту. А вось такі тавар, больш модны, як у Польшчы, у нас ёсьць, але ён настолькі дарагі...»
Карэспандэнт: «Значыцца, у нейкім сэнсе вас гэтыя паездкі ратуюць...»
Усё роўна мне выгадней заплаціць за візу і за страхоўку на машыну і паехаць купіць там нейкія рэчы і харчы, чым гэта зрабіць у нас
Спадарыня: «Канечне, віза на закупы нас вельмі ратуе, прычым рэальна. Усё роўна мне выгадней заплаціць за візу і за страхоўку на машыну і паехаць купіць там нейкія рэчы і харчы, чым гэта зрабіць у нас. Я вязу адтуль усё, нават хлеб і макарону. У нас, дарэчы, макарону зь цьвёрдых гатункаў пшаніцы не прадаюць, за выключэньнем некаторых крамаў. А там яна ёсьць паўсюль. Нядаўна прывозіла на заказ суседзям бытавую тэхніку. Мы яе размытнялі, але ўсё роўна гэта выгадней, чым купляць у нас. А яшчэ яна розьніцца зборкай: расейская зборка прыкметна саступае той, што ў Эўропе».
Цікаўлюся ў спадарынь — ці не спрабавалі яны недзе дома знайсьці добрую працу, з годным заробкам, каб ня трэба было езьдзіць на закупы ў Польшчу, стаяць у чэргах?
Першая спадарыня: «Ну вось мы маладыя спэцыялісты з вышэйшай адукацыяй. У нас хутка сканчаецца дэкрэтны адпачынак, а куды выходзіць на працу — невядома. Паўсюль сядзяць пэнсіянэры, іх нікуды ня зрушыш, бо яны моцна зачапіліся за свае месцы, іх ня выгнаць. Вось мне зараз выходзіць на працу, я скончыла аграрную ВНУ, але па сваёй спэцыяльнасьці ўладкавацца не змагу, а ісьці на іншыя пасады зарабляць капейкі — не хачу, бо навошта я тады столькі часу вучылася? Ісьці некаму скардзіцца, думаю, бессэнсоўна».
Другая спадарыня: «А я спрабавала пайсьці працаваць па спэцыяльнасьці, знайшла працу, але заробак быў настолькі малы, што стала нявыгадна езьдзіць на працу за 30 кілямэтраў».
Да нашае размовы далучаецца спадар і кажа, што стаяць і стаяць яшчэ беларусам у самых розных чэргах, і добра, што хоць у памежным рэгіёне людзей ратуюць паездкі ў Польшчу па танныя харчы і рэчы.
Спадар: «Бо ніякіх вялікіх зьменаў у нашай краіне я не назіраю, каб нешта рабілася, каб нешта зьмянялася да лепшага. Калі б у людзей павялічваўся заробак, калі б зьмяняліся цэны ў лепшы бок... Але гэтага нічога не назіраецца, а наадварот. Людзі працуюць, а становішча толькі пагаршаецца, усё болей нейкага перасьледу, усе запалоханыя, баяцца страціць працу. А ўлады гэта выкарыстоўваюць, бо бачаць, што чалавек баіцца, і зьмяншаюць яму заробак. А людзі нічога ня кажуць. Вось адзінае, з чаго яшчэ можна жыць, — паехаць у Польшчу».