Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі гей пра сьмерць Пішчэўскага: «Хто наступная ахвяра?»


Закандаўства адноста правоў геяў. Чырвоным колерам пазначаны краіны, дзе дазволеныя шлюбы, аранжавым — грамадзянскія саюзы, жоўтым — дзе ёсьць антыдыскрымінацыйныя законы, зялёным — дзе правы геяў не абароненыя, сінім — дзе аднаполае каханьне караецца
Закандаўства адноста правоў геяў. Чырвоным колерам пазначаны краіны, дзе дазволеныя шлюбы, аранжавым — грамадзянскія саюзы, жоўтым — дзе ёсьць антыдыскрымінацыйныя законы, зялёным — дзе правы геяў не абароненыя, сінім — дзе аднаполае каханьне караецца

«Кожны чалавек мае неад’емнае права на жыцьцё, шчасьце і каханьне», — кажа гей з Магілёва. На ягоную думку, беларускае грамадзтва становіцца больш агрэсіўным. Некаторым яго прадстаўнікам патрэбныя ахвяры, каб сьцьвердзіцца. Сёньня аб’ектам іхных нападаў сталі прадстаўнікі сэксуальнай меншасьці. Заўтра ахвярай могуць зрабіцца іншыя мяншыні.

Суразмоўца, малады мужчына, не хавае, што шакаваны сьмерцю Міхаіла Пішчэўскага і абставінамі, якія прывялі да гэтага:

«Міхаіл нікому нічога кепскага не зрабіў, за што яго гэтак?»

Зь Пішчэўскім суразмоўца асабіста ня быў знаёмы. Ён лічыць: грамадзтва будзе больш талерантным, калі кожны чалавек пачне мяняцца і станавіцца больш цярпімым да таго, што іншыя не падобныя адзін да аднаго. Пакуль жа да гэтага далёка, кажа гей з Магілёва:

«Мне складана сказаць, хто тут вінаваты: улада ці грамадзтва. Добра хоць бы тое, што злачынцу абвінавацілі. Гэта безумоўны плюс у нашай сытуацыі. За мяжою, у Эўропе ўсё б было іначай. Але трэба думаць пра будучыню, што трэба зрабіць, каб такіх сытуацыяў у нас не было.

Вялікі плюс, што незалежныя СМІ пачалі шмат увагі аддаваць гэтаму пытаньню і, у прыватнасьці, сытуацыі зь Міхаілам Пішчэўскім. Хоць бы нейкая частка чытачоў ды слухачоў незалежных СМІ пасьля такіх навінаў зробіць нейкія высновы для сябе і пачне думаць крыху інакш».

Ці на карысьць такая адкрытасьць? Мо найлепей не казаць пра гэтую праблему? Мо публікацыі больш бяды наробяць людзям так званай «нетрадыцыйнай арыентацыі»?

«Кожны мае выбіраць для сябе больш зручную пазыцыю. Некаму камфортней адчуваць сябе больш закрытым. А некаму няёмка, каб не расказаць сваім сябрам, ён бяз гэтага не адчувае поўнага жыцьця.

Нельга выключаць тых людзей, якія хочуць жыць адкрыта. Тых, якія хочуць жыць аднаполавым, няхай грамадзянскім, шлюбам. Трэба паважаць правы кожнага чалавека на гэта. Імкнуцца да таго, каб кожны быў шчасьлівы, нягледзячы на свае асаблівасьці».

Трэба імкнуцца да таго, каб кожны быў шчасьлівы, нягледзячы на свае асаблівасьці

Стаўленьне да сэксуальных меншасьцяў, лічыць гей з Магілёва, непарыўна зьвязанае з падзеньнем агульнага культурнага ўзроўню людзей, залішняй агрэсіяй у іх.

— Калі гадоў дзесяць таму на вуліцах было меней гэтак званых гопнікаў, то цяпер іх становіцца ўсё болей. Хочацца ж, наадварот, бачыць больш культурнае, талерантнае грамадзтва.

Цяпер прынята спачатку не давяраць чалавеку, а потым разьбірацца, ці можна яму давяраць. Кожны лічыць, што так, як ён жыве, жыць абсалютна правільна. Але тут няма правільнага ці няправільнага. Ёсьць толькі правы чалавека на асабістае шчасьце, каханьне, жыцьцё і ўчынкі. Калі Міхаіл пайшоў адпачываць у клюб, ён жа нічога кепскага не рабіў. Наколькі я ведаю, ён быў чалавекам неканфліктным і добрым.

— Вось гэтыя гопнікі, як вы сказалі, — ім абавязкова патрэбная ахвяра, каб самасьцьвердзіцца, і таму яны знаходзяць гэтую ахвяру сярод тых, хто не падобны да іх?

— Ім ахвяра ў любым разе неабходная. Пытаньне толькі ў тым, хто будзе гэтай ахвярай. То бок сёньня яны могуць пабачыць чалавека зь вясёлкавым шалікам і зьбіць яго, а заўтра — убачаць рудавалосага хлопца-габрэя. Хто стане іх наступнай ахвярай — непрадказальна. ЛГБТ — гэта толькі маленькая сацыяльная частка тых, хто можа стаць ахвярай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG